НГ-віктарына. Адкажы, што такое Крамбамбуля, і выйграй вячэру на дваіх!

Віктарына ад “Народнай газеты” для нераўнадушных краязнаўцаў і... аматараў нацыянальнай кухні. Дзякуем вам, дарагія чытачы. Атрымалі першыя лісты з адказамі на першы тур віктарыны! Вы, як заўсёды, паказалі, што ўмееце здзіўляць. Гэта ж не проста адказы. Гэта сапраўдныя жамчужынкі, якія сведчаць і пра ваш талент, і пра любоў да сваёй радзімы. Вы не проста пазначылі ў сваіх адказах а, б ці в, але даслалі такія разгорнутыя цікавыя адказы, пры гэтым так маляўніча іх аформілі. Малайцы!

Сёння вы маеце магчымасць праверыць вашы адказы на першы тур віктарыны і падумаць над пытаннямі трэцяга. Спадзяюся, вы памятаеце, што наша віктарына дазволіць вам не толькі бліжэй пазнаёміцца з фіналістамі нашага праекта, але і смачна паесці. Пераможцу чакае вячэра на дваіх у кавярні “Хутарок” у беларускім народным стылі.,

Адказы на пытанні І тура: 1) Якія дрэвы пераважаюць у Белавежскай пушчы? Б) Сосны 2) Як з’явіліся Браслаўскія азёры? В) У выніку таяння ледавіка 3) Хто першы натрапіў на брагінскі метэарыт? А) Мясцовыя сяляне 4) За кошт чаго ў Каложскай царкве ствараецца выдатная акустыка? А) У сцены храма ўмураваны глечыкі 5) Куды была вывезена з Нясвіжскага палаца багатая бібліятэка Радзівілаў? Б) У Пецярбург 6) Вядома, у Шклоўскай Ратушы размяшчаліся гандлёвыя рады. Колькі крам там магло змясціцца? В) Больш за сто

 Бонус-пытанне ад шэф-повара рэстарана “Хутарок”:

Адкуль пайшла назва вядомай беларускай стравы верашчака?

Народная этымалогія выводзіць назву ад шыпення, якое зыходзіць ад каўбасы падчас гатавання. Але, вядома, назва стравы, хутчэй, паходзіць ад прозвішча славутага кухмістра Верашчакі, які служыў пры двары караля Аўгуста ІІІ у Варшаве і прыдумаў адмысловы спосаб падавання каўбасы: каўбаса, якая падавалася “на верашчаку”, рэзалася ў талерцы, перакладвалася кавалкамі сала і палівалася вострай падлівай.

Пытанні III тура:

1) Колькі будавалі Камянецкую вежу?

А) 2—3 гады Б) 8—10 гадоў В) Каля 20 гадоў

2) Якая алея закладзена каля касцёла ў вёсцы Мосар?

А) Алея Праўды Б) Алея Раскаяння В) Алея Цвярозасці

3) Мілаградская культура — гэта культура, пры якой насельніцтва перайшло да вытворчасці і апрацоўкі на тэрыторыі Беларусі...

А) Каменю Б) Жалеза В) Медзі

4) Вядома, у канцы ХІХ стагоддзя гарадскія ўлады пачалі разбіраць Лідскі замак для адбудовы горада. Хто прыпыніў гэты вандалізм?

А) Мясцовыя жыхары Б) Імператарская камісія з Пецярбурга В) Сам Аляксандр III

5) Па версіі сайта Vilage of Joy Нацыянальная бібліятэка ўваходзіць у ТОП-50...

А) Самых вялікіх будынкаў свету Б) Самых незвычайных будынкаў свету В) Самых “шкляных” будынкаў свету

6) Што ў савецкія часы размяшчалася ў палацы пана Булгака ў Жылічах?

А) Саўгас-тэхнікум Б) Склад В) Інтэрнат

Бонус-пытанне ад шэф-повара кавярні “Хутарок”:

Што такое крамбабуля?

Адказы прымаюцца на працягу двух тыдняў пасля апублікавання пытанняў. Дасылайце іх на адрас рэдакцыі з пазнакай “Сем цудаў Беларусі”.

 Чакаем вашых лістоў!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter