У Год малой радзімы прафесар Адам Мальдзіс вырашыў пераехаць са сталіцы на родную астравеччыну
23.02.2018 17:38:07
— У мінулым жніўні вы адзначылі 85-годдзе. І, дзелячыся ў юбілей планамі на будучыню, расказвалі, што марыце аб стварэнні вялікай інфармацыйнай базы пра нашу краіну.
— Гэтая мара не мая асабістая, а дзяржаўная. Электронная энцыклапедыя “Рэспубліка Беларусь” — шматузроўневая база дакладных ведаў у інтэрнэт-прасторы — ствараецца пад кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі. І я думаю, што мы хутка дагонім суседнія краіны, дзе такія базы існуюць даўно. Да прыкладу, у Расіі інфармацыйны рэсурс ствараецца ўжо гадоў пяць. Са свайго боку я літаральна два тыдні таму скончыў працу над сістэматызацыяй той інфармацыі, якая назапасілася ў мяне за шматлікія гады. Цяпер справа за іншымі.
— Адам Восіпавіч, памятаю, быў час, калі вы адмаўляліся карыстацца мабільным тэлефонам. Сёння, бачу, у вас зусім іншае стаўленне да новых тэхналогій?
— Калі мабільным тэлефонам карыстаюся выключна для сувязі, то камп’ютар сапраўды дапамагае ў многіх пытаннях. Працаваць магу не выходзячы з дому. Электронным спосабам здабыць інфармацыю можна вельмі хутка. Але ў інтэрнэце шмат непатрэбнага і недакладнага. Чаму так важна стварыць інфармацыйную базу краіны? Каб у людзей была магчымасць атрымліваць падрабязную і, галоўнае, дакладную інфармацыю аб гісторыі і жыцці нашай краіны. Сёння ўсё вельмі хутка развіваецца. І людзям патрэбная свежая інфармацыя, а не толькі са старых энцыклапедый і даведнікаў. Але стварыць інфармацыйную базу — адна справа. Важна яе яшчэ сістэмна папаўняць.
— Страт вельмі многа. І слуцкія паясы, і партрэты Радзівілаў, і крыж Еўфрасінні Полацкай, і Полацкае Евангелле... Уявіце сабе, каля 90 працэнтаў беларускага нацыянальнага скарбу раскідана па розных кутках свету: ад ЗША да Кітая і Японіі. У мяне складзена падрабязная картатэка, дзе распісана, што і ў якіх краінах знаходзіцца. Найбольш нашых каштоўнасцей захоўваецца ў Расіі, Літве, Польшчы, Украіне і, вядома, Германіі. Шмат давялося ў свой час папрацаваць у фондах розных краін. Сядзіш, перапісваеш ад рукі цікавыя згадкі і запісы. Сёння, калі ўсюды стаяць прынтары і сканеры, гэта здаецца варварствам. А раней інакш было немагчыма. Асабліва часта бываў у Вільнюсе — там вельмі многа нашага захоўваецца. Уладзімір Караткевіч, з якім мы добра сябравалі і жылі ў дамах насупраць, смяяўся, што я там больш жыву, чым у Мінску. “Ну, што ты знайшоў?” — пытаў мяне пасля кожнай паездкі. Кажу: і гэта, і тое, і тое. “А што прывёз?” Вядома, нічога, бо “не положено”, не нашае гэта ўжо багацце.
— Большасць вывезеных скарбаў мы не можам сёння вярнуць. Але што ў нашых сілах? Якім чынам можам пазнаёміць з імі беларусаў?
— Рэстытуцыя гістарычных і культурных каштоўнасцей Беларусі, якія апынуліся за мяжой, з’яўляецца дзяржаўнай задачай. Вядома, калі пачаць ваяўніча з “аддай”, нічога не атрымаецца. Для пачатку можна выстаўкамі абмяняцца. Пасля — паспрабаваць правесці абмен каштоўнасцямі — ён вядзецца ва ўсім свеце. У нас не так шмат замежных экспанатаў, але яны ёсць.
— Нашмат больш важна за рэстытуцыю матэрыяльных каштоўнасцей вяртанне нематэрыяльнага. За мяжой пражывае каля 3,5 мільёна беларусаў. Аднак сувязь з радзімай падтрымліваюць далёка не ўсе, хоць праводзяцца ў краіне і з’езды, і фестывалі мастацтваў беларусаў свету. Як вы мяркуеце, ці дапаможа наладзіць больш цесную сувязь выхадцаў з Беларусі з гістарычнай радзімай “пасведчанне суайчынніка”, якое прапануецца ўвесці?
— Калі чалавек адчувае сябе беларусам, то ён нешта робіць для сваёй краіны, культуры, мовы і робіць гэта без усялякага пасведчання. Да прыкладу, вельмі моцная і актыўная беларуская дыяспара ў ЗША. Галоўнае не паперка, а тое, што ў цябе ў душы. Але камусьці можа быць проста прыемна, што пра яго памятаюць на радзіме і прызнаюць сваім.
— Чытаючы вашы ўспаміны пра сяброўства з Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, бурнае літаратурнае жыццё, думаецца, як сумна мы жывём. Няма тых імёнаў і адкрыццяў, што раней. Ці я памыляюся? Як ацэньваеце ўзровень сучаснай літаратуры?
— Адам Восіпавіч, вы нямала зрабілі для сваёй роднай Астравеччыны. Прысвяцілі ёй кнігу, дапамагалі ў пошуку вядомых землякоў і стварэнні краязнаўчага музея. Не кожны мае магчымасць напісаць кнігу пра малую зямлю ці, скажам, пабудаваць на ёй храм, але што ў сілах кожнага з нас зрабіць для сваёй малой радзімы?
— Няважна, дзе жыве чалавек, у сталіцы ці за мяжой, ён не павінен забываць, адкуль пайшоў, дзе яго карані. Задача кожнага з нас — усебакова ўзбагачаць сваю малую зямлю. І духоўна, і матэрыяльна. Скажам, ты ўладальнік вялікай гандлёвай сеткі. Самае мізэрнае, што ты можаш зрабіць, — адкрыць філіял магазіна ў сваёй вёсцы ці сельсавеце, ведаючы, як часам кульгае інфраструктура ў сельскай мясцовасці.
— Колькі мы з вамі ні сустракаліся раней, вы заўсёды казалі, што марыце з’ехаць на родную Астравеччыну і спакойна пісаць, ды грамадскія абавязкі ўсё не адпускалі з Мінска. Ці не час якраз у Год малой радзімы спраўдзіць мару?
— Папалі ў самую кропку. Збіраюся перабрацца ў родныя мясціны, як толькі пацяплее. Па-першае, паветра ў вёсцы чысцейшае і здаравейшае. А па-другое, чым далей ад сталіцы, тым больш магчымасцей заняцца ўласнай творчасцю. Хачу, нарэшце, узяцца за ўспаміны. Дзённікі я вяду з 1943 года, яшчэ немцы стаялі ў краіне. Спачатку пісаў сшыткі на польскай мове. Калі пайшоў вучыцца ў Астравецкую школу, перайшоў на рускую, бо па-польску там ніхто не разумеў. А калі паступіў у аспірантуру пасля адпрацоўкі па размеркаванні ў Радашковіцкай раённай газеце, стаў пісаць пераважна па-беларуску. Дарэчы, менавіта ў Радашковічах я зразумеў: нецікавых мясцін на тэрыторыі нашай краіны няма. Хіба адтуль і нарадзілася мая цікавасць да даследаванняў. Акрамя мемуараў, хачу ўзяцца за серыю работ пра нашых прэтэндэнтаў у святыя. Зараз у краіне ідзе працэс беатыфікацыі заснавальніка касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску Эдварда Вайніловіча. Але ёсць яшчэ годныя асобы — гэта каталіцкі святар, грамадска-нацыянальны дзеяч і паэт Казімір Сваяк і дыпламат, даследчык Японіі Іосіф Гашкевіч. Што яшчэ? Ёсць ідэі, але паспець бы хоць гэта.
mila@sb.by
Фота БЕЛТА