Незвычайны крос

   

Па дарозе з Ваўкавыска на Гродна вы абавязкова ўбачыце надпіс «Вёска Дуброва 1 км». Гэта невялічкая прыгожая беларуская вёсачка. Летам яна ўся патанае ў садах. Зімой, пакрытая снегам, зліваецца з навакольнымі палямі. Толькі дзе-нідзе дым з пячных труб паказвае на тое, што тут яшчэ жывуць людзі.

Я часта бываю там, добра ведаю тамтэйшых людзей, усе яны мае цудоўныя сябры. Цяпер іх, праўда, на ўсю вёску засталося толькі трое чалавек. Час няўмольна бяжыць наперад. Старыя пакідаюць гэты свет, моладзь імкнецца з’ехаць у горад.

Калі вы часам будзеце ехаць па гэтай дарозе, завітайце на паўгадзіны ў гэтую вёсачку — не пашкадуеце. Вас абавязкова пачастуюць духмянымі яблыкамі ўсіх сартоў, яшчэ і ў дарогу кошык дадуць… А таксама  раскажуць дзіўную гісторыю, якая адбылася з іхнім аднавяскоўцам у пяцідзясятыя гады мінулага веку. А калі вам дазваляе час, то і места, дзе ўсё адбывалася, пакажуць. А гiсторыя вось якая.

Стаяла глыбокая восень. Калгасная бульба была ўжо ўбрана і надзейна захоўвалася на полі  ў капцах. Цяпер заставалася хіба час ад часу паглядаць, ці цэлыя яны, ці не панадзіўся які злодзей?

Чый гэта клопат? Зразумела ж, брыгадзіра.

Раніцай Іван (так звалі калгаснага брыгадзіра) вырашыў паглядзець на тыя капцы, праверыць, ці не крадзе хто бульбачку. Прыходзіць ён на поле. Набліжаецца да першага капца і… што за дзіва?! Зямля на капцы раскапана, салома параскідана і выбрана цэлая мясціна бульбы. Паазіраўся Іван туды-сюды: слядоў чалавека нідзе не відаць. Што за халера?! Раптам бачыць, крокаў за пяць ад капца ляжыць вялікая капна саломы. «Вось чэрці! Хоць бы салому на месца паклалі, а то бульбу мароз можа прыхапіць», — прамовіў Іван.

Ён падышоў да капны і нахіліўся, каб абедзвюма рукамі захапіць салому і пакласці яе на места.

Раптам салома сама паднялася і… разам з брыгадзірам паімчалася да лесу! Спачатку той нічога не мог зразумець. А калі салома атрусілася, Іван з жахам убачыў, што ён едзе… верхам на вялікім дзіку з белай плямінай на галаве.

На полі стаяла адзінокая алешына, да яе і пачаў скіроўваць дзік, набіраючы ўсё большую хуткасць. Калі параў-наліся з дрэвам, Іван зачапіўся за яго нагой, з разгону грымнуўся аб зямлю i  страціў на нейкі час прытомнасць. А дзік, падкінуўшы тлустым задам, знік у лесе.

Брыгадзір ачомаўся, сеў на зямлю і пакруціў галавою: слава богу, пранясло, а магло быць і горш!

Зірнуў у бок лесу і вачам сваім не паверыў: адтуль, проста на яго набліжалася воблака пылу. Хутка Іван разглядзеў свайго знаёмца з белай плямінай, а з ім яшчэ чатыры дзікі.

— Во  халера! Прыхапіў у лесе сабе падмогу, каб зусім мяне даканаць! Прыйдзецца, мусіць, памерці, — Іван ужо развітваўся з жыццём.

Але на яго шчасце статак пранёсся міма, а дзік з белай плямінай збочыў, падляцеў да Івана, злосна фырк-нуў і, крутануўшыся, паімчаў за іншымі.

Дзікам, пэўна, было не да Івана. Мусіць, іх напалохаў паляўнічы альбо грыбнікі.

Вось такі смешны і ледзь не трагічны выпадак адбыўся ў гэтай вёсачцы. Старажылы любяць пра яго ўзгадваць і ганарліва дабаўляюць пры гэтым: маўляў, продкі нашы не лыкам шыты былі — на дзіках раз’язджалі… А гэта вам не нейкія там коні-быкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter