Непрыступны. Хоць і не для абарончых мэт

КАЛІ БАЧЫШ Косаўскі палац, на высокіх сценах якога моцны адбітак пакінулі шматлікія гістарычныя падзеі, ствараецца ўражанне сустрэчы з непаўторным шэдэўрам дойлідства. І сапраўды, велічны прыгажун, што ўзвышаецца над лясным масівам побач з нядаўна адноўленай сядзібай Тадэвуша Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёна, нават у паўразбураным стане выглядае казачным. Між тым зараз актыўна вядзецца рэстаўрацыя гэтага ўнікальнага замка, і не за гарамі час, калі пад яго зводамі зноў закіпіць жыццё.

Косаўскі палац, што ў Івацэвіцкім раёне, адзін з самых “маладых” у Беларусі, але ж зараз перажывае другое нараджэнне.

КАЛІ БАЧЫШ Косаўскі палац, на высокіх сценах якога моцны адбітак пакінулі шматлікія гістарычныя падзеі, ствараецца ўражанне сустрэчы з непаўторным шэдэўрам дойлідства. І сапраўды, велічны прыгажун, што ўзвышаецца над лясным масівам побач з нядаўна адноўленай сядзібай Тадэвуша Касцюшкі ва ўрочышчы Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёна, нават у паўразбураным стане выглядае казачным. Між тым зараз актыўна вядзецца рэстаўрацыя гэтага ўнікальнага замка, і не за гарамі час, калі пад яго зводамі зноў закіпіць жыццё.

Косаўскі палац (такую назву ён атрымаў дзякуючы блізкаму суседству з невялікім мястэчкам Косава) — адзін з самых маладых у Беларусі. Яго будаўніцтва пачалося ў 1838 годзе па ініцыятыве Казіміра Пуслоўскага — прадстаўніка мясцовага заможнага роду. Скончыў гэтую справу яго сын Вандалін, прычым работы па ўзвядзенні непаўторнага па прыгажосці палаца працягваліся ўсяго два гады. Яго называюць то палацам, то замкам, і, што цікава, як першы, так і другі варыянт адпавядаюць такому азначэнню. Косаўскі палац не прызначаўся для абарончых мэт, хаця меў выгляд менавіта непрыступнай крэпасці. Такім ён застаўся да нашага часу, так будзе выглядаць і пасля рэканструкцыі. Яго дойлідскія шэдэўры ў выглядзе зубчатых вежаў, стрэльчатых вокнаў і байніц распрацоўвалі вядомыя архітэктары Францішак Яшчолд і Уладзіслаў Марконі.

Усю непаўторнасць, арыгінальнасць гэтага помніка гісторыі, пабудаванага ў псеўдагатычным стылі, спецыялісты ААТ “Брэстрэстаўрацыя”, якое з’яўляецца генпадрадчыкам аднаўленчых работ, імкнуцца захаваць. Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Казакоў расказаў “БН”, што рэстаўрацыя аб’екта падзелена на два этапы. Агульны кошт работ складае каля 15 мільярдаў рублёў, звыш 4 мільярдаў плануецца асвоіць у бягучым годзе.  Сродкі на аднаўленне былой рэзідэнцыі графаў Пуслоўскіх паступаюць з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.

Пасля распрацоўкі праекта рэстаўрацыі, якая была завершана ў 2007 годзе, паступова палац набывае былыя рысы. Зроблена многае: узмоцнены і ізаляваны ад вільгаці падмуркі, абсталяваны перакрыцці, вывезены дзясяткі тон смецця. Месцамі над аздобленымі зубчатымі вежамі сценамі з’явіўся дах, зроблены ў стылі, характэрным для сярэдзіны ХІХ стагоддзя. 

Сёлета будаўнікі разлічваюць завяршыць рэстаўрацыю фасадаў будынка, аднавіць некаторыя яго фрагменты, скончыць дах, устанавіць вокны і дзверы. Ужо заўважана, як паступова велічны палац ажывае. У паўразбураным стане ён прастаяў не адно дзесяцігоддзе і тым не менш, як і раней, уражваў сваімі  памерамі,  а таксама ацалелымі элементамі дэкору. Паводле гістарычных звестак, у ХІХ стагоддзі рэзідэнцыя Пуслоўскіх пад Косавам была адной з прыгажэйшых і шыкоўнейшых у Еўропе. З ёй звязана мноства легендаў. Адна з іх распавядае аб тым, што падчас будаўніцтва замка Сапегаў у Ружанах быццам быў пракапаны падземны ход даўжынёй у 25 кіламетраў. У гэта і хацелася б паверыць, але гістарычныя крыніцы сведчаць: апошнюю перабудову ў Ружанскім палацы правялі прыкладна за стагоддзе да таго, калі быў узведзены замак Пуслоўскіх.

Ёсць і іншыя цікавыя звесткі. Да прыкладу, краязнаўцы, гісторыкі згадваюць, што заможных наведвальнікаў Косаўскага палаца вельмі ўражвала багатае аздабленне некаторых пакояў і рыбкі, якія плавалі ў празрыстай вадзе пад шкляной падлогай. Як бы там ні было на самай справе, у адноўленай рэзідэнцыі роду Пуслоўскіх сапраўды ёсць задума пакласці шкляную падлогу і ўстанавіць акварыўмы пад ёй.

А ўвогуле, за адведзены на рэстаўрацыю перыяд замак павінен ператварыцца ва ўнікальны гістарычна-культурны і гасцінічны комплекс. Сёння гэты сіметрычны да апошняй цаглінкі будынак, моцна пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны,  усё выразней набывае былыя абрысы. Урочышча Мерачоўшчына, дзе ён узвышаецца, штодзень наведваюць айчынныя і замежныя турысты. Пасля 2015 года, калі рэстаўрацыю палаца плануецца цалкам завяршыць, іх, напэўна, стане яшчэ больш.

Александр КУРЕЦ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter