“НГ”— кнігарня: бібліятэка аднаго чытача

Яшчэ адно сцвярджэнне Беларусі Мяснікоў, А.Ф.Сто асоб беларускай гісторыі: гістарычныя партрэты/ Анатоль Мяснікоў. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — 344 с.: іл.

Кандыдат гістарычных навук Анатоль Мяснікоў прапануе ўвазе чытачоў адмысловае выкладанне гісторыі нашай Айчыны. Літаратар расказвае пра Беларусь праз лёсы знакамітых сыноў і дачок. Пад адной вокладкай у ёмістым фаліянце “Сто асоб беларускай гісторыі” сабраны гістарычныя  партрэты ўладароў і асветнікаў, гісторыкаў і дойлідаў, пісьменнікаў і мастакоў, музыкаў і акцёраў, навукоўцаў і военачальнікаў... Рагвалод, Тур, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, Міндоўг, Гедымін, Ягайла... Следам за персанажам з сівой мінуўшчыны чытач мае магчымасць пазнаёміцца з больш блізкімі да нас па часе суайчыннікамі — Ігнатам Буйніцкім, Яўхімам Карскім, Мітрафанам Доўнар-Запольскім, Іванам Замоціным, Аляксандрам Уласавым, Уладзімірам Пічэтам, Усеваладам Ігнатоўскім... Ва ўступным слове да чытачоў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя заўважае наступнае: “Прываблівае ў кнізе і гістарычная дакладнасць падзей, дакументальнасць часу і вызначальнасць лёсаў герояў. Аўтар тонка адчувае ход гістарычных момантаў і сітуацыі, глыбока пранікае ў пласты гісторыі, робіць абгрунтаванні. Ён не навязвае свае пазіцыі, а дае чытачу “ежу” для роздуму, аналізу, уласных ацэнак і высноў. Анатоль Мяснікоў не робіць, так бы мовіць, і літаратурна-гістарычную “пераатэстацыю” імёнаў, спраў і здзяйсненняў герояў, а падае іх у справе, дынаміцы, руху. У выніку ж кніга зноў і зноў пераконвае: толькі сапраўдныя справы і здзяйсненні застаюцца “на плыву”, не ідуць у “запаснік”, не знікаюць у гістарычнай памяці бясследна і назаўсёды.

Якуб Колас вучыць дзяцей

Колас, Я.
Другое чытанне  для дзяцей беларусаў: апавяданні, вершы, байкі, казкі (Якуб Колас, прад.І.М.Саматаі; падрыхт. тэкстаў Т.Р. Строевай,
маст. С.І. Чарановіч. — Мінск: Маст. літ., 2007. — 182 с.: іл.

Шмат гадоў назад Якуб Колас успамінаў: “Байкі Крылова падараваў мне дзядзька Антось. Як ён дагадзіў мне!.. Праз некаторы час у маёй пастуховай торбе з’явіўся Пушкін. Як я чытаў яго! Наўзахапкі і шкадуючы, пакідаючы на заўтра. Умацую кнігу дзе-небудзь у развіліне дрэва, у расошцы, і стаю ці танцую перад ёю, як перад абразом або перад люстэркам. Чытаю-чытаю, аж пакуль не вывучу старонку на памяць. Тады перагарну і бяруся за другую”. Магія чытання, зачараванасць словам дапамаглі юнаму Кастусю Міцкевічу здзейсніцца як геніяльнаму мастаку, паспрыялі развіццю дадзенага звышталенту. Захапленне кніжным словам, асэнсаванне ролі літаратуры ў адукацыі, асвеце падштурхнулі маладога літаратара да стварэння своеасаблівага падручніка для беларускіх дзяцей. Існавалі, праўда, ужо “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” і “Першае чытанне для дзетак беларусаў” Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Якуб Колас стварае і выдае “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”. Услед за выхадам кнігі з рэцэнзіяй на яе выступае Сяргей Палуян: “Якуб Колас — вядомы беларускі паэт, былы народны настаўнік. І тое, і другое ўплывала на яго кніжку, бо і складзена яна адпаведна патрабаванням педагогікі і прываблівае сваёй паэтычнасцю. Акрамя таго, мае ў сабе і асноўныя прыкметы Коласа — яго народнасць і патрыятызм”.
Выдавецтва “Мастацкая літаратура” ўзнавіла кнігу-помнік. Тэкст адаптаваны да сучаснага правапісу. Хаця асаблівасці тагачаснай мовы Якуба Коласа захаваны. “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” — кніга, адкрыць якую сваім унукам памаглі б дзядулі і бабулі.

На мове сапраўднасці

Дашына, Я.І.
Графіці на сэрцы:  вершы (Ярына Дашына. — Мінск: Литература и Искусство, 2007. — 128 с.: іл.

Ярына Дашына — паэтэса з Брэста — даўно друкуецца ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы. І неяк нават не верылася, што ў таленавітага аўтара няма асобнай кнігі. Але ж якраз так яно і было... Цяпер, на шчасце, ёсць кніга ў Ярыны Дашынай. Ёсць кніга яе вершаў “Графіці на сэрцы” ў цікаўнага да беларускай паэзіі чытача. Накладам 1200 асобнікаў вершаваны зборнік бібліятэкара з Брэста выдала мінскае выдавецтва “Літаратура і Мастацтва”. Каменціраваць паэзію (тым болей — коратка, лаканічна) — справа няўдзячная. Спяшаюся заўважыць, як мне падаецца, галоўнае: прадстаўленыя Ярынай Дашынай мастацкія, эстэтычныя і разам з тым жыццёвыя адкрыцці ідуць ад сэрца, вызначаюцца гранічнай шчырасцю. Леанід Галубовіч, які напісаў уступнае слова да зборніка, выказаўся на гэты конт наступным чынам: “На перападах высокага духоўнага ўздыму і глыбокага псіхалагізму і паўстае сутнасная аснова паэзіі Ярыны Дашынай. Яна не для лёгкага чытання і нячыстай красы. Але вызнаўшы і засвоіўшы яе, як пераменны стан уласнай душы, у рэшце рэшт нават пераборлівы чытач становіцца спагадным і ўдзячлівым прыхільнікам яе неардынарнай творчасці”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter