У пятніцу раніцай Мінск заваліла снегам. За чатыры гадзіны тут выпала прыблізна 20 працэнтаў месячнай нормы ападкаў

Непуцевы студзень

У пятніцу раніцай Мінск заваліла снегам. За чатыры гадзіны тут выпала прыблізна 20 працэнтаў месячнай нормы ападкаў, выраслі сапраўдныя гурбы. «Накрыла толькі сталіцу, — кажа Святлана Рыбакова, галоўны сіноптык гідра­ме­тэаралагічных прагнозаў. — У астатніх абласцях усё больш-менш спакойна. На Брэстчыне, напрыклад, вышыня снежнага покрыва вырасла ўсяго на 1—3 сантыметры».



Чаму ж завея завітала выключна ў сталіцу, галоўны сіноптык патлумачыла так: «Гэты горад найбольш цёплы». 

Так гэта ці не, не ведаю. Затое ведаю іншае: у пятніцу раніцай многім мінчанам прыйшлося змяніць аўтобусы і аўто на пешыя прагулкі. Як звычайна, транспарт стаяў на праспекце Незалежнасці, вуліцах Арлоўскай, Нямізе, Леніна, Інтэрнацыянальнай. Хуткасць яго ў горадзе вельмі значна знізілася. «Аварый, у якіх пацярпелі б людзі, раніцай не зафіксавана», — праглядае зводку Таццяна Харлінская, кіраўнік прэс-службы ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Яшчэ адна бяда, якая ў пятніцу нагадала пра сябе, — летняя гума. Колькі ўжо гаварылі інспектары вадзіцелям «пераабуць» машыны, але пачулі, відаць, не ўсе. Сярод іх і вадзіцелі трох іншамарак, што ладна запаволілі рух на вуліцы Пляханава. «Яны не маглі ўзяць невялікі пад’ём, стаяць прыйшлося хвілін дваццаць. Ледзь на працу паспеў», — паскардзіўся па тэлефоне мінчанін Аляксей Курбатаў. 

Шкада, што па горадзе самалёты не лятаюць. Бо, як паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта, там усё ідзе ў штатным рэжыме.

А вось цягнікі крыху спазняліся. «У сярэднім затрымка складала 10—15 хвілін, — паведамляе Іван Вайцяховіч, начальнік службы перавозак Беларускай чыгункi. — Але мы хутка паднялі на ўборку дадатковых супрацоўнікаў, і ўжо праз дзве гадзіны графік руху нармалізаваўся». 

Калі гаварыць пра аўтамагістралі па ўсёй краіне, то самая складаная сітуацыя ўзнікла ў Мінскай і Віцебскай абласцях. Снежнай раніцай на ўборцы рэспубліканскіх дарог працавала 800 адзінак тэхнікі. 

Да сярэдзіны пятніцы надвор’е змянілася: замест завеі прыйшоў мокры снег з дажджом. «У выхадныя чакаецца няўстойлівае надвор’е з ападкамі пераважна ў выглядзе мокрага снегу і дажджу, — інфармуюць сіноптыкі. — Тэмпература будзе трымацца прыблізна на ўзроўні нуль градусаў».

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katya@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter