НГ-кнігарня: бібліятэка аднаго чытача

Рубрыку вядзе дырэктар РВУ “Літаратура і Мастацтва” пісьменнік Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Вітанне з Масквы
От Скорины до Купалы. Белорусская литература в контексте национально-культурного возрождения. А.К. Кавко. — М.: ИМЛИ им. А.М. Горького РАН, 2006. — 288 с.
Аляксей Канстанцінавіч Каўка — наш зямляк, вучоны-літаратуразнаўца, дыпламат, гісторык, скарыназнаўца. Нарадзіўся на Чэрвеньшчыне. Доўгія гады жыве і працуе ў Маскве. Ініцыятар многіх цікавых грамадскіх, культурна-асветніцкіх праектаў. І ў Маскве, і ў Мінску выпускаў альманах “Скарыніч”, які  займеў нямала чытачоў і прыхільнікаў.
Толькі зараз, на вялікі жаль, патрапіла да мяне выдадзеная яшчэ ў 2006 годзе кніга Аляксея Каўкі “Ад Скарыны да Купалы. Беларуская літаратура ў кантэксце нацыянальна-культурнага адраджэння”. “Родная мова, нацыянальная ідэнтычнасць, духоўная асвета — такія асноўныя апорныя кропкі і лініі шматвекавога развіцця беларускай культуры, крыніцы крышталізацыі нацыянальнай ідэі гэтага народа. Ідэі, якая родніць і кансалідуе ў агульным літаратурным працэсе творчыя сілы Беларусі — мацерыковай і яе замежнага адгалінавання, якое часткаю таксама прадстаўлена ў дадзенай рабоце...” — піша А.Каўка ў прадмове да зборніка, знаёмства з якім, несумненна, падштурхне да многіх разваг не толькі пра Скарыну і Купалу, іх месца ў вечнасці, але і пра лёс нацыянальнай літаратуры ўвогуле.
Радкі, абпаленыя вайной
Афганское эхо: сборник стихов. Григорий Соколовский. — Минск: Литература и Искусство, 2009. — 192 с.
“Скажу шчыра: напісаць такія вершы мог толькі чалавек, які пабываў на той вайне, які ўбачыў і спазнаў яе суровыя законы. І гэта сапраўды так. Службу палкоўніка Сакалоўскага абпалілі і гарачыя вятры Гіндукуша і, канешне ж, полымя афганскай вайны. Прачытаў гэтыя вершы, а рукі ізноў цягнуцца да кнігі, хочацца нешта выпісаць сабе ў блакнот, нешта вывучыць на памяць, параіць прачытаць таварышу”, — піша ў прадмове да кнігі вершаў паэта Рыгора Сакалоўскага “Афганскае рэха” старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі генерал-лейтэнант Мікалай Чаргінец.
Напісаныя ў розныя гады, паэтычныя радкі пра “Афган”, лёсы воінаў-інтэрнацыяналістаў не могуць не хваляваць. Як мне асабіста падаецца, ці не найгалоўнейшая прычына прыцягнення, увагі да гэтых твораў — усведамленне таго, што аўтарам напісанае, выказанае перажыта, пройдзена, асэнсавана праз уласны вопыт.
Кніга “Афганскае рэха” дапаўняе тую бібліятэку кніг паэзіі і прозы пра вайну “за рэчкай”, пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, аўтарамі якой з’яўляюцца беларускія пісьменнікі і журналісты Мікалай Чаргінец (яго раман “Сыны” вытрымаў нямала выданняў, меў шырокі розгалас), Аляксандр Сакалоў, Алег Буркін, Барыс Налівайка, Рыгор Саланец...
З верай у шчырасць дзяцінства
День первой встречи.  Иван Сабило. — Минск, 2009. — 604 с.
У мінскім выдавецтве “Харвест” у серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” выдадзены ёмісты том прозы рускага літаратара Івана Сабілы “Дзень першай сустрэчы”. І хаця аўтар жыве ў Маскве, кніга гэтая зусім невыпадкова выйшла ў Беларусі пад знакам цяпер ужо аўтарытэтнага творчага і кнігавыдавецкага праекта творчага саюза і выдавецтва “Харвест”. Іван Сабіла нарадзіўся ў Мінску ў 1940 годзе. Рана пачаў пісаць вершы. Першая публікацыя — у часопісе “Нёман” у 1964 годзе. А першая кніга пабачыла свет у 1977 годзе ў Ленінградзе, дзе аўтар і пражыў амаль паўвека. У “мінскую” кнігу Івана Сабілы ўвайшлі ўжо і раней вядомыя чытачу творы, а таксама старонкі новай прозы нашага земляка. Што вылучае напісанае, прымушае быць уважлівым да кнігі “Дзень першай сустрэчы”? Той асаблівы акцэнт, з якім празаік расказвае пра дзяцей, іх месца сярод дарослых. Таму, відавочна, кніга ў аднолькавай ступені адрасавана і даросламу, і юнаму чытачу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter