НГ-кнігарня: бібліятэка аднаго чытача

Рубрыку вядзе дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва” пісьменнік Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

“...Пераступі праз немагчымасць шчасця!” Бельскі,А.І.
Галасы і вобразы: літ.-крыт. артыкулы/ А.І.Бельскі. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2008. — 288 с.: іл.
Алесь Бельскі — літаратурны крытык, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, кнігі якога, жадаючы вывучаць сучасную беларускую літаратуру, проста нельга не чытаць. Новы зборнік дасведчанага вучонага “Галасы і вобразы” толькі што пабачыў свет. Літаратурна-крытычныя артыкулы, творчыя партрэты, агляды, рэцэнзіі — Алесь Бельскі вядзе рознажанравы дыялог з чытачом пра многія здабыткі беларускага прыгожага пісьменства ў ХХ стагоддзі. Краявіды ў паэзіі Адама Міцкевіча параўноўвае з увагай Уладзіміра Караткевіча да прыроды. Разглядае пейзаж у прозе Івана Навуменкі. А якія цёплыя, прыязныя да мастацкага слова артыкулы сабраны ў раздзеле “Родныя вобразы”!..: “Вобраз зерня і жыта як увасабленне паэтычнай канцэпцыі быцця беларусаў”, “Вобраз дрэва ў беларускай паэзіі”, “Вобраз- сімвал сонца ў паэзіі Максіма Танка”, “Матыў цішыні ў беларускай паэзіі”...
Сёння, здараецца, чытач, безапеляцыйна выносіць прысуд: “Няма нічога новага ў беларускай літаратуры!..” Зазірніце хаця б у артыкул “Неадлучная ад традыцый”, дзе Алесь Бельскі аглядае беларускую паэзію пачатку XXI стагоддзя на старонках часопіса “Маладосць”. Безліч імёнаў!..
Першае каханне, прыгоды, фантастыкаі рэаліі
Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца: аповесці/ укладальнік М.Н.Мінзер. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2008. — 176 с.: іл.
Адсутнасць арыгінальнай мастацкай літаратуры, адрасаванай падлеткам, — як на мой прыватны погляд, і ёсць адна з прычын, што ў маладога чалавека парасткі жадання адкрыць беларускую кнігу досыць кволыя. У апошнія паўтара-два гады пэўны прарыў у гэтым кірунку імкнецца зрабіць часопіс “Маладосць”. Летась з яго старонак да чытача прыйшлі адразу тры аповесці, тэматычна, адрасна скіраваныя перш-наперш хлопчыкам і дзяўчынкам, школьнікам сярэдняга ўзросту. Гэта — “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца” Алеся Бадака, “Казімір — сын Ягайлы + Насця з 8 “б” = (НАМАЛЯВАНА РАЗБІТАЕ СТРАЛОЮ СЭРЦА)” Раісы Баравіковай (так, княскі сын сустракаецца з дзяўчынкай з нашых часоў, а далей — каханне, якое не могуць спыніць ні межы, ні часы, нават калі яны вымяраюцца стагоддзямі) і “Пакланюся Перуну, памалюся Вялесу” Алеся Наварыча. Цяпер тры творы выдавецтва сабрала ў адну кнігу. Назва невялікага томіка , якім “Літаратура і Мастацтва” прадаўжае серыю “Пераходны ўзрост”, — па згаданай аповесці Алеся Бадака — “Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца”. Розныя і разам з тым блізкія творы. Вельмі прыцягальныя, здольныя заінтрыгаваць ужо першымі старонкамі, аповесці доказна сцвярджаюць: у Беларусі ёсць літаратура для падлеткаў і пра падлеткаў!
Калі кветкі былі людзьміРублеўская, Л.І.
Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны: Для дзяцей сярэдняга шк.узросту/ Людміла Рублеўская; Маст. М.Р. Казлоў, Н.У.Сустава. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2008. —120 с.: іл.
“Жыве бабуля Юстына на хутары, на самым ускрайку лесу. А гадоў ёй , напэўна, столькі ж, колькі самай старой сасне ў гэтым лесе. Бо памятае бабуля такія даўнія часіны, калі кветкі былі людзьмі, а людзі ўмелі размаўляць з дрэвамі і птушкамі. Ці было ад гэтага шчаслівей людзям, дрэвам і птушкам — невядома...” Хаця ў чытача кнігі казак, “падслуханых” Людмілай Рублеўскай на хутары Юстыны, ёсць шанц даведацца пра шчасце і трывогу, пазнаць перажыванні і адкрыць сонечныя імгненні радасцяў жыцця. Паслухаць казачныя аповеды, сабраныя пад адной вокладкай, я параіў бы як дзецям, так і дарослым. А яшчэ кніга Людмілы Рублеўскай “Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны” ілюстравана лепшымі кніжнымі мастакамі краіны — Мікалаем Казловым і Наталляй Суставай. Няма сумненняў, што казкі дапамогуць дзецям стаць добрымі знаўцамі роднай прыроды, а іх сэрцы напоўняцца спагадай не толькі да казачных герояў, але і да жывога свету бабуліных зёлак і красак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter