“НГ” — кнігарня: бібліятэка аднаго чытача

Нябесных зорак служка Мазго, У.М.Анёл нябесны / Уладзімір Мазго. — Мінск, 2007. — 128 с.Уладзімір Мазго даўно і настойліва працуе ў беларускай паэзіі. Але болей вядомы як паэт-песеннік, як аўтар вершаваных кніг, адрасаваных дзецям. Памятаеце такія песні, дзе гучыць: “Варажба, варажба — / І надзея, і журба. / Варажбой, варажбой/ заварожана табой”; “Хто на мора, / Хто на Вячу, / Ну а дачнікі — / На дачу./ Хто на Вячу, / А я на дачу: / Веру я ў сваю удачу!..”; “Бацькоўская хата, бацькоўская хата/ У снах маіх птушкай лунае крылатай. / Здалёку і зблізку , здалёку і зблізку/ Вітаю яе — маёй долі калыску.” ; “— Ах , Алесь, Алесь! Да мяне не лезь, / Адчапіся ад мяне — ты гарачы ўвесь./ Запалаю я — пакахаю я, / А ў цябе раўніва жонка і ў мяне сям’я!..”

Новая кніга Уладзіміра Мазго — “Анёл нябесны” , выдадзеная ТАА “Харвест” у серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”. У паэтычным зборніку тры раздзелы — “Калі палае зарапад”, “Мелодыі душы”, “Вясёлы карагод”. Паэт трымае перад чытачом  своеасаблівую справаздачу, лічы, за паўтара дзесятка гадоў творчай работы. Папярэдняя кніга лірыкі У. Мазго “Марафон” пабачыла свет у 1992 годзе. Праўда, вершаваныя зборнікі, адрасаваныя дзецям, выдаваліся часцей: у 1989-м — “Калі страчаюцца маланкі”, у 1994-м — “Суседзі па сусвеце”, у 1999-м — “Смехапад”, у 2002-м — “Прыгоды марахода”. Але ж лірыка, Яе Вялікасць Лірыка...Відавочна, што Уладзімір Мазго засумаваў па чытачу. А чытач адкрывае ў кнізе “Анёл нябесны” новага для сябе паэта Уладзіміра Мазго.
У полымі жыцця
Гніламёдаў, У.В.
Расія/ Уладзімір Гніламёдаў. — Мінск, 2007. — 672 с.
Размова ў рамане вядомага літаратуразнаўца Уладзі-міра Гніламёдава “Расія” — пра бежанцаў 1915 года. Сярод тых, каго Першая імперыялістычная вайна змусіла выправіцца з роднай Берасцейшчыны на ўсход, — Лявон Кужаль і яго землякі. У Расіі і знаходзіліся яны падчас рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, у гады скрухі, разбурэнняў, мяцяжоў, паўстанняў. Што прываблівае ў рамане перш-наперш? Пісьменнік  уважлівы да многіх дэталяў, каларыту , асаблівасцяў эпохі, якую апісвае . Такія творы звычайна называюць мастацкім дакументам часу. ...Лявон Кужаль напрыканцы рамана разважае: “А можа б, і я правільна зрабіў бы, калі б кінуўся ў полымя рэвалюцыі? Можа, гэта была б і мая дарога? Скуранку б насіў, прамовы гаварыў, камандаваў бы! Што я — не ведаю, што да чаго? У Запалонным , праўда, было шмат жорсткасці і чэрствасці. Але ж Андрэй Кляновік іншы, ён не падобны на тых запалонаўскіх чэкістаў і бальшавікоў. У ім, апроч абавязку, ёсць і жаданне зразумець чалавека і паспрыяць яму. А сам я які? Таксама ж не святы...” І далей, крыху павагаўшыся, прыходзіць да думкі: “Не, браце, лепш ужо быць самім сабой. Май мужнасць не зайдросціць  і пражыць сваё жыццё!..” Пра землякоў, якія заставаліся самімі сабой, і піша сваю спавядальную прозу Уладзімір Гніламёдаў.
Вяртанне ў вайну
Дзятлаў, А.
Над безданню: раман/ Алесь Дзятлаў. — Мінск: Кніга-збор, 2007. — 240с.
Адказнасць чалавека перад грамадствам, Сусветам і перад роднымі, блізкімі — пра гэту асобу-адзінку заўсёды асабліва абвострана прымушаюць задумацца часы надзвычайных выпрабаванняў. Як у нашай папярэдняй  гісторыі — вайна, гады палітычных рэпрэсій. Празаік Алесь Дзятлаў прапануе ўвазе чытачоў свой новы твор  (хаця напісаны ён яшчэ напачатку 1990-х) — раман “Над безданню”. Пісьменнік расказвае пра 1940—1944 гады, пра сям’ю настаўніка Кавальчука. Спярша пад каток рэпрэсій трапляе Мікалай Кавальчук. На пачатку вайны ён выпадкова аказваецца свабодным. Ідзе ў партызаны. На акупіраванай тэрыторыі пакутуюць яго жонка, дзеці. Пашчасціла. Выжылі ўсе. Мікалай на колькі дзён прыходзіць дадому. І ў роднай вёсцы яго зноў арыштоўваюць нкусаўцы. Складзены з болі, трывогі, напоўнены плачам і жальбай раман Алеся Дзятлава ўзрушвае, становіцца эмацыянальным чытаннем жыцця нашых папярэднікаў.
І вось што яшчэ нельга не сказаць пра кнігу. Аўтар рамана “Над безданню” — з асаблівай кагорты пісьменнікаў, сапраўдных, тых, хто надзвычай чуйныя да слова. Чытаць кожную старонку напісанага ім — асаблівая асалода, насычэнне родным словам, шырокай прасторай роднай беларускай мовы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter