
Себасцян Андраюк (справа )і Аляксандр Чабатарэўскі ў Цэнтры сучасных мастацтваў
Па прызнанні спадара Себасцьяна, за чатыры гады, што тут не быў, у краіне ўсё стала яшчэ больш прыгожым: “З’явіліся новыя гатэлі, рэстараны, гандлёвыя цэнтры. Аэрапорт і вакзал набылі больш сучасны выгляд. Заўважыў шмат надпісаў па-беларуску на вуліцах, кнігарнях, камерцыйных цэнтрах. Ёсць назвы і па-англійску — не заблукаеш”.Мы звязаліся з ім, калі госць быў ужо за акіянам. Себасцьян піша: “Паехаць у Беларусь было маёй ініцыятывай, вялікую дапамогу аказала Амбасада Беларусі ў Аргенціне. Я хацеў як мага больш даведацца пра экспартны патэнцыял краіны. А найлепш пабачыць усё на свае вочы. І я глядзеў, слухаў, а яшчэ расказваў пра ўругвайскі бізнес... Як гаворыцца, наладжваў масты. Я — пасярэднік, сувязное звяно паміж Уругваем і Беларуссю. Добра ведаю сваю краіну, але ўсім сэрцам люблю радзіму продкаў. Хачу, каб паміж гэтымі землямі, што знаходзяцца на розных кантынентах, было больш агульных інтарэсаў, у тым ліку ў бізнесе і эканоміцы”.

Ёсць сярод абавязкаў Консула — і пошук супляменнікаў. Менавіта тых, хто мае беларускія родавыя карані. Дарэчы, асобнай беларускай арганізацыі ва Уругваі ніколі не было, як і ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі. Беларусы, рускія, украінцы, палякі разам стваралі суполкі. Дагэтуль працуюць Культурны цэнтр імя Максіма Горкага ў Монтэвідэа, славянская суполка ў Сан-Хаўеры, што ў дэпартаменце Рыа-Негра. На маё пытанне, колькі ва Уругваі цяпер беларусаў, спадар Себасцьян адказвае: “Пытанне на мільён даляраў! І ніхто адказу не ведае. Але і мне яно спакою не дае... З беларусамі ўсталёўваем сувязі праз сацсеткі, па тэлефоне, па пошце і запрашаем зарэгістравацца ў нас у консульстве, каб стварыць базу супляменнікаў, іх дзяцей і ўнукаў. Вялікая праца! І яна дае плён. Мая першая мэта — зарэгістраваць 50 чалавек, затым 100. А далей... У нас ёсць дзве старонкі ў інтэрнэце: “Консульства” і “Беларусы Уругвая”. На іх выкладваем відэа, фота беларускіх абрадаў і традыцый. Пішам пра нацыянальныя святы, адзенне, а таксама пра сучасных спартсменаў, мастакоў, навукоўцаў, падаем навіны штодзённага жыцця ў Беларусі. А ў 2017-м плануем правесці Першую сустрэчу землякоў-беларусаў Уругвая”.

Спадар Себасцьян піша ў рэдакцыю, што быў вельмі блізкі з дзядулем, Рыгорам Кірылавічам Андраюком, які родам з вёскі Баршчова: гэта Камянецкі раён Брэстчыны. Шмат распытваў таго пра родныя мясціны, сям’ю. Сёння ж любоў да Беларусі, да культуры, традыцый продкаў “узрошчвае” ў сваіх дзецях: “Мы глядзім беларускае тэлебачанне па інтэрнэце, сочым за нацыянальнай камандай па футболе. У маёй 4-гадовай дачкі ёсць свая “вышыванка”, а ў 7-гадовага сына — майка з колерамі беларускага сцяга. Дзеці вельмі ганарацца тым, што іх бацька — беларускі консул. Аднойчы сын у школе намаляваў дом, а ля яго — чырвона-зялёны сцяг. Пасля расказваў настаўніцы і аднакласнікам пра краіну, адкуль у 1929 годзе прыехаў яго прадзядуля. Думаю, мае дзеці ніколі не забудуць, што яны — беларусы”.
Кацярына Мядзведская