У Год малой радзімы прафесар Адам Мальдзіс вырашыў пераехаць са сталіцы на родную астравеччыну

Нецікавых мясцін няма

Як толькі не называюць Мальдзіса: “хадзячай энцыклапедыяй”, “чалавекам-аркестрам”, “літаратуразнаўчай школай”, “Калумбам беларускай гісторыі”. На яго рахунку дзясяткі ёмістых кніг і манаграфій, сотні, а можа, ужо і тысячы літаратуразнаўчых і культуралагічных артыкулаў, а яшчэ шматлікія цікавыя і часам сенсацыйныя адкрыцці. Менавіта Мальдзіс адкапаў “Полацкі сшытак”, адшукаў некалькі слуцкіх паясоў, вывезеных з Беларусі, даказаў, што Міхал Клеафас Агіньскі пісаў свае паланэзы ў смаргонскім Залессі, і гэтак далей. Доктар філалагічных навук, прафесар, даследчык і першаадкрывальнік, нястомны грамадскі дзеяч і краязнавец, ён і ў свае 85 не ведае адпачынку. І хоць ужо некалькі месяцаў па рэкамендацыі дактароў не выходзіць з кватэры, не расстаецца з кнігамі і камп’ютарам.


— У мінулым жніўні вы адзначылі 85-годдзе. І, дзелячыся ў юбілей планамі на будучыню, расказвалі, што марыце аб стварэнні вялікай інфармацыйнай базы пра нашу краіну.

— Гэтая мара не мая асабістая, а дзяржаўная. Электронная энцыклапедыя “Рэспубліка Беларусь” — шматузроўневая база дакладных ведаў у інтэрнэт-прасторы — ствараецца пад кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі. І я думаю, што мы хутка дагонім суседнія краіны, дзе такія базы існуюць даўно. Да прыкладу, у Расіі інфармацыйны рэсурс ствараецца ўжо гадоў пяць. Са свайго боку я літаральна два тыдні таму скончыў працу над сістэматызацыяй той інфармацыі, якая назапасілася ў мяне за шматлікія гады. Цяпер справа за іншымі.

— Адам Восіпавіч, памятаю, быў час, калі вы адмаўляліся карыстацца мабільным тэлефонам. Сёння, бачу, у вас зусім іншае стаўленне да новых тэхналогій?

— Калі мабільным тэлефонам карыстаюся выключна для сувязі, то камп’ютар сапраўды дапамагае ў многіх пытаннях. Працаваць магу не выходзячы з дому. Электронным спосабам здабыць інфармацыю можна вельмі хутка. Але ў інтэрнэце шмат непатрэбнага і недакладнага. Чаму так важна стварыць інфармацыйную базу краіны? Каб у людзей была магчымасць атрымліваць падрабязную і, галоўнае, дакладную інфармацыю аб гісторыі і жыцці нашай краіны. Сёння ўсё вельмі хутка развіваецца. І людзям патрэбная свежая інфармацыя, а не толькі са старых энцыклапедый і даведнікаў. Але стварыць інфармацыйную базу — адна справа. Важна яе яшчэ сістэмна папаўняць.

— Нямала гадоў вы прысвяцілі пошуку і вяртанню нацыянальных каштоўнасцей, вывезеных за мяжу. Пра якія страты шкадуеце найбольш?

— Страт вельмі многа. І слуцкія паясы, і партрэты Радзівілаў, і крыж Еўфрасінні Полацкай, і Полацкае Евангелле... Уявіце сабе, каля 90 працэнтаў беларускага нацыянальнага скарбу раскідана па розных кутках свету: ад ЗША да Кітая і Японіі. У мяне складзена падрабязная картатэка, дзе распісана, што і ў якіх краінах знаходзіцца. Найбольш нашых каштоўнасцей захоўваецца ў Расіі, Літве, Польшчы, Украіне і, вядома, Германіі. Шмат давялося ў свой час папрацаваць у фондах розных краін. Сядзіш, перапісваеш ад рукі цікавыя згадкі і запісы. Сёння, калі ўсюды стаяць прынтары і сканеры, гэта здаецца варварствам. А раней інакш было немагчыма. Асабліва часта бываў у Вільнюсе — там вельмі многа нашага захоўваецца. Уладзімір Караткевіч, з якім мы добра сябравалі і жылі ў дамах насупраць, смяяўся, што я там больш жыву, чым у Мінску. “Ну, што ты знайшоў?” — пытаў мяне пасля кожнай паездкі. Кажу: і гэта, і тое, і тое.  “А што прывёз?” Вядома, нічога, бо “не положено”, не нашае гэта ўжо багацце.  

— Большасць вывезеных скарбаў мы не можам сёння вярнуць. Але што ў нашых сілах? Якім чынам можам пазнаёміць з імі беларусаў?

— Рэстытуцыя гістарычных і культурных каштоўнасцей Беларусі, якія апынуліся за мяжой, з’яўляецца дзяржаўнай задачай. Вядома, калі пачаць ваяўніча з “аддай”, нічога не атрымаецца. Для пачатку можна выстаўкамі абмяняцца. Пасля — паспрабаваць правесці абмен каштоўнасцямі — ён вядзецца ва ўсім свеце.  У нас не так шмат замежных экспанатаў, але яны ёсць.

— Нашмат больш важна за рэстытуцыю матэрыяльных каштоўнасцей вяртанне нематэрыяльнага. За мяжой пражывае каля 3,5 мільёна беларусаў. Аднак сувязь з радзімай падтрымліваюць далёка не ўсе, хоць праводзяцца ў краіне і з’езды, і фестывалі мастацтваў беларусаў свету. Як вы мяркуеце, ці дапаможа наладзіць больш цесную сувязь выхадцаў з Беларусі з гістарычнай радзімай “пасведчанне суайчынніка”, якое прапануецца ўвесці?

— Калі чалавек адчувае сябе беларусам, то ён нешта робіць для сваёй краіны, культуры, мовы і робіць гэта без усялякага пасведчання. Да прыкладу, вельмі моцная і актыўная беларуская дыяспара ў ЗША. Галоўнае не паперка, а тое, што ў цябе ў душы. Але камусьці можа быць проста прыемна, што пра яго памятаюць на радзіме і прызнаюць сваім.

— Чытаючы вашы ўспаміны пра сяброўства з Уладзімірам Караткевічам, Янкам Брылём, бурнае літаратурнае жыццё, думаецца, як сумна мы жывём. Няма тых імёнаў і адкрыццяў, што раней. Ці я памыляюся? Як ацэньваеце ўзровень сучаснай літаратуры?

— Я больш-менш арыентуюся ў сучаснай літаратуры, хоць пачынаў як даследчык XIX стагоддзя. Ёсць цікавыя аўтары. Але, ведаеце, пры жыцці цяжка вызначыць, хто чаго варты. Хаця папулярнасць аўтара можна ацаніць па тым, як купляюць яго кнігі. Вось патрапіць імя ў даведнік накшталт шасцітомніка “Беларускія пісьменнікі”, над якім я працаваў, здаецца, трынаццаць гадоў, значыць, годны аўтар. Сёння літаратура становіцца больш масавай, выдаць кніжку становіцца нашмат прасцей, абы былі грошы, а таму, на жаль, павялічваецца колькасць графаманаў. Але яшчэ раз кажу — час усё расставіць па месцах.

— Адам Восіпавіч, вы нямала зрабілі для сваёй роднай Астравеччыны. Прысвяцілі ёй кнігу, дапамагалі ў пошуку вядомых землякоў і стварэнні краязнаўчага музея. Не кожны мае магчымасць напісаць кнігу пра малую зямлю ці, скажам, пабудаваць на ёй храм, але што ў сілах кожнага з нас зрабіць для сваёй малой радзімы?

— Няважна, дзе жыве чалавек, у сталіцы ці за мяжой, ён не павінен забываць, адкуль пайшоў, дзе яго карані. Задача кожнага з нас — усебакова ўзбагачаць сваю малую зямлю. І духоўна, і матэрыяльна. Скажам, ты ўладальнік вялікай гандлёвай сеткі. Самае мізэрнае, што ты можаш зрабіць, — адкрыць філіял магазіна ў сваёй вёсцы ці сельсавеце, ведаючы, як часам кульгае інфраструктура ў сельскай мясцовасці.

— Колькі мы з вамі ні сустракаліся раней, вы заўсёды казалі, што марыце з’ехаць на родную Астравеччыну і спакойна пісаць, ды грамадскія абавязкі ўсё не адпускалі з Мінска. Ці не час якраз у Год малой радзімы спраўдзіць мару?

— Папалі ў самую кропку. Збіраюся перабрацца ў родныя мясціны, як толькі пацяплее. Па-першае, паветра ў вёсцы чысцейшае і здаравейшае. А па-другое, чым далей ад сталіцы, тым больш магчымасцей заняцца ўласнай творчасцю. Хачу, нарэшце, узяцца за ўспаміны. Дзённікі я вяду з 1943 года, яшчэ немцы стаялі ў краіне. Спачатку пісаў сшыткі на польскай мове. Калі пайшоў вучыцца ў Астравецкую школу, перайшоў на рускую, бо па-польску там ніхто не разумеў. А калі паступіў у аспірантуру пасля адпрацоўкі па размеркаванні ў Радашковіцкай раённай газеце, стаў пісаць пераважна па-беларуску. Дарэчы, менавіта ў Радашковічах я зразумеў: нецікавых мясцін на тэрыторыі нашай краіны няма. Хіба адтуль і нарадзілася мая цікавасць да даследаванняў. Акрамя мемуараў, хачу ўзяцца за серыю работ пра нашых прэтэндэнтаў у святыя. Зараз у краіне ідзе працэс беатыфікацыі заснавальніка касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску Эдварда Вайніловіча. Але ёсць яшчэ годныя асобы — гэта каталіцкі святар, грамадска-нацыянальны дзеяч і паэт Казімір Сваяк і дыпламат, даследчык Японіі Іосіф Гашкевіч. Што яшчэ? Ёсць ідэі, але паспець бы хоць гэта.

mila@sb.by

Фота БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter