Непрыступная шыпшына.

Патлумачце словы з народнай вясельнай песні: “На сыну пасадзіла чырвону каліну... на маладой нявестцы — калючу шыпшыну...”

Шыпшына атрымала сваю назву ад вострых шыпоў. У адным з паданняў распавядаецца пра тое, што ў шыпшыну была ператворана дзяўчына, якая пакахала хлопца, але аднаму з паноў таксама прыглянулася тая прагажуня. Яна не захацела пакарыцца пану, прыбегла ў лес і ператварылася ў куст з ружовымі кветкамі. Аднойчы пан паехаў на паляванне, убачыў кветкі, захацеў наламаць, каб аднесці сваёй жонцы. І ў гэты ж час на ветках з’явіліся шыпы. Пан параніўся да крыві, але так і не змог сарваць ніводнай кветкі. З тых часоў кусты з ружовымі кветкамі і пачалі зваць шыпшынай.

  • З часоў глыбокай старажытнасці шыпшына сімвалізавала мужчынскае цела і маладосць. У Лады, багіні кахання ўсходніх славян, было два сыны: Лель (Амур) і Палель (Гіміней) — бог шлюбу. У паданнях Палель прыходзіў на вяселле ў пазалачоным адзенні, яго галаву заўсёды ўпрыгожваў вянок з шыпшыны.
  • У беларускім фальклоры шыпшына іншы раз сімвалізавала боль, пакуты, варожасць. Так, у адной з песень адлюстроўваюцца думкі свякрухі: “На сыну пасадзіла чырвону каліну... на маладой нявестцы — калючу шыпшыну...”
  • З шыпшыны варылі варэнне, кісялі, сушылі яе, таму што больш за ўсё карысных рэчываў (асабліва каштоўны ўзімку вітамін С) захоўваецца ў пладах, калі іх сушыць у цёмным і халаднаватым месцы.
  • Народныя лекары выкарыстоўвалі плады шыпшыны пры прастудзе, малакроўі, рэўматызме, гіпертаніі, а таксама як супрацьзапаленчы, мачагонны і жаўцягонны сродак. Адвар з пладоў шыпшыны п’юць падчас абмаражэнняў, пры нервовых захворваннях, адвар каранёў шыпшыны  дапамагае пры паралічы і захворванні ног.
  • Нашы продкі ўмелі рабіць алей з зярнятак шыпшыны, які паспяхова выкарыстоўвалі ў лячэнні гнойных ран, пролежняў, пухлін.
  • Тэрмін збору шыпшыны вагаецца ад апошніх дзён жніўня да першых дзён кастрычніка ў залежнасці ад надвор’я і спеласці пладоў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter