НГ-кнігарня: бібліятэка аднаго чытача

Рубрыку вядзе дырэктар РВУ “Літаратура і Мастацтва” пісьменнік Алесь Карлюкевіч
Рубрыку вядзе дырэктар РВУ “Літаратура і Мастацтва” пісьменнік Алесь Карлюкевіч Мастацкае падарожжа па Францыі — з нашымі суайчыннікамі

Борис Носик, Валерий Жерлицин. Русские художники в эмиграции/ Серия “Другая родина”. — СПб.: Издательство “АРТ”, 2007. — 560 с.: цв. вкл.
Кніга, з якой даўно хацеў пазнаёміцца, трапіла да мяне зусім неспадзявана — з ласкі мінскага паэта Юрыя Сапажкова, які на літаратурным конкурсе ў Лондане атрымаў яе ад аднаго з аўтараў. Размова пра грунтоўны, шматабсяжны даследчыцкі фаліянт “Рускія мастакі ў эміграцыі” Барыса Носіка і Валерыя Жэрліцына. У падзагалоўку: “Пра жыццё і творчасць рускіх мастакоў за мяжою — з дадаткам карысных звестак для аматараў жывапісу, турыстаў і калекцыянераў”. Сярод герояў багата ілюстраванай кнігі — і нашы знакамітыя землякі Хаім Суцін і Марк Шагал. А яшчэ аўтары адкрываюць малавядомыя ў Беларусі імёны майстроў выяўленчага мастацтва — скульптара і графіка Восіпа Цадкіна (дзяцінства яго ў пачатку мінулага стагоддзя прайшло ў Віцебску), жывапісца Савелія Сорына (нарадзіўся ў Полацку ў 1878 годзе), скульптара Паўла Крэменя (нарадзіўся на Гарадзеншчыне, у Жалудку ў 1890 годзе). Дарэчы, і ў самога Барыса Носіка — беларускія карані. Пісьменнік праз сваіх блізкіх прашчураў (многія з іх расстраляны ў час фашысцкай навалы) звязаны з радзімай Хаіма Суціна — мястэчкам Смілавічы.
А перш-наперш кнігу Барыса Носіка я параіў бы прачытаць усім, хто збіраецца ў падарожжа ў Парыж, Францыю альбо марыць пра такую паездку. Кніга Б. Носіка і В. Жэрліцына з серыі “Другая радзіма” — выдатны турыстычны гід для ўсіх, хто цікавіцца выяўленчым мастацтвам. Тым больш, што чытача з Беларусі чакаюць сустрэчы з расповедам пра творчасць мастакоў-землякоў, якія ў эміграцыі ўсё ж лічацца рускімі скульптарамі, жывапісцамі, графікамі.

...У шчырай сыноўняй любві!

Бачыла, А. М. Радзіма мая дарагая: вершы, эсэ/ Алесь Бачыла. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2009. — 192 с.
Вядомасць Алеся Бачылы, паэта, які прыйшоў у беларускую літаратуру адразу з дарог Вялікай Айчыннай, і сёння лунае ў шырокай прасторы дзякуючы яшчэ і песні “Радзіма мая дарагая” — “Радзіма мая дарагая, / Ты ў шчасці жаданым жыві./ Я сэрцам табе прысягаю/ У шчырай сыноўняй любві!” Новае выданне вершаў і прозы пісьменніка так і называецца — “Радзіма мая дарагая”. Поруч з яго лепшымі паэтычнымі радкамі змешчана эсэ “Дарогамі Максіма”. Яно неаднойчы друкавалася раней і заўжды мела прыхільнасць чытачоў. У сваіх даследніцкіх памкненнях Алесь Бачыла зрабіў падарожжа па многіх мясцінах, якія звязаны з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча. Раю ўсім, хто шануе роднае беларускае слова, уважліва ўчытацца ў расповед пра класіка айчыннай літаратуры. Эсэ — гэта ўсё ж такі погляд паэта на творчасць, асобу свайго папярэдніка, гэта выразная спроба падказаць чытачу, у чым жа ёсць, у чым выяўляецца сапраўднасць паэзіі.
Кнігай Алеся Бачылы “Радзіма мая дарагая” выдавецтва “Літаратура і Мастацтва” працягвае традыцыю паэтычнага кнігавыдання. Нагадаю, што за апошні час пабачылі свет вершаваныя зборнікі “Залатое жыта” (лепшае з творчай спадчыны Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна, Анатоля Сербантовіча), “Трохперсце” (яркія мастацкія адкрыцці і вобразы Міхася Рудкоўскага, Алеся Каско, Міколы Пракаповіча), Ніны Мацяш “У прыгаршчы ветру” ды яшчэ шэрагу беларускіх паэтаў. Чытайце паэзію — і ваш погляд на жыццё і неба, на зямлю і зоркі будзе шматкрат шырэйшым і багацейшым!

Да вытокаў горада Барысава

Тышкевич, Е.П. Описание Борисовского уезда. Борисов: Борисовская укрупненная типография, 2008. — 148 с.
Здараецца, што такія выданні ўвогуле застаюцца кнігамі “для ўнутранага карыстання” ў межах той мясцовасці, якой прысвечаны. На работу Яўстафія Тышкевіча “Апісанне Барысаўскага павета” шмат разоў спасылаліся беларускія гісторыкі, краязнаўцы. І не толькі ў стасунках з разглядам тэмы Барысава і яго ваколіц. А спасылаліся, карыстаючыся арыгіналам працы, выдадзенай у 1847 годзе ў Вільні на польскай мове. Зараз грунтоўнае даследаванне лічыцца бібліяграфічнай рэдкасцю і можа трапіць на вочы хіба што самым настойлівымі шукальнікам гістарычнай даўніны. Энтузіясты з Барысава на чале з вядомым краязнаўцам Жаннай Гілевіч падрыхтавалі і выдалі ў перакладзе на рускую мову гістарычную частку кнігі “Апісанне Барысаўскага павета”. Пераклад належыць Чэславу Пухальскаму (1930—1997). Каментарыі да тэкста падрыхтаваў настаўнік гісторыі беларускай гімназіі № 2 горада Барысава Анатоль Савіч. Значную работу па рэдагаванню перакладу зрабіла настаўніца польскай мовы Наталля Паваротная. Наклад кнігі — усяго толькі 150 асобнікаў. Але пачатак пакладзены. З далейшых клопатаў, якія, несумненна, краязнаўцы Барысава адолеюць, — поўнае выданне работы пачынальніка беларускай археалогіі Я.Тышкевіча, з улікам этнаграфічнай часткі і, канешне ж, больш масавым тыражом.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter