Калі Беларусь шырока адзначае 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі, яшчэ раз пераконваешся: наш народ моцны сваёй гісторыяй і памяццю пра яе

Невядомыя старонкі вайны

Дбаючы пра мірную будучыню, у гэтую пару мы згадваем падзеі 70-гадовай даўніны. Дзякуючы намаганням навукоўцаў-гісторыкаў адгортваюцца раней невядомыя старонкі гісторыі вайны на тэрыторыі Беларусі, называюцца новыя імёны яе герояў, публікуюцца новыя доказы злачынстваў фашыстаў. “Невядомыя старонкі вайны” — так называлася сумеснае мерапрыемства Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Нацыянальнага прэс-цэнтра да юбілею Перамогі. Прадстаўнікі СМІ пабачылі ўнікальныя дакументы, пачулі шмат цікавага пра ваеннае мінулае. На выставе кніг можна было пагартаць апошнія даследаванні па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у якіх адлюстраваны раней невядомыя дэталі, эпізоды грандыёзнага гістарычнага супрацьстаяння.

Вучоныя-гісторыкі на сустрэчы з журналістамі
Вучоныя-гісторыкі на сустрэчы з журналістамі

Чатыры гады вайны... Тысячы ўнікальных дакументаў пра той час зберагаюцца ў архіве Інстытута гісторыі. Сярод пажоўклых папер — бухгалтарская дакументацыя і справаздачы супрацоўнікаў Акадэміі навук за 1943 год. Яны і ў эвакуацыі працавалі на перамогу: спачатку ў Ташкенце, затым у Маскве. Вось, напрыклад,  распіска Уладзіславы Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы, у атрыманні зарплаты за чэрвень 1942-га.  Дарэчы, зарплата класіка невысокая: 750 рублёў. Для параўнання: акадэмікі тады атрымлівалі па 5000, дырэктары інстытутаў — 1500 рублёў, звычайныя супрацоўнікі — ад 75 і вышэй. У іншай папцы сабраны дакументы акупантаў. З нямецкай педантычнасцю зафіксавана, колькі аплачана за электраэнергію на тэрыторыі Батанічнага саду, колькі перагарэла лямпачак, зарплата тых, хто быў рэкрутаваны на працы ў Батсад. Зафіксаваны вынікі лабараторнай праверкі на прыдатнасць для ўжывання вырашчанай гародніны. Праўда, з 288 кг капусты прыдатнымі аказаліся толькі 97. Некандыцыю выкінулі, і быў складзены акт. З такой жа педантычнасцю акупанты складалі справаздачы па масавым знішчэнні людзей: што лямпачкі ды капуста, што жыцці… Такіх дакументаў вельмі шмат. Гартаючы іх, разумееш маштабы той трагедыі. Паводле апошніх дадзеных, Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара: мільёны людзей...

Навукоўцы-гісторыкі адкрываюць раней невядомыя факты пра ход ваенных дзеянняў, пра новых герояў вайны. Аказваецца, ацалелі некаторыя дзённікі таго часу! Як вядома, асобыя аддзелы забаранялі іх весці: запісы маглі трапіць да ворага і быць выкарыстаны супраць Савецкай арміі. Аднак людзі ёсць людзі... Адзін рарытэт трапіў у рукі гісторыкаў нядаўна. Гэта дзённікі партызанскага злучэння, якое дзейнічала ў 1944-м у Беластоцкай вобласці пад кіраўніцтвам Капуцкага. Дзённікі вёў капітан Сянкевіч ад пачатку стварэння злучэння. У іх апісаны літаральна кожны дзень жыцця партызан: што адбывалася, якія рашэнні былі прыняты, якія атрады ўдзельнічалі ў аперацыях. “Дакументы трапілі ў рукі даследчыкаў нядаўна, — гаворыць дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч. — Іх перадалі сваякі Аляксандра Герасіменкі, былога старшыні Мінгарвыканкама. Як аказалася, іх блізкі сваяк змагаўся ў тым злучэнні, і яму дзённікі ўдалося зберагчы”.

Аляксей Літвін даследуе малавядомыя старонкі вайны
Аляксей Літвін даследуе малавядомыя старонкі вайны

Навукоўцы адкрылі і новыя імёны герояў-беларусаў. Калі пра снайпера, Героя Савецкага Саюза родам  з вёскі Падгор’е Быхаўскага раёна Феадосія Смалячкова, які праславіўся на Ленінградскім фронце, многія ведаюць, то іншыя снайперы-беларусы застаюцца як бы ў цяні. Напрыклад, Герой лейтэнант Леанід Буткевіч — ураджэнец вёскі Хотліна (цяпер Чашніцкі раён). На яго рахунку 345 салдат праціўніка. Снайпер старшы сяржант Генадзь Вялічка — таксама Герой, ураджэнец вёскі Лутна (цяпер Шклоўскі раён). З пачатку вайны па чэрвень 43-га знішчыў са снайперскай вінтоўкі больш за 330 гітлераўцаў. “Уклад нашых землякоў у агульную справу Перамогі велізарны, і пра тое сведчаць лічбы, — гаварыў Вячаслаў Даніловіч. — Паводле дадзеных на сёння, званне Герояў Савецкага Саюза атрымалі 448 беларусаў. 73 нашыя землякі сталі поўнымі кавалерамі Ордэна Славы, больш за 400 — генераламі ды адміраламі ў гады вайны. 24 нашы супляменнікі камандавалі войскамі ў той час, 15 паўтарылі подзвіг Аляксандра Матросава, 21 — Мікалая Гастэлы”.

Велізарную працу вядуць супрацоўнікі аддзела ваеннай гісторыі. Дзякуючы ім устаноўлены імёны беларусаў, якія ўдзельнічалі ў Савецка-фінскай вайне 1939-40 гадоў, у баях на рацэ Халхін-Гол, возеры Хасан. Удакладнена колькасць беларусаў, загінулых у Савецка-фінскай вайне: лічылася, што адтуль дадому не вярнулася 1500 чалавек, на самой справе — 9500. А пайшлі на той фронт 100.000 беларусаў. “На жаль, раней гэтыя лічбы не ўдавалася ўстанавіць: інфармацыя была закрытая, — расказаў Аляксей Літвін, загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міжнародных адносін Інстытута гісторыі. —  Цяпер мы можам не толькі назваць імёны 9500 ураджэнцаў Беларусі, якія загінулі ў той вайне, але і паказаць месцы іх пахавання на тэрыторыі Фінляндыі, а таксама частцы тэрыторыі Ленінградскай вобласці. У той вайне ўдзельнічалі 4 корпусы, якія тады дыслакаваліся на тэрыторыі Беларусі, 11 дывізій, шэраг палкоў, лыжныя батальёны. Дзякуючы расійскім калегам мы азнаёміліся з матэрыяламі спраў і сёння можам адкрыта сказаць: падзеі ў Фінляндыі паказалі ваеннаму кіраўніцтву, што Савецкі Саюз у цэлым быў абсалютна не падрыхтаваны да вайны. І ў той жа час гэта была добрая праверка на мужнасць і гераізм нашых салдат.Частка дывізій пасля Фінскай вайны былі зноў перакінутыя на тэрыторыю Беларусі і паказалі свой гераізм у першыя дні вайны на тэрыторыі БССР. А некаторыя з байцоў — напрыклад, Герой Фёдар Дуброўскі і супердыверсант Фёдар Крыловіч — потым удзельнічалі ў разгортванні знакамітага партызанскага руху. Дарэчы, Фёдар Крыловіч быў і ўдзельнікам вайны на Халхін-Голе”.

Гэта — толькі малая частка вялікай патрэбнай працы, якую робяць супрацоўнікі Інстытута гісторыі. Больш інфармацыі можна атрымаць, пагартаўшы ўнікальныя выданні, падрыхтаваныя да 70-годдзя Перамогі сумесна беларускімі і расійскімі навукоўцамі. У іх, у прыватнасці, адлюстраваны з дакладнасцю не толькі да дня — да гадзіны раней малавядомыя ваенныя падзеі. Вось некаторыя выданні, на якія варта звярнуць увагу (прыводжу на мове арыгіналу): “1941 год. Страна в огне”, “Освобождение Беларуси 1943-1944”, “Участие белорусов в войне в Испании. 1936-1939 годы”, “Внутренние войска МВД Республики Беларусь”. У кнігах упершыню апублікаваныя ўнікальныя дакументы Генштаба, ваенных саветаў і паліторганаў, якія раней былі закрыты для гісторыкаў, пададзены факты, якія доўгі час замоўчваліся. Але, сцвярджаюць даследчыкі, яшчэ вельмі многія старонкі гісторыі вайны трэба перапісваць, а калі дакладней, то пісаць з чыстага ліста. І гэта варта рабіць хоць бы для таго, каб нашы нашчадкі ведалі гісторыю Бацькаўшчыны і якой цаной заваявана шчасце жыць.

Гэта толькі кажуць: час лечыць... Нічога падобнага! Час толькі, нібы гумка, сцірае з пажоўклых старонак гісторыі імёны і падзеі. Страшна, калі знікаюць з памяці імёны годных людзей альбо падзеі скажаюцца на карысць якога-небудзь боку. Мы павінны ведаць праўду! Павінны памятаць і шанаваць памяць — бо народ моцны і жыццяздольны, мае права на будучыню тады, калі ён ведае сваю гісторыю і чэрпае адтуль сілы для новых перамог.

Зінаіда Ганчар
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter