В радиопрограмме Даниила Шейко «Мінскія гісторыі» можно узнать о малоизвестных фактах из жизни столицы

Невядомае аб вядомым

Як водзіцца, Белтэлерадыёкампанія не толькі паказвае, але і шмат чаго цікавага расказвае. Гэтай вясной слухачы канала «Культура» Беларускага радыё пазнаёміліся з праектам Данііла Шэйкі «Мінскія гісторыі». У першай праграме вядучы папярэдзіў, што ён малады чалавек, які доўгі час жыў не ў Мінску… Думаеце, што праект атрымаўся нецікавым і прэсным? Памыляецеся! Хлопец змог удала спалучыць у эфіры мінулае і сучаснае. Данііл Шэйка з радасцю падзяліўся з чытачамі «НГ» тонкасцямі стварэння праграмы, пошукамі цікавай і эксклюзіўнай інфармацыі і любоўю да сталіцы.


— Данііл, ты нарадзіўся і вырас у пасёлку гарадскога тыпу Акцябрскі Гомельскай вобласці. Чаму вырашыў прысвяціць свой праект Мінску, а не іншым беларускім гарадам?

— Я жыву ў Мінску ўсяго тры гады. Многія месцы для мяне terra incognita, таму кожная прагулка па сталічных праспектах і завулках — сапраўдная экспедыцыя. Не магу прайсці міма шыльд, помнікаў. Люблю разглядаць дамы, заходзіць у дворыкі. А потым шукаю інфармацыю пра гэтыя месцы ў кнігах, інтэрнэце. Наўрад ці многія карэнныя мінчане так ставяцца да свайго горада. Мне захацелася зра­біць праект, які б адкрыў для жыхароў і гасцей сталіцы Мінск з новага боку. Нам уласціва не заўважаць таго, што знаходзіцца побач. Можам гадамі хадзіць адным і тым жа маршрутам і не заўважаць нешта вельмі важнае. Мяркую, мая праграма натхніць слухачоў прыгледзецца да звыклых края­відаў.

— Твае любімыя месцы ў Мінску — плошча Перамогі і парк Горкага. Чым яны вабяць цябе?

— Прызнаюся шчыра, Мінск з яго шматлікімі новабудоўлямі мне спачатку не спадабаўся. Яны здаваліся такімі вялізнымі і недасягальнымі! Я прывык да камернай атмасферы маленькага гарадка, да жыцця побач з прыродай. Таму пачаў шукаць месцы, дзе я мог бы адчуваць сябе, як дома. І знайшоў! Я ўсім сэрцам палюбіў плошчу Перамогі і набярэжную Свіслачы. Дзіўна, але тут ужываюцца сталічная актыўнасць і нейкае вясковае супакаенне. Некалькі крокаў ад праспекта — і гул машын ужо не перабівае птушыныя спевы. Уздоўж ракі шпацыруюць пенсіянеры і парачкі закаханых, хтосьці гуляе з сабакам, маладыя матулі адпачываюць з малымі… Менавіта ў гэтых месцах я магу адчуць спакой.

— Ты вучышся на трэцім курсе журфака БДУ, табе толькі 20 год. Як такому маладому хлопцу дазволілі весці такі праект?

— Перад пачаткам вяшчальнага сезона на радыё заўсёды збіраюць ідэі новых праектаў. Я даўно марыў аб сваёй праграме, але баяўся, што не хопіць часу, вопыту, ведаў. Аднак гэтай вясной мне параілі паспрабаваць і прапанавалі вольны эфірны час. Тут я зразумеў, што гэта знак, і пачаў грунтоўна працаваць над планам праекта. І крыху больш чым праз тыдзень выйшла на радыё мая праграма.

— У беларускіх СМІ шмат праектаў прысвечана гісторыі і падарожжам па Беларусі. У чым асаблі­васць «Мінскіх гісторый»?

— Безумоўна, я разумею, што такіх праектаў да мяне было шмат. На званне першаадкрывальніка я не прэтэндую. (Смяецца.) Я натхніўся вопытам папярэднікаў, але мой праект усё ж крыху іншы. У праграме я ўзгадваю факты з жыцця сталіцы, якія ведае абмежаваная колькасць лю­дзей.

Каб запісаць 15-хвілінную праграму, трэба актыўна папрацаваць на працягу тыдня. Я чэрпаю інфармацыю з навуковай літаратуры, артыкулаў газет і часопісаў. Дапамагаюць даведацца пра нешта новае краязнаўцы, гісторыкі, архітэктары. Спалучаю гэтую інфармацыю з успамінамі мінчан, дадаю ўласныя назіранні. Расказваю аб тым, чаго не знойдзеш у школьных падручніках і турыстычных даведніках.

Пры падрыхтоўцы праграмы добрай падмогай стала фанатэка Дома радыё. Напрыклад, там захаваўся запіс голасу архітэктара Георгія Заборскага, аднаго з аўтараў манумента на плошчы Перамогі. Вядома, я скарыстаў гэты матэрыял у эфіры. Такі сінтэз крыніц дапамагае зрабіць праект цікавым. Мне хочацца, каб мінчане і госці сталіцы па-іншаму паглядзелі на знакамітыя месцы.

— Як ты выбіраеш месцы, пра якія будзеш рабіць праграму?

— Па-першае, гэта месцы, да якіх я стаўлюся з павагай і любоўю. Па-другое, перад тым як рабіць праграму пра нейкае месца, хутка праглядаю інфармацыю аб ім. Калі не знайду цікавых фактаў, то пакіну тэму на будучыню. Магчыма, пазней адшукаю нешта вартае ўвагі.

— Ужо выйшла некалькі выпускаў. Чые каментарыі мы можам там пачуць?

— Адным з гідаў была Людміла Рублеўская, з якой мы наведаліся на Кальварыйскія могілкі. Пісьменніца прызналася, што менавіта такія прагулкі па могілках і прывілі ёй любоў да мінулага. У праграме мы ўзгадалі знакамітых людзей, якія там пахаваны: Янку Лучыну, Генадзя Кісялёва, Івана Навуменку… Могілкі патрэбныя жывым, каб памятаць свае карані і гісторыю.

Пра гісторыю Траецкага прадмесця мы размаўлялі з архітэктарам Сяргеем Багласавым. У 1980-я ён кіраваў аўтарскім калектывам па рэканструкцыі гэтага раёна сталіцы. Сяргей Георгіевіч расказаў, якім прадмесце было раней, падзяліўся сакрэтамі яго аднаўлення.

Я не палюю на зорак спецыяльна, каб за іх кошт прыцягнуць слухачоў. Але мне вельмі падабаецца, калі знакамітыя людзі, пра якіх я шмат чаго чуў, даюць каментарыі для праграмы. Я падпітваюся ад іх творчай энергіяй, якая мне дапамагае працаваць.


— Упэўнена, у цябе застаецца шмат цікавай інфармацыі, якая не ўвайшла ў праграму. Што ты з ёй плануеш рабіць?

— Гэты скарб мы абавязкова дзе-небудзь выкарыстаем. Можа, у новым сезоне раскажам пра тое ж месца, але пададзім інфармацыю ў іншым ракурсе. Думаю, набытыя факты абавязкова спатрэбяцца.

— Як слухачы рэагуюць на новы праект у эфіры? Водгукі ўжо ёсць?

— Наша пастаянная слухачка патэлефанавала і па­дзякавала за магчымасць перанесціся ў мінулае, успомніць маладосць. Прыемна асэнсоўваць, што ты дапамог чалавеку апынуцца ў важным перыядзе яго жыцця. Пакуль было не так шмат водгукаў, але ўсе яны добрыя і шчырыя.

— Я таксама жадаю табе новых знаходак і цікавых праграм!

— Дзякуй! Буду старацца.

ЦІКАВЫ ФАКТ

Адной з самых знакамiтых работ Георгія Заборскага стаў манумент на плошчы Перамогi ў Мінску. Спачатку архiтэктар планаваў паста­вiць на вяршыню калоны скульптуру Радзiмы-мацi з дзiцём, а ўнiзе размясцiць фiгуры рабочага, селянiна, чырвонаармейца i партызана. Манумент павiнен быў быць вышэй на 10 метраў. Пасля ў праект унеслі значныя змены. Дарэчы, дугападобныя дамы, на якiх узвышаецца надпiс «Подвиг народа бессмертен», перажылi вайну — яны вытрымалi ўсе нягоды i былi дабудаваны ў мiрны час, склаўшы адзіны ансамбль с плошчай Перамогі.

НАША ДАВЕДКА

Канал «Культура» Беларускага радыё гучыць кругласутачна на частотах УКВ, у інтэрнэце і FM-дыяпазоне. Праграма «Мінскія гісторыі» выходзiць у чацвер (15:00 i 21:30) і ў нядзелю (17:00). Слухачам ужо былі прапанаваны выпускі «Плошча Перамогі», «Старая Грушаўка», «Траецкае прадмесце», «Кальварыя».

infong@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter