Невядомае пра вядомых

Максім Танк мог выпіць трохлітровы слоік малака нагбом
Непераборлівы паэт

Максім Танк мог выпіць трохлітровы слоік малака нагбом.



Класік не захапляўся алкаголем, але была ў яго іншая жарсць — кефір і малако. Аднойчы Танк купіў у бабулі на Нарачы трохлітровы слоік малака. Тая гаворыць: “Мне слоік трэба, іх мала”. — “Добра”, — сказаў той. Узяў ды выпіў адразу ўсё малако, а слоік аддаў. А яшчэ паэт любіў простыя і сытныя стравы — накшталт сала з цыбуляй.


Сусед з “кінатэатрам”

Каб не перашкаджаць бацьку працаваць, дзеці Янкі Брыля збягалі глядзець тэлевізар да суседа — Янкі Маўра.



Янка Брыль, як і многія іншыя беларускія літаратары, жыў у Мінску на вуліцы Карла Маркса — у так званым пісьменніцкім доме. Не многія з яго жыхароў маглі пахваліцца тэлевізарам. Цуд з блакітным экранам першым ва ўсім доме з’явіўся ў Маўра. Той быў вельмі добрым чалавекам, і калі з дзясятак малых суседзяў завальваліся ў яго “міні-кінатэатр”, нічога не гаварыў супраць, нават калі самому трэба было пісаць. Затое шчасцю Брыля не было канца — ён мог працаваць у цішыні.


Моцны, як дуб

Якуб Колас вырываў зубы без анестэзіі і вельмі любіў дужацца.



Паэт сам пісаў: “Учора пайшоў да дантысткі. Сказала, што трэба корань выдаліць. Хацела абязболіць, а я сказаў, што не варта псаваць дзясну, — лепш проста вырваць так. Корань вырвала. “Ну цярплівы народ — беларусы!” — пахваліла дантыстка. Колас быў беларусам не толькі цярплівым, але і дужым — не раз правяраў сваю моц на руках з сябрамі, роднымі і нават спадарожнікамі ў цягніках. Заір Азгур казаў пра паэта: “Якуб Колас быў моцнага складу чалавек, каржакаваты, як дуб, з мускулістай шыяй і дужымі рукамі”.


Chevrolet для песняра

Янка Купала ездзіў на аўтамабілі, які падарыў яму Саўнаркам БССР.



Аўтамабіляў Chevrolet GA Master DeLuxe сышло з канвеера крыху больш за дзве тысячы. Толькі адзін з іх трапіў у Беларусь.

І дастаўся менавіта Купалу. У 1939 годзе тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка ад імя Саўнаркама замяніў ёю раней падораную паэту савецкую “эмку”. Жалезнага каня беларускага класіка можна ўбачыць і сёння — у філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Ляўках Аршанскага раёна.


ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ

“Ноўтбук” класіка

Кандрат Крапіва новыя творы друкаваў на нямецкай трафейнай  машынцы і пераважна ноччу.



Пісьменнік прытрымліваўся распарадку дня і не вельмі любіў выхадныя, калі гэты распарадак рушыўся. Цэлы дзень у яго быў распісаны. Прыязджаў з працы з Акадэміі навук, вячэраў, адпачываў з гадзіну і сядаў за пісьмовы стол. Ён любіў пісаць уначы, гэта быў час, калі ніхто не мог перашкодзіць. Гэтак жа, як любіў сваю пішучую машынку, нямецкую трафейную Fortuna. На ёй Кандрат Кандратавіч друкаваў усе свае творы. З ёй — і ў санаторый, і на дачу. Усюды з сабой браў, як мы зараз ноўтбукі.


Лепш кавалачак сала

Іван Шамякін замаўляў стравы ў рэстаране па іх рамантычных назвах.



Дачка пісьменніка — доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Шамякіна ўспамінае, што бацька вельмі любіў менавіта беларускія стравы. Нават у сталыя гады, пасля некалькіх аперацый, еў смажанае сала. У маладосці любіў паесці, але яго цікавіў, хутчэй, “літаратурны” бок кулінарыі. “Напрыклад, у 1950-я гады ў маскоўскім рэстаране “Пекін” ён замовіў стравы з самымі рамантычнымі, літаратурна прыгожымі назвамі. На жаль, смак іх і нават выгляд аказаўся залішне нязвыклы для беларуса...” — расказвае Таццяна Шамякіна.


Не з гусіным пяром, а з паркерам

Уладзімір Караткевіч сядаў за чарговы твор у белай кашулі і з паўлітрам кавы.



Гэта быў ці не самы стыльны з беларускіх пісьменнікаў, які вельмі любіў эфекты і эпатаж. Дома хадзіў апрануты а-ля Абломаў — у доўгі бэзавы бліскучы халат. Садзіўся працаваць у белай кашулі і гальштуку — творчасць для яго была ўрачыстым свяшчэннадзействам. Садзіўся за стол, ставіў перад сабой кубак кавы, выпіваў адразу паўлітра і пачынаў пісаць. Ды не абы чым, а сапраўдным паркерам. Вельмі ганарыўся падарункам і цешыўся яму, як дзіцё.



Падрыхтавала Людміла Мінкевіч

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter