Невядомыя скарбы старажытнага горада

Чаму ў Полацку няма кніг Скарыны?Сваё меркаванне наконт сямі цудаў Беларусі на старонках “Народнай газеты” ўжо змаглі выказаць прадстаўнікі розных груп людзей, якія маюць дачыненне да захавання скарбаў нашай зямлі — гісторыкі і краязнаўцы, супрацоўнікі бібліятэк і археолагі. Але ж амаль у кожным горадзе ці нават вёсцы, не кажучы пра буйныя мегаполісы, ёсць свой музей, дзе таксама захоўваюцца каштоўныя скарбы. Ведаем мы пра іх нашмат менш, чым пра архітэктурныя ці прыродныя славутасці.

Сапраўдным горадам музеяў можна назваць сучасны Полацк. У яго Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік зараз уваходзіць 11 музеяў. Пра найбольш унікальныя і каштоўныя рэчы з калекцый музеяў мы пагутарылі з дырэктарам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Яўгенам Глазырыным. Але гэтай тэмай размова ў Полацку — калысцы беларускага хрысціянства, духоўнасці нашага народа — абмежавацца не магла. Намоленае сотнямі пакаленняў месца, дзе знаходзяцца Спаса-Праабражэнская царква, крыж і мошчы Прападобнай заступніцы Беларусі Еўфрасінні Полацкай, Сафійскі сабор і іншыя рэліквіі, як ніякае іншае навявае думкі пра вечнае, пра душу і духоўныя каштоўнасці. Таму перш за ўсё мы пагаварылі пра святыні беларускай зямлі, што маюць права лічыцца цудамі нашай Айчыны. “На Беларусі Бог жыве”, — сказаў некалі паэт. І знакаў Яго прысутнасці — даволі шмат... Але першае пытанне гаспадару ўсё ж пра ўстанову, якой ён кіруе.

— Яўген Уладзіміравіч, якія музеі можа наведаць турыст сёння ў Полацку?
— У будынку былой Брацкай школы — помніку архітэктуры XVIII стагоддзя — размешчаны музей беларускага кнігадрукавання — адзіны ў рэспубліцы. Унікальным таксама з’яўляецца дзіцячы музей. Музей традыцыйнага ткацтва Паазер’я знаёміць з традыцыямі, семантыкай, бытам і асаблівасцямі ручнога ткацтва Віцебшчыны. Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора расказвае пра мінулае самай старажытнай каменнай пабудовы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ёсць у нас краязнаўчы музей, музей баявой славы, музей-бібліятэка Сімяона Полацкага, мастацкая галерэя, музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З.М.Тусналобавай-Марчанка... Стацыянарная выстава “Прагулка па Ніжне-Пакроўскай” размяшчаецца ў доміку Пятра I, помніку архітэктуры XVII стагоддзя. Апошнім быў адкрыты прыродна-экалагічны музей, размешчаны ў былой воданапорнай вежы. Усяго ў фондах музея-запаведніка налічваецца больш за 83 тысячы экспанатаў!
— Якія з іх вы назвалі б найбольш рэдкімі і каштоўнымі?
— Знакавых, унікальных прадметаў шмат. На нашым сайце размешчаны спіс рарытэтаў, у які ўключана каля 25 прадметаў. Дарэчы, зараз па нашай ініцыятыве ствараецца музейны партал www.museum.by, на якім мы плануем размяшчаць інфармацыю пра нашы музеі. Спадзяёмся, што далучацца і іншыя падобныя ўстановы краіны... Сярод рарытэтных ювелірных вырабаў — віслая пячатка Усевалада Яраславіча XI стагоддзя, скарб залатых вырабаў з шасці прадметаў XI стагоддзя, амулет-змеявік з выявай Фёдара-воіна XIV стагоддзя... Унікальны скарб сярэбраных дырхемаў Арабскага халіфата X стагоддзя (7660 манет агульнай вагой каля 20 кілаграмаў!) сведчыць, што ў тыя часы Полацк быў буйным гандлёвым цэнтрам. А віты пярсцёнак з золата 900-й пробы з вострава Готланд даказвае існаванне сувязяў палачан са скандынавамі дзесяць стагоддзяў таму.
Значныя экспанаты, якія можна ўбачыць у музеі беларускага кнігадрукавання, — “Евангелле вучыцельнае” 1595 года з друкарні братоў Мамонічаў у Вільні, кніга Іераніма Фалецкага, выданая ў Венецыі ў 1558 годзе, кніга Сімяёна Полацкага “Вечеря душевная” 1683 года выдання... На жаль, у Полацку няма ніводнай кнігі, выдадзенай Францыскам Скарынам. Пры гэтым, напрыклад, ва Ульянаўскай абласной навуковай бібліятэцы ў Расійскай Федэрацыі захоўваецца каля 600 экземпляраў гэтых выданняў. Але расійскія законы не прадугледжваюць вяртання такіх гісторыка-культурных каштоўнасцей на гістарычную радзіму. І наогул, зараз вельмі актыўна працуюць “чорныя капацелі”. Тое, што павінна быць нашым гонарам, працягваюць вывозіць за мяжу.
— Але ж, напэўна, ёсць і прыклады, калі людзі добраахвотна дораць музею рэдкія рэчы?
— Так, сапраўды. Не так даўно мы атрымалі ў дар сапраўдны скарб — уласную калекцыю дробнай пластыкі, у якой было каля 400 прадметаў. Збіраў яе Сяргей Міхейка, гісторык па адукацыі, з ранняга дзяцінства. Рэдкія старажытныя ўпрыгожанні вясной ён шукаў, даследуючы берагі Дзвіны: калі вада спадае, часам вымываюцца цікавыя знаходкі. Часам будоўлі новага маста ў Полацку пераварочвалі горы зямлі на беразе, і калекцыянер знаходзіў там новыя рэчы. На жаль, Сяргей памёр зусім малады. Яго маці Францішцы Вацлаваўне неаднойчы перакупшчыкі прапаноўвалі прадаць некаторыя рэчы з калекцыі сына. Але яна вырашыла захаваць калекцыю цалкам і перадала яе ў дар музею. Вельмі каштоўная частка калекцыі — 11 крыжоў-энкалпіёнаў (у музеі было толькі два), багата аздобленых, з выявамі святых. Наяўнасць такіх крыжоў сведчыць пра заможнасць палачан XI стагоддзя.
— Нарэшце, дазвольце спытаць, якія аб’екты, на вашу думку, вартыя звання сямі святынь Беларусі?
— Людзі па-рознаму трактуюць словы “цуд” і “святыня”. З антычнасці захаваліся каноны: цуд свету — грандыёзнае архітэктурнае збудаванне, якое ўражвае складанасцю стварэння. Святыня — тое, што людзі захоўваюць як частку духоўнасці. Святыні прыцягваюць людзей, некаторым даюць збавенне ад хвароб і пакут. Такой святыняй у Беларусі, безумоўна, з’яўляюцца мошчы Еўфрасінні Полацкай і ўзноўлены крыж Прападобнай. Мне не падабаецца слова “копія”, бо новы крыж, створаны вядомым беларускім майстрам Мікалаем Кузьмічом, таксама ўтрымлівае часткі цудадзейных мошчаў, асвечаны і мае адпаведную арыгіналу значнасць. Адной з галоўных святынь Беларусі я лічу раку Палату. Ад яе пайшла назва Полацка, які стаў сімвалам беларускай дзяржаўнасці, а таксама рака дала імя ўсходнеславянскаму племені “палачане”. Палату можна параўнаць з ракой Іардан у Святой зямлі. Дарэчы, першапачаткова ў XI стагоддзі галоўны ўваход у Сафійскі сабор выходзіў на раку Палату. Безумоўна, нашы святыні — і Жыровіцкі манастыр, і полацкі Сафійскі сабор. Калі ж выбіраць не сем святынь, больш шырока — сем цудаў, у ім абавязкова павінна быць Спаса-Праабражэнская царква. Гэта адно з першых збудаванняў уласнай архітэктурнай школы, якая з’явілася на Беларусі. Рэстаўратары, што працуюць у храме над раскрыццём унікальных фрэсак, адзначаюць: мала дзе можна сустрэць падобныя творы таго часу ў такім добрым стане. Другі цуд — Сафійскі сабор як сімвал беларускай дзяржаўнасці і першае мураванае збудаванне на Беларусі, што захавалася да нашага часу. На заходняй сцяне сабора захаваліся фрэскі XI стагоддзя!  Не забудземся і на тое, што ў храме захоўвалася першая бібліятэка на Беларусі, а магчыма, тут была і першая навучальная ўстанова нашай краіны. Цудамі Беларусі я таксама лічу Нацыянальную бібліятэку, Мірскі і Нясвіжскі замкі, унесеныя ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, Фарны касцёл у Гродне і палацава-паркавы комплекс Румянцавых—Паскевічаў у Гомелі. І яшчэ — мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Можна шмат паказваць і расказваць людзям пра гісторыю нашай краіны ў музеях, але, пабыўшы ў Хатыні, можна адчуць ўвесь трагічны лёс Беларусі, шлях пакут, якія яна прайшл на працягу гісторыі.
— У Полацка шмат яшчэ нераскрытых таямніц. Як вы лічыце, ці існуюць знакамітыя падземныя хады і сутарэнні?
— Я думаю, такія хады сапраўды існуюць, бо гэта адлюстраванне дзейнасці, што была развернута ў Полацку ў мінулым. Паводле паданняў, хады пачыналіся ў падвалах будынка Полацкага езуіцкага калегіума, дзе пасля размяшчаўся кадэцкі корпус, а зараз — гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага універсітэта. На пачатку XIX стагоддзя Полацк быў цэнтрам езуіцкага ордэна не толькі на тэрыторыі сучасных Украіны і Расіі, але ў еўрапейскім маштабе, бо на захадзе ў той час езуіцкі ордэн забаранілі. У Полацку знаходзілася езуіцкая акадэмія — цэнтр езуіцкай адукацыі. Калі рэстаўрыравалі будынак былога езуіцкага калегіума, знаходзілі шматлікія пацвярджэнні існавання падземных хадоў. Але многія з іх засыпаны абваламі, і паказваць іх турыстам пакуль што не плануецца.

Сафійскі сабор слаўны не толькі архітэктурай...

Лілія ЕМЯЛЬЯНАВА, дырэктар канцэртнага зала Сафійскага сабора:
“У Сафійскім саборы — унікальная акустыка, гэта адзін з найлепшых канцэртных залаў Беларусі. Рэверберацыя гуку тут складае 4,5 секунды, што ідэальна як для слухача, так і для выканаўцы. Калі сабор наведвае група школьнікаў, я прапаную дзецям сапраўдны цуд — паслухаць “палёт гуку”. Яны адразу змаўкаюць, ловяць гук і... глядзяць на гадзіннікі. Вельмі ўдала ў Сафійцы размешчаны арган, гэта адзначаюць многія славутыя музыканты. У гэтыя дні ў Сафійскім саборы праходзіць фестываль старажытнай камернай музыкі, і на многія канцэрты ўсе білеты былі прададзены яшчэ ў першыя дні распаўсюджвання. А 30 мая аматары музыкі змогуць наведаць канцэрт “Шэдэўры сусветнага мастацтва каля сцен Сафійскага сабора”.

Святыня ці цуд?

Па традыцыі мы правялі апытанне сярод супрацоўнікаў Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. У анкетах мы папрасілі вызначыць “7 святынь Беларусі”, але, магчыма, многія вырашылі выказаць сваё меркаванне менавіта наконт “7 цудаў Беларусі” — больш шырокага паняцця. Тым не менш спіс цудаў зноў пашырыўся. З задавальненнем я чытала анкету Таццяны Арловай, якая пазначыла не толькі назвы, але і час стварэння наступных помнікаў архітэктуры: Багародзіцкі сабор у Глыбокім, касцёл Прасвятой Тройцы ў Відзах Браслаўскага раёна, касцёл адшукання Святога Крыжа і касцёл Святога Францыска Ксаверыя ў Гродне... Тройчы ў анкетах узгаданы Будслаўскі касцёл і двойчы — цудадзейная ікона Маці Божай Будслаўскай. Прыгадалі і Сынкавіцкую царкву і Маламажэйкаўскую ў вёсцы Мураванка, і Жыровіцкі манастыр... Вельмі шмат галасоў аддалі палачане за рэліквіі роднага горада — цудадзейныя мошчы Прападобнай Еўфрасінні, заступніцы Беларусі, і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, але не забыліся і на Каложскую царкву ў Гродне. У рэшце рэшт на трэцім месцы гэтага апытання — крыж Еўфрасінні Полацкай, другое падзялілі Нясвіжскі палац і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку. На першым жа — Сафійскі сабор і Мірскі замак, якім супрацоўнікі Полацкага музея-запаведніка аддалі роўную колькасць галасоў.

Прагаласаваць за той ці іншы цуд ці дадаць тое, што яшчэ не ўзгадвалася, Вы можаце  на нашым сайце  /ru/guest/622.html   Спяшайцеся: ваш голас можа аказацца рашаючым!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter