НГ-кнiгарня: бiблiятэка аднаго чытача

Кніга пахне дабрынёй Кастрючин В.А. Сказки лесной полянки. — Мн.: Книжный Дом, 2006. — 64 с., ил. — (Сказки). У апошнія гады імя Валерыя Кастручына, які доўгі час працаваў у газеце "Зорька" (зараз — у часопісе "Качели"), стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Дакладней, адкрыццём стала яго простая ясная проза, адрасаваная дзецям. Фактычна — самаму юнаму чытачу. Перачытаў яго дваццацігадовай даўнасці кнігу "Чудесные острова" (у свой час выдавецтва "Юнацтва" выдала яе тыражом 125 тысяч экземпляраў), патрапіла мне на вочы яго кніжка "Казкі лясной палянкі", якая пабачыла свет у Кіеве ў адной серыі з дзіцячымі творамі Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко, Уладзіміра Самойленкі. І зараз вось новая сустрэча — кніга на рускай мове "Сказки лесной полянки".

Сабраныя разам захапляльныя  казачныя гісторыі ствараюць уражанне прысутнасці ў адмысловым свеце, дзе гаспадарамі выступаюць мядзведзь Міхаіл і сойка Луша, мышаня Юлька і  вавёрка Рэнка, заяц Пулька і цецярук Цярэнцій... Два тэатры, дзе галоўным рэжысёрам працуе пісьменнік Валерый Кастручын, сыходзяцца разам — тэатр казкі і тэатр жывой прыроды. І вы можаце патрапіць у гэты дзіўны сімпатычны свет. Нават білеты не трэба купляць, варта толькі перагарнуць старонкі кнігі "Сказки лесной полянки", ілюстрацыі да якой, між іншым зрабілі таленавітыя мастакі Ірына  і Уладзімір Пуставалавы.

Паэзія не для лёгкага чытання
Сыс А. Лён: выбраныя творы/ Анатоль Сыс. Мінск: Кнігазбор. 2006. —  436 с.
Пасля таго, як паэт сыходзіць ў нябыт, аказваецца, што пра многія рэчы, якія агучваліся ў адносінах да яго,  і гаварыць няма сэнсу. Таму ў некаторай ступені наіўнымі падаюцца інтэрв`ю з Анатолем Сысам, якімі (але і яны — памятка часу і дакумент грамадскай думкі вакол паэзіі і паэтаў) дапоўнена кніга яго спадчыны. Галоўнае ўсё ж — гэта вершы. Адкрытыя  і разам з тым багатыя на падтэкст, якія невядома адкуль прыйшлі і, відаць, надоўга застануцца з беларускім чытачом. І яркая прадмова да кнігі "Сэрцаграмы Сыса"  яшчэ раз у гэтым пераконвае. Дзе і чытаем: "Сысава паэзія   апякае, як расплаўленая магма. Схаладнелыя пачуцці і словы ў паэтавым сэрцы дасягалі градуса кіпення — не, не стоградусавага ўзвару, а плаўлення жалезнай магмы! Каб затым у варатку натхнення гартаваліся і насычаліся моцай на вечнае жыццё вершы..."
Вострыя, працінаючыя душу і сэрца вершы Анатоля Сыса — паэзія не для лёгкага чытання.
Але ж — сапраўдная паэзія...

Голас  і рэха душы
Гальпяровіч Н.Я. Гэта ўсё для цябе: вершы, мініяцюры, навелы/ Навум Гальпяровіч. —  Мн.: Маст. літ., 2006. — 238 с.
Мне не раз даводзілася чуць вершы Навума Гальпяровіча ў выкананні самога аўтара. Таленавіты радыёжурналіст, сапраўдны творца, які на адлегласці адчувае свайго слухача, гатовы весці з ім бясконцы свабодны маналог, ён  паэзію чытае разняволена, лёгка. І нават неяк празрыста, прабачце за такое фізічнае вымярэнне. Чытанне Навума Гальпяровіча прыцягвае, магнетызуе. А мяне асабіста пасля і падштурхоўвае вярнуцца  да знаёмых ужо яго кніг. Нядаўна "Мастацкая літаратура"  прадставіла чытачу лепшае з напісанага паэтам за гады творчай дзейнасці, выдаўшы кнігу вершаў, мініяцюр, навел Навума Гальпяровіча "Гэта ўсё для цябе". Паэзію ў гэтым салідным томе вы ніяк не абміняце. Але я хацеў бы вылучыць празаічныя памкненні літаратара. І, безумоўна, адзначыць, што ў дадзеным выпадку паяднанне паэзіі і прозы падаецца досыць натуральным і лагічным. Навелы  і мініяцюры  таленавітага майстра, прабачце за штамп, чытаюцца на адным дыханні. У прозе пісьменнік не меней адкрыты, не меней гранічна шчыры, чым у паэзіі. Навум Гальпяровіч тонка і досыць эстэтычна, жыццёва  ўзважана піша пра нацыяльныя пытанні, пра родную беларускую мову, пра любімы ім Полацк. Чытаеш — і адразу цягне ўслед за аўтарам перакінуцца ў часы яго дзяцінства, юнацтва. Прыгожае, узважанае слова вядзе ў Полацк, вядзе да Сафійкі... "І зноў над вежамі Сафійкі / Закружыць белы снег..."

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter