«Нестратэгічны» плацдарм

70 гадоў назад армія з партызанамі вызвалілі Нараўляншчыну

70 гадоў назад рэгулярныя часці Чырвонай арміі сумесна з партызанамі вызвалілі Нараўляншчыну

...Фашысцкая навала дакацілася да гэтага жывапіснага куточка Прыпяцкага Палесся літаральна праз месяц пасля 22 чэрвеня 1941-га. Як сцвярджаюць сведкі, першыя гітлераўцы з’явіліся на Нараўляншчыне ў раёне вёскі Даўляды. Пешыя і матарызаваныя групы іх прыбылі сюды па аўтадарозе Рэчыца—Оўруч, больш вядомай як «варашылаўскі шлях» (будавалася яна для забеспячэння савецкіх войскаў на лініі Сталіна). А адсюль — на катарах пад чырвонымі фашысцкімі штандарамі — значная частка акупантаў неўзабаве сплыла да Мазыра, ужо пакінутага нашымі войскамі. Там, высадзіўшыся ў раёне старой плошчы, яны перапалохалі гараджан, што былі на рынку і, арыентуючыся па тых самых чырвоных сцяжках на суднах, прынялі немцаў за сваіх.

А нараўлянская зямля між тым нібы застыла ў здранцвенні. Паўсюдна — нязменныя атрыбуты ўсталявання «новага парадку»: масавы тэрор, разбурэнні, забойствы. Асабліва адчулі на сабе «цану» нямецкага генацыду яўрэі, якіх у Нароўлі і навакольных вёсках жыло нямала. Для вырашэння «яўрэйскага пытання» ўслед за войскамі вермахта прыбылі сюды айнзац- і зондэркаманды, жандармы, служачыя тайнай паліцыі і іншыя карныя органы. Адна з паланянак нараўлянскага гета Вольга Палянская пасля перамогі сведчыла: «Мой муж — яўрэй. Перад уваходам немцаў у Нароўлю я з сынамі і дачкой узростам ад года да чатырох з паловай з’ехала да маці ў вёску Ліхаўня. Там даведалася, што дзяцей яўрэяў гітлераўцы забіваюць. Каб выратаваць сваіх, пераязджала з вёскі ў вёску да знаёмых. Так працягвалася да красавіка 1942 года, калі мы вярнуліся ў Ліхаўню. Стараста вёскі заявіў пра нас у паліцыю. Не зважаючы на дзіцячы плач, просьбы, паліцаі кінулі на воз старэйшых хлапчукоў, вырвалі з маіх рук дачку. Я страціла прытомнасць. Відавочцы расказвалі: пакуль дзяцей везлі за вёску, увесь час білі. Потым іх расстралялі. Асабліва здзекаваліся над дзяўчынкай: падкідвалі ўгару і стралялі. Двойчы не пацэлілі, і дзіцё падала на лёд. Толькі ў трэці раз куля спыніла яго пакуты...»

Не стваралі прывілей «сапраўдныя арыйцы» і для іншых нацыянальнасцей. Пад плітамі брацкай магілы ў нараўлянскім парку побач з 14 забітымі землякамі — астанкі жонкі палітрука Уладзіміра Шчэрбіна Варвары і трох іх малалетніх дзяцей. Па заданні камандавання спецатрада разведчыкаў Генштаба Чырвонай арміі, што дзейнічаў на нараўлянскай зямлі, акружэнец уладкаваўся ў мясцовую хлебапякарню, каб дапамагаць прадуктамі сем’ям чырвонаармейцаў. Калі немцы дакапаліся да гісторыі «хлебапёка», Уладзіміра папярэдзілі, і ён вярнуўся ў атрад Нікалаева (Сокалава). Яго ж родных спасціг горкі лёс: фашысты вывезлі іх у парк і расстралялі...

«Мартыралог» 27 месяцаў гітлераўскай акупацыі раёна — 19 спаленых цалкам населеных пунктаў і 14 — часткова. Нярэдка з жыхарамі. 600 жыхароў раёна забітыя і замучаныя акупантамі, значная частка з іх — жанчыны і дзеці. Сёстры Хатыні і Дальвы на Нараўляншчыне — вёскі Антонаў, Вуглы, Вяпры, Грушаўка, Гута, Дзямідаў, Лубень, Мальцы, Нічыпараўка... У Нароўлі акупанты спалілі некалькі вуліц, узарвалі сярэднюю і сямігадовую школы, зруйнавалі Дом культуры, будынкі райкама партыі, ваенкамата, гарадскога Савета, кандытарскай фабрыкі... Зніклі тысячы каштоўных кніг з фондаў раённай бібліятэкі, не пашкадавалі фашысты і велічны парк, пасаджаны памешчыкамі Горватамі: тут праводзілася масавая нарыхтоўка драўніны.

— Многае сплялося ў цесны клубок у тыя гады: страх і адчай, мужнасць і здрада, вера і бязвер’е, — сцвярджае ў размове старшыня Нараўлянскага раённага савета ветэранаў Мікалай Ваўрантовіч. — Але большасць нашых землякоў не скарылася ворагу. На базе знішчальнага батальёна ў тутэйшых лясах быў сфарміраваны асобны Нараўлянскі партызанскі атрад. Актыўнае і масавае супраціўленне ворагу разгарнулася ў другой палове 1942-га, калі ў раёне пачаў свае баявыя рэйды атрад імя Кірава пад камандаваннем Уладзіміра Яромава (на аснове яго пазней утворана 27-я Нараўлянская брыгада). Партызаны атрада разграмілі паліцэйскія ўчасткі ў вёсках Мухаеды (Кіраў), Дзёрнавічы, гарнізон у Белабярэжскай Рудні, які ахоўваў важны для немцаў аб’ект — мост цераз раку Славечна. Сур’ёзна білі немцаў і паліцаяў злучэнні Каўпака, Фёдарава і Сабурава, якія пераправіліся цераз Днепр у раёне Лоева, вызвалілі гэты гарпасёлак ад фашыстаў і іх прыслугачоў і наладзілі на лоеўскай плошчы памятны кастрычніцкі парад з радыётрансляцыяй з Масквы.

І хаця нараўлянская зямля ў выніку не стала стратэгічным плацдармам, дзе сыходзіліся, накшталт бітвы за Днепр, у бескампрамісным паядынку з праціўнікам значныя сілы, тут, без сумнення, таксама закладваўся важкі камень у падмурак вызвалення краіны. Апантаны аматар музейнай справы і даследчык гістарычнай спадчыны нараўлянскага краю, кіраўнік краязнаўчага гуртка СШ № 2 Васіль Чайка, засноўваючыся на вусных і дакументальных сведчаннях, можа гадзінамі распавядаць «о походах наших, о боях с врагами». Слухаеш яго, а перад вачамі паўстаюць то падбітыя нямецкія танкі, што доўга яшчэ ржавелі на полі пад Даўлядамі, то скошаныя варожымі кулямі ў жорсткім баі на Карпаўскай гары маладыя чырвонаармейцы і партызаны, якія літаральна ўгрызаліся ва ўмацаваную лінію абароны немцаў каля Грыдняў і Вербавічаў. То адважныя каўпакоўцы, што рашучым штурмам авалодалі і патапілі водную флатылію немцаў на Прыпяці — вялікі параход «Гофман» і шэсць бронекатараў, падрыхтаваных для перакідвання жывой сілы і ўзбраення гітлераўцаў на дняпроўскі «Усходні вал»... Каб пакончыць з партызанамі і падпольшчыкамі, што дзейнічалі ў раёне, немцам прыйшлося зняць дзве дывізіі з фронту, уключаючы элітную эсэсаўскую. Але партызаны не толькі прарвалі той прыгатаваны для іх «мокры мех» у трохвугольніку Прыпяці і Дняпра, але і разам з іншымі атрадамі мсціўцаў і воінамі 415-й стралковай дывізіі 13-й ударнай арміі 1-га Украінскага фронту нанеслі новыя адчувальныя ўдары па акупантах. Перспектыва аказацца ў «катле» фашыстаў не вабіла, і яны, пакідаючы забітых і параненых, баявую тэхніку, адышлі з Нароўлі да Барбарова...

Сучаснікі-нараўляне свята шануюць памяць не толькі аб знакамітых земляках, што здабылі ратную славу для сваёй малой і вялікай Радзімы. На гарадской Алеі Славы сустракаюць партрэты Герояў Савецкага Саюза Андрэя Корзуна і Майсея Співака, чые імёны носяць вуліцы Нароўлі. Яны здзейснілі свае неўміручыя подзвігі пры абароне Ленінграда і ў Курскай бітве. У ганаровым суседстве з імі тут імёны «партызанскага акадэміка», заслужанага ўрача краіны Казіміра Градзіцкага, які ў непрыстасаваных умовах выканаў больш за паўсотні аперацый лясным мсціўцам і падпольшчыкам, славутай разведчыцы злучэння Каўпака Аляксандры Дзямідчык, дзякуючы рашучасці якой у перамовах з начальнікам славацкага гарнізона Ёзэфам Гусарам былі выратаваны сотні жыццяў баявых таварышаў. Побач — вызваліцелі-ардэнаносцы Алег Садоўскі, Данііл Булава, Мікалай Зязётка... На плітах 21 воінскага захавання і стэлах 16 абеліскаў пазначаны 93 прозвішчы воінаў, што загінулі смерцю храбрых пры вызваленні нараўлянскай зямлі. А музеі і кнігі памяці раёна захоўваюць больш за 4 тысячы імён жыхароў Нараўляншчыны — чырвонаармейцаў, партызан і падпольшчыкаў, што загінулі за свабоду сваёй краіны на перадавой і ў тыле.

-----------------------------------------

Старшыня Нараўлянскага райвыканкама Валерый ШЛЯГА:

— Многіх з неўміручай кагорты землякоў, абаронцаў Айчыны мы згадаем і ўшануем у час урачыстасцей з нагоды 70-годдзя вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў. На жаль, жывых удзельнікаў тых падзей засталося няшмат — дванаццаць. Увогуле, клопаты аб ветэранах вайны і працы, захаванні памяці аб тых, хто паклаў жыцці на алтар вызвалення, для ўлад раёна застаюцца ў ліку найважнейшых. Мэтанакіравана працуем над падтрыманнем у належным стане месцаў воінскіх захаванняў і памятных мясцін Вялікай Айчыннай, у тым ліку ў зоне адчужэння. За апошнія гады адрамантаваны помнікі ў Кіраве, Дзямідаве, Галоўчыцах, Лубені, рыхтуем сур’ёзную рэканструкцыю манумента на брацкай магіле ў Даўлядах. У Кіраве з дапамогай актывістаў «Белай Русі» ўстанавілі помнік расстралянай фашыстамі мясцовай настаўніцы і партызанскай сувязной Ірыне Чарнецкай. Адметныя даты вызвалення Нараўляншчыны, а ў наступным годзе — і краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — добрая падстава для самасцвярджэння. І доказ: раён сёння жыве паўнакроўным жыццём, а яго жыхары аддана вераць у аптымістычную будучыню сваёй малой радзімы.

-----------------------------------------

Фота: Мікалай ЖДАНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter