Для гурманаў у Беларусі выдадуць даведнік

Незвычайны даведнік

Зусім хутка ў Беларусі з’явіцца свая карта гастранамічнага турызму. На ёй адзначаць месцы, дзе можна паспрабаваць аўтэнтычныя нацыянальныя стравы і пагля­дзець на кулінарныя помнікі. Стваральнікі незвычайнага даведніка абяцаюць зрабіць акцэнт і на датах “смачных” мерапрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах краіны. У старшыні праўлення беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыі Кліцуновай гастранамічных планаў шмат, і кулінарная карта, якая выйдзе пад брэндам “Гасцiнiя”, — толькі пачатак:


Прыемным бонусам да гастранамічнай карты стане кулінарны зборнік, у які ўвойдуць каля ста рэцэптаў нацыянальнай беларускай кухні.

— Акрамя традыцыйнага папяровага выгляду, карту можна будзе загрузіць на тэлефон у выглядзе спецыяльнага мабільнага дадатку для гастранамічных турыстаў. Ужо зарэгістравана і адпаведнае даменнае імя, дзе будзе размяшчацца электронная версія гастранамічнай карты, якая з часам ператворыцца ў бясконцы рэсурс, які будзе пастаянна прырастаць новымі месцамі і рэцэптамі.

У першы выпуск карты трапіла сотня ўтульных месцаў Беларусі — у асноўным гэта сядзібы і кафэ ў сельскай мясцовасці, дзе можна паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні. Дарэчы, эмблемай праекта выбралі скрыжаваныя лыжку і відэлец, стылізаваныя пад нацыянальны арнамент. І гэта не выпадкова, бо турысту, які збярэцца ў падобнае падарожжа, прадбачыцца шмат смачных адкрыццяў. Увага: не спяшайцеся заказваць дранікі! Арганізатары праекта збіраюцца разбурыць гэты стэрэатып, таму гастранамічным турыстам давядзецца паласавацца тымі рэдкімі стравамі, рэцэпты якіх цудам захаваліся ў глыбінцы. Скажам, што вы ведаеце пра “клёцкі з душамi”? “Душой” у народных рэцэптах называецца мясная начынка — самая смачная частка стравы. І ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці — гэта цалкам звыклы абед. А колькі ўсяго можна расказаць пра дзісненскае масла або палескіх уюноў!

Прыемным бонусам да гастранамічнай карты стане кулінарны зборнік, у які ўвойдуць каля 100 рэцэптаў нацыянальнай беларускай кухні. Гэта значыць, спытаеце вы, кожны жадаючы можа прыгатаваць забытыя беларускія стравы? Не ўсё так проста. Калі не ведаеш смаку стравы, ніколі яе раней не спрабаваў, гатаванне, пагадзіцеся, — справа рызыкоўная. Тым больш што многія сапраўды народныя рэцэпты разлічаныя на прыгатаванне не ў навамоднай духоўцы, а ў вясковай печы. Таму лепш спачатку даверыцца прафесіяналам: адправіцца ў кулінарны тур, прайсці парачку майстар-класаў, а ўжо потым паспрабаваць паўтарыць убачанае на ўласнай кухні. Валерыя Кліцунова ўпэўнена, што гэта выдатны спосаб адрадзіць беларускія гастранамічныя традыцыі, падагрэць цікавасць да іх.

Дарэчы, да праекта актыўна падключыліся студэнты факультэта міжнародных адносінаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Маладыя людзі зрабілі апытанне, якое паказала несуцяшальныя вынікі: сучасная моладзь не ведае, ды і не асабліва цікавіцца нацыянальнай кухняй. Каб хоць неяк выправіць сітуацыю, студэнты кафедры міжнароднага турызму вырашылі пачаць з сябе: арганізавалі флэшмоб, удзельнікі якога павінны прыгатаваць уласнаручна любую беларускую страву, а затым выкласці ў сацсеткі дакументальнае пацверджанне з хэштэгам #gastinia. Ужо цяпер тут можна ўбачыць спробы прыгатаваць на студэнцкай кухні калдуны, камы, бабку або журавінавы морс. Дарэчы, аўтары гастранамічнай карты ўпэўнены, што не за гарамі той дзень, калі шэф-повары будуць прапаноўваць у рэстаранах рэцэпты з гастранамічнай карты. А ў глыбінцы з’явяцца кулінарныя цэнтры, дзе любы жадаючы зможа наведваць урокі нацыянальнай кухні, у тым ліку для дзяцей. Першы патэнцыйны кандыдат для з’яўлення такога цэнтра — аграгарадок Моталь у Брэсцкай вобласці з яго знакамітымі мотальскімі “прысмакамi”.

Вольга Пасіяк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter