Вырошчваць лён людзі пачалі 7-9 тысяч гадоў назад

Неверагодны лён

Па звестках гісторыкаў, вырошчваць лён людзі пачалі 7-9 тысяч гадоў назад у міжрэччы Тыгра і Еўфрата, у Старажытным Егіпце.
Па звестках гісторыкаў, вырошчваць лён людзі пачалі 7-9 тысяч гадоў назад у міжрэччы Тыгра і Еўфрата, у Старажытным Егіпце. З тых часоў дзякуючы неверагодным уласцівасцям 
у яго з’явілася мноства прыхільнікаў у многіх кутках свету. Беларусь — адна з тых краін, дзе ёсць найбагацейшы досвед апрацоўкі і перапрацоўкі гэтай культуры. 

Яшчэ ў далёкай даўніне тканіны з лёну лічыліся элітнымі. У іх, напрыклад, заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў. Пазней лён распаўсюдзіўся на тэрыторыі сучаснай Італіі ды Іспаніі, на ўзбярэжнай частцы Міжземнамор’я. З яго былі зробленыя тунікі старажытнарымскіх сенатараў. Знакамітая Турынская плашчаніца з лікам Хрыста — таксама з ільну. Пытаннямі яго апрацоўкі займаліся нават такія геніі, як Леанарда ды Вінчы. Ён вынайшаў спецыяльны калаўрот.



Са старажытнасці людзі звярталі ўвагу на цудоўныя тэхнічныя ўласцівасці лёну. З яго мараплаўцы вілі карабельныя канаты. Ільняную парусіну выкарыстоўваў флот Пятра I.

Яшчэ адзін вялікі плюс ільну — бактэрыцыдныя ўласцівасці. У XVIII-XIX стагоддзях ільняныя тампоны, бінты і ніткі выкарыстоўвалі хірургі падчас правядзення аперацый. У ваенных шпіталях прасціны і бялізна былі з гэтай тканіны. Сам імператар Напалеон неяк выказаўся наконт гэтага: калі б не льняныя тканіны, французкіх салдат падчас ваенных кампаній загінула б значна больш. 
Ужо сучасныя навукоўцы даказалі, што льняная тканіна памяншае ультрафіялетавае выпраменьванне, ратуючы нас ад прамых сонечных промняў. Яшчэ яна адбівае электрамагнітнае выпраменьванне. У свеце, дзе нас акаляюць высакавольтныя правады, антэны, электраперадатчыкі, гэта немалаважна. І, вядома ж, без ільняных сурвэтак і ручнікоў не абысціся алергікам. Бо лён — гіпаалергенны.

Для славян лён — культура традыцыйная

 Пра тое сведчаць старажытныя прыказкі, прымаўкі: “Пасееш лён — пажнеш золата”. “Удасца лён, так шоўк, не ўдасца, так шчоўк”… Першапачаткова яго вырошчвалі, апрацоўвалі і выкарыстоўвалі сяляне. Арыстакратыя звярнула на яго ўвагу бліжэй да канца XIX стагоддзя, калі купцы сталі будаваць ільняныя фабрыкі, абста­лёў­ваючы іх перадавымі станкамі галандскай, французкай і англійскай вытворчасці. У тым ліку — жакардавымі. На іх малюнак можна было выткаць. Некаторыя мануфактуры, дасягнуўшы высокай якасці, сталі пастаўшчыкамі царскага двара. Аляксандр I і Мікалай II мелі льняную сталовую і пасцельную бялізну, упрыгожаную імператарскімі вензелямі. Расійская імперыя паступова стала адным з асноўных вытворцаў ільнянога валакна. Яна экспартавала ў Еўропу не толькі грубае палатно, але і добры хатні тэкстыль, адзенне. Тады стала развівацца ўласная льняная прамысловасць, пачалі навучаць мясцовых інжынераў, 
ткачоў, хімікаў.

З’явіліся буйныя прадпрыемствы і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Напрыклад, Аршанскі льнокамбінат сваю гісторыю вядзе з 1930-га. У 70-я гады мінулага стагоддзя ён стаў адным з перадавых прадпрыемстваў тэкстыльнай прамысловасці ў Еўропе. Усё дзякуючы таму, што яго фабрыку №3, якая праектавалася і будавалася пры непасрэдным удзеле старшыні Савета Міністраў СССР Аляксея Касыгіна, аснасцілі лепшым у свеце абсталяваннем — паўночнаірландскай фірмы “Джэймс Мекі”. Таксама ў Оршы былі ўстаноўлены жакардавыя станкі, на якіх пазней выткалі мноства найпрыгажэйшых хустак, пакрывал, ручнікоў. У якасці падарункаў для кіраўнікоў Савецкага Саюза іх адпраўлялі ў Маскву.



Тканіна ў стылі “мадэрн”

Сёння на Аршанскім ільнокамбінаце праходзіць маштабная мадэрнізацыя. Некаторыя цэхі і ўчасткі, аснашчаныя абноўленым высокапрадукцыйным абсталяваннем, ужо працуюць. 

Супрацоўнічаюць з вытворцамі і навукоўцы. Напрыклад, спецыялісты кафедры ткацтва Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта дапамаглі аршанцам зрабіць канкурэнтаздольны прадукт з кароткага льновалакна. Раней лічылася, што яно прыдатнае толькі для вырабу танных упаковачных тканін, мешкавіны. Сёння ж дзякуючы новаму абсталяванню з яго ў Оршы робяць інавацыйныя рэчы — рэльефныя “жатыя” льняныя пледы. Кантры-калекцыя, у якую яны ўвайшлі, ужо атрымала высокую ацэнку на выставе ў Франкфурце-на-Майне, а таксама была прэзентавана на буйнейшай міжнароднай выставе “Heimtextile” ў Германіі.

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце мне паказалі і іншыя цікавыя навінкі. Да прыкладу, двухбаковыя касцюмныя тканіны, якія пераліваюцца, быццам хамелеон. Тонкія паветрапранікальныя тканіны для кашуль з полымі ўчасткамі ўнутры. Калі знешні бок такога “мяшочка” надрэзаць, атрымаецца арыгінальная махнатая “ўстаўка”. Цудоўная дызайнерская знаходка для маладзёжных калекцый. Большасць гэтых распрацовак Аршанскі льнокамбінат ужо асвоіў. А яго мадэльер Тамара Валадзько з поспехам шые з іх свае калекцыі. Адна — з выкарыстаннем лічбавага друку — нядаўна была прадстаўлена на выставе “Феерыя лёну” падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Другая — удастоілася вышэйшай узнагароды фестывалю “Плёс — ільняная палітра”. Гэты форум у Іванаўскай вобласці Расіі праводзіць мадэльер Вячаслаў Зайцаў. Вядомы куцюр’е высока ацаніў новыя знаходкі аршанцаў. А яго сын Ягор, які працягвае модную справу бацькі, выкарыстаў беларускія тканіны для адной са сваіх калекцый. 


У Аршанскага льнокамбіната ёсць досвед супрацоўніцтва з такімі сусветна вядомымі брэндамі, як HUGO BOSS, Strellson, Zyga, Viner Brasil

Пра тое, што беларускі лён папулярны сярод расійскіх моднікаў і модніц, мне расказала дызайнер з Полацка Наталля Гайдаржы. На працягу сямі гадоў яе фірма шые эксклюзіўную льняную вопратку, ад якой у захапленні многія знакамітасці. Наталля, якая адкрыла ў Маскве ўласны салон, прызналася, што выкарыстоўвае выключна тканіны Аршанскага льнокамбіната: 

— У Оршы мы бяром розную тканіну. Гэта можа быць, да прыкладу, нават звычайная мешкавіна, з якой мяшкі для бульбы шыюць. Мы яе вырабляем па асаблівых тэхналогіях, аздабляем шоўкам, мехам або шэрсцю, упрыгожваем ручной вышыўкай і ператвараем у паліто, курткі, кажухі. Зімовыя рэчы з ільну выглядаюць незвычайна. Яны падабаюцца зоркам. Прадзюсар Бары Алібасаў, актрыса Маша Шукшына, паэт Уладзімір Вішнеўскі, пісьменнік і псіхатэрапеўт Наталля Талстая нашы пастаянныя кліенты.

А адна з калекцый так уразіла вядомага французскага куцюр’е П’ера Кардэна, што ён запрасіў беларускага дызайнера на паказ у Лакост. 

Сіла зямлі

Як вядома, герб Беларусі ўпрыгожвае лён. Таму лагічна, што падарункі, якія падносіць ад імя краіны Кіраўнік дзяржавы, якія дораць калегам беларускія дыпламаты, звязаныя са льном. Робяць такія эксклюзіўныя вырабы на Аршанскім ільнокамбінаце. Як правіла, гэта наборы пасцельнай або сталовай бялізны. Дарэчы, сталовы набор ручной працы на 12 персон паднеслі паслу Кітая, які наведваў Аршанскі льнокамбінат з дзелавым візітам. 4-метровы абрус, аплікацыя на сурвэтках у традыцыйных кітайскіх танах, паводле слоў Ігара Ешчанкі, начальніка ўпраўлення асартыменту і рэкламы льнокамбіната, прывялі дыпламата ў захапленне:

— Гэта вельмі дарагі і, што больш важна, эксклюзіўны прэзент. Другога такога не існуе. Ручная праца падкрэслівае, што зроблены ён з душой. 

Выспяваючы, лён убірае ў сябе сілу зямлі. Зрабіць такі падарунак — значыць перадаць чалавеку часцінку станоўчай энергетыкі.

Сяргей Галеснік
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter