НГ-кнігарня: бібліятэка аднаго чытача

Рубрыку вядзе дырэктар РВУ “Літаратура і Мастацтва” пісьменнік Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Рознакаляровыя прыгоды
Городецкая, З.
Сказки новогоднего леса: пьесы: для детей сред. шк. возраста / Зоя Городецкая; худож. Мария Мицкевич. — Минск: Литература и Искусство, 2008. — 136 с.: ил.
Як нараджаюцца дзіцячыя кнігі? Пагадзіцеся, гэта асаблівая загадка. Калі  пісьменнік з усёй адказнасцю, а не таму, што раптоўна ў яго з’явіўся час, працуе з адрасным прыцэлам на юнага чытача, напісаць кнігу для дзяцей — велізарнейшая адказнасць. Ці не яшчэ большая адказнасць — напісаць п’есу для дзіцячага тэатра. І Зоя Гарадзецкая адважылася якраз на апошняе. Сама па прафесіі акцёр, яна часта сутыкаецца з тым, што юнаму гледачу, нават і ў прафесійным тэатры, прапануюць не самыя лепшыя пастаноўкі. Крытыкавала, крытыкавала, асабліва пад Новы год, калі і настаўнікі, і кіраўніцтва тэатраў ці не волакам цягнуць школьнікаў у госці да Мельпамены, і напісала. Ды не адну казачную п’есу, а цэлых пяць. Выдаўцы прачыталі, а калі яшчэ і малюнкі  Марыі Міцкевіч ўбачылі да гэтых тэкстаў, то і самі захапіліся. Так у РВУ “Літаратура і Мастацтва” з’явілася на свет кніга Зоі Гарадзецкай “Казкі навагодняга лесу”. П’есы і сапраўды вельмі незвычайныя. Героі дагэтуль у літаратуры былі нікому не знаёмыя. І лексіка крыху нязвычная для дзіцячай літаратуры, а пра сюжэты і гаварыць няма чаго!.. Пастаноўка любой з п’ес, дзе дзейнічаюцьЧорны колер, ён жа Воран, Чырвоны колер, ён жа Дзед Мароз, Шэры колер, ён жа Кароль Карабельных Крыс, ды іншыя прыдуманыя Зояй Гарадзецкай героі, несумненна, стане святам і ў вялікім тэатры, і на сцэне школьнай залы, і ў музычным пакоі дзіцячага садка. А яшчэ кніга — і цікавае, захапляльнае чытанне, хаця тэкст у ёй, зразумела, з усімі драматургічнымі адзнакамі.

Слова і чалавек: ці ёсць у літаратуры будучыня?
Штейнер, И.
Кому без человека нужно слово: перспективы литературы в III тысячелетии / Иван Штейнер. — Минск: Книгосбор, 2008. — 60 с.
Як на мой прыватны погляд, беларускай літаратурнай крытыцы не хапае філасофскага палёту. І мо таму, калі нашы аўтарытэтныя крытыкі разглядаюць творчасць таго ці іншага аўтара, асабліва калі выпускаюць пры гэтым у яго адрас вострыя стрэлы, то адразу і аўтар бунтуе, і некаторая грамадскасць яго падтрымлівае: маўляў, не варты я крытыкі і г.д. А калі б творчасць свайго “падвопытнага” разглядалася заўжды ў кантэксце сусветнага развіцця, калі б браліся не толькі нацыянальныя, мастацкія, літаратурныя, але яшчэ і філасофскія, грамадскія паралелі, то мо і крытыка была б болей зразумелай... Хаця цяжка загадваць, цяжка па той простай прычыне, што чалавек, нават пісьменнік, заўжды настроены на прыняцце пахвалы, а не заўваг, ды яшчэ вострых. Іван Штэйнер — доктар філалагічных навук з Гомеля, заўсёды надзвычай цікавы сваімі літаратурна-крытычнымі і літаратура-знаўчымі развагамі. Бо і пытанні ставіць вострыя, і спрачаецца аргументавана, і галоўнае — паказвае нацыянальную літаратуру на фоне многіх шырокіх з’яў і ў развіцці сусветнага мастацтва, і ў развіцці грамадства ўвогуле. Тым цікавая і новая кніга вучонага і пісьменніка “Каму без чалавека патрэбна слова?”. У падзагалоўку — “Перспектывы літаратуры ў III тысячагоддзі”.

Мышка Пік-Пік — новы герой для тэатра і мультфільмаў
Рублеўская, Л.І.
Прыгоды мышкі Пік-Пік: казкі: для малод. шк. узросту / Людміла Рублеўская; маст. А.Б.Аракчэева. — Мінск: Маст. літ., 2008. — 167 с.: іл.
Такога захапляльнага чытання ў мяне даўно не было. Пашкадаваў нават, што ўжо вырасла дачка і я не змагу перачытаць кнігу Людмілы Рублеўскай “Прыгоды мышкі Пік-Пік” разам з ёю. Па-першае, казкі выкладзены з улікам дзіцячай псіхалогіі. Кароткія сюжэты, дастаткова простыя, нагадваюць нечым класічныя прыклады — скажам, кнігі таго ж Мікалая Носава пра Нязнайку. Па-другое, пісьменніца, застаючыся беларускім аўтарам,  пішучы па-беларуску, стараецца размаўляць з юным чытачом у кантэксце адкрытай для яго інфармацыйнай прасторы. Гэтая акалічнасць немалаважная. Бо многія і неблагія па задуме мастацкія творы, адрасаваныя беларускім дзецям, панеслі “страты”, не змаглі пайсці ў шырокую прастору  з-за сваёй моцнай прывязанасці да вясковага ці нават этнаграфічнага матэрыялу. Людміла Рублеўская  выявіла сябе выключна здольным фантазёрам, што развіццю стасункаў пісьменніка з юным чытачом толькі на карысць. А кніга “Прыгоды мышкі Пік-Пік” — ці не лепшая дзіцячая кніга ў Беларусі за апошнія гады. І калі што прапаноўваць замежнікам на пераклад, каб і ў свеце мелі ўяўленне пра беларускую дзіцячую літаратуру, то перш-наперш казкі Людмілы Рублеўскай.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter