Нездарма тут гранiт чырвоны

Калі глядзець на Успенскую горку з боку Заходняй Дзвіны, то такое ўражанне, што з высачэзнага дрэва вось-вось узляціць у чэрвеньскі блакіт неба вялікая чорная птушка. Толькі чаму ў яе... дзве галавы?
Каб разгадаць такі дзіўны рэбус, варта ўзняцца на круты магутны бераг. Вачам адкрываецца велічны помнік героям Айчыннай вайны 1812 года вышынёй 26 метраў. Чатырохгранны абеліск з чырвонага граніту, увенчаны бронзавым двухгаловым арлом, які здалёк так падобны на жывую птушку. У канцы ліпеня 1812 года пад Віцебскам, асабліва ў межах вёсак Астроўна, Кукавячына і Дабрэйка, разгарнулася крывавае пабоішча паміж рускімі і напалеонаўскімі войскамі. Апошнія нахабна ірваліся да Масквы па старой смаленскай дарозе. Французаў тады колькасна было значна больш, але арміі генералаў Астэрмана-Талстога і Канаўніцына ўсё ж здолелі прыпыніць варожую лавіну. Роўна праз сто гадоў у гонар тых драматычных падзей, у адзнаку мужнасці і стойкасці рускіх віцязяў на сродкі, сабраныя народнай “талакой” усёй губерні, і быў збудаваны гэты помнік. Па вуглах яго ўстаноўлены чатыры чыгунныя гарматы, адлітыя па ўзоры марцір эпохі Пятра Першага. Ёсць нешта сімвалічнае і ў тым, што побач з героямі вайны 1812 года на Успенскай горцы размясціліся і мемарыяльныя могілкі абаронцаў Айчыны ад гітлераўскіх захопнікаў. Тут пахавана група генералаў і афіцэраў Савецкай арміі: Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Сівакоў, Герой Савецкага Саюза гвардыі маёр Янушкоўскі, генерал-маёр артылерыі Сцепаненка, палкоўнік Казлоў, гвардыі падпалкоўнік Севасцьянаў... А ў 1964 годзе гэтыя афіцэрскія могілкі на фоне помніка героям 1812 года папоўніліся і мемарыяльнай плітой у гонар легендарнага партызанскага камбрыга Міная Шмырова – бацькі Міная... Такая вось дзіўная і велічная повязь гераізму розных эпох і пакаленняў. Нездарма колер граніту чырвоны. Як крыві, пралітай за свабоду і незалежнасць дарагой Айчыны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter