Непакорны Бягомль

Бяльмо на воку гітлераўцаў: у пасёлку амаль усю акупацыю дзейнічалі Савецкая ўлада і партызанскі аэрадром

Стратэгічная важнасць свабоднай ад акупантаў зоны была ў тым, што тут дзейнічаў аэрадром, якія абслугоўваў  23 партызанскія брыгады Мін- скай, Вілейскай і Віцебскай абласцей. На Бягомльскі аэрадром з Вялікай зямлі былі дастаўлены тысячы тон зброі і баявых запасаў, медыкаменты. Адсюль у савецкі тыл адпраўляліся дзеці  і параненыя байцы. З гэтага аэрадрома адлятала ў Маскву і легендарная Алена Мазанік, пасля таго, як знішчыла гаўляйтэра Кубэ. І нездарма сёння з аднаго боку Бягомля, на ўскрайку, стаіць на высокім пастаменце маленькі серабрысты самалёцік, а на другім баку, на скрыжаванні дарог, велізарны двухматорны самалёт-арыгінал ваеннага часу.

Перад маёй  камандзіроўкай у Бягомль  у карэспандэнцкі пункт “СГ” заглянуў жыхар Глыбокага Анатоль Сеўрукоў.  Ён дастаў невялікую папку і паведаў наступнае:

— Я не памятаю свайго бацьку Мікалая Паўлавіча, бо быў зусім малы, але ведаў са слоў маці, што ён ваяваў і на фронце, і ў партызанах. Мне вельмі хацелася даведацца пра гэту старонку яго жыцця. Пісаў у Міністэрства абароны рэспублікі, архівы Расійскай Федэрацыі, наш нацыянальны архіў. Нарэшце атрымаў дакументы, якія  расказваюць шмат цікавага пра бацьку. Аказваецца, ён быў на фронце камандзірам узвода коннай разведкі. Трапіў  пасля акружэння ў палон. Збег да партызан. Быў камандзірам роты брыгады “Жалязняк”, якая дзейнічала на Бягомльшчыне. Вось характарыстыка на яго, падпісаная  Героямі Савецкага Саюза камандзірам брыгады Іванам Цітковым і камісарам Сцяпанам Манковічам: “Праявіў сябе ў баях з нямецкімі захопнікамі. Асабліва вызначыўся пры разгроме гарнізона ворага ў Бягомлі, Докшыцах, станцыі Параф’янава, Далгі- нава. У баях за дарогу Зембін — Мсціж  яго ротай было знішчана звыш 40 немцаў забітымі і параненымі... Камандуючы  ротай пры прарыве лініі акружэння ў чэрвені 1944 года,  знішчыў 6 агнявых кропак ворага, 20 салдат і афіцэраў, вывеў роту з малымі стратамі... У баі смелы, ініцыятыўны, знаходлівы ў складанай абстаноўцы... Заваяваў сабе аўтарытэт сярод асабістага складу брыгады”.

У папцы ляжалі таксама выпіскі аб узнагароджанні Мікалая Сеўрукова   медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны” I ступені і ордэнам Чырвонай Зоркі.

Анатоль Мікалаевіч не проста прыйшоў у карэспандэнцкі пункт. Цяпер, ведаючы, дзе бацька ваяваў, у яго зацеплілася надзея, што, можа, адгукнецца хтосьці з аднапалчан, прачытаўшы газету. Па папярэдніх даведках, у самім Бягомлі такіх няма.

НЕЧАКАНАЯ знаходка чакала мяне ў Бягомльскім музеі народнай славы. Супрацоўніца музея Ала Сушко правяла невялікую экскурсію. Пераходзячы з залы ў залу, яна расказвала, як нараджаўся на Бягомльшчыне партызанскі рух. Спачатку былі невялікія атрады, па 10—15 чалавек: Кузіна, Манковіча, Бычкова і іншыя. З іх і вырасла знакамітая брыгада “Жалязняк”, якая граміла акупантаў, наводзіла на іх жах. У музеі — 17 тысяч экспанатаў. Сярод іх — трафейны бінокль камандзіра брыгады Івана Ціткова, цэх па вырабе мін і кавалерыйскіх шашак, зенітка, прыдуманая самімі партызанамі, якія скарысталі для гэтага  звычайнае кола ад воза. Уражвае  дыярама падземнага шпіталю. Васемнаццаць дзён у час блакады 30 параненых партызан і тры медсястры амаль без харчоў,  пітной вады сядзелі ў падзямеллі, але вытрымалі, выжылі.

У зале, адведзенай пад экспазіцыю Бягомльскага партызанскага аэрадрома, — макеты самалёта “Дуглас”, які часцей за ўсё  прылятаў з Вялікай зямлі, а таксама планераў, на якіх перавозілі  розныя грузы. Дарэчы, супрацоўніца музея заўважыла, што ахоўваў партызанскі аэрадром і яе бацька. А камандзірам у яго быў... Мікалай Сеўрукоў.

Мне падалося, што недачуў. Не можа быць такога супадзення?!

— Мікалай Сеўрукоў? — паўтарыў машынальна за ёй.

— Так, мой бацька, Уладзімір Сушко, быў радавым у роце, якой камандаваў Мікалай Сеўрукоў.

— А ці згадваў  ён што пра свайго камандзіра?

— А як жа — і шмат чаго. Гаварыў, што ротны быў храбры, вынослівы і справядлівы. Шанаваў байцоў, абдумваў заўсёды баявое заданне, ваяваў з хітрынкай. Запомніла эпізод з расказу бацькі, як іх рота ў чэрвені 1944-га па дарозе Баяры — Дубовік знішчыла дзве грузавыя машыны з афіцэрамі і салдатамі праціўніка, узяла трафеі і каштоўныя дакументы. Але больш бацька распавядаў пра тое, як іх рота ахоўвала партызанскі аэрадром. Гаварыў, што аднойчы, магчыма, ён збіў нават варожы самалёт.”Стаю, — кажа, —  захінуўшыся, на варце. Гляджу — ляціць немец. Ну я не вытрымаў і пальнуў па ім з вінтоўкі. Самалёт упаў. Можа, яшчэ хто страляў, акрамя мяне? Але аб тым, што я — не прызнаўся. За гэта самавольства маглі б добра ўзгрэць... “А пра сам аэрадром шмат цікавага  вам можа паведаць непасрэдны сведка тых падзей Уладзімір Герасімёнак, які ў свой час быў дырэктарам гэтага музея.

Неўзабаве з Уладзімірам Герасімёнкам, яшчэ даволі малажавым для пенсіянера шыракаплечым мужчынам,  мы стаялі на ўскрайку Бягомля, дзе ў гады вайны быў партызанскі аэрадром. Частка яго сёння аказалася пад жылымі дамамі, так разросся пасёлак, а там, дзе была ўзлётная паласа, зелянее лес.

— Я ўсё добра памятаю, — згадваў Уладзімір. — З бацькам часта прыязджаў за грузамі, якія дастаўлялі на самалётах і планерах. Апошнія былі з фанеры, і партызаны іх потым спальвалі. Фанера добра гарэла. А з пласцін алюмінію, якімі яна змацоўвалася, рабілі расчоскі, іншыя прадметы побыту. Мой старэйшы брат Мікалай  выплаўляў, напрыклад, ложкі. Былі ўмельцы, якія ладзілі нават міскі. Потым абменьвалі іх на прадукты. З харчамі было цяжка... Разгружалі самалёты і планеры надта хутка, за  хвілін дзесяць—пятнаццаць, каб не засеклі немцы. На месцы нічога не заставалася. База партызан была пад вёскай Баяры. Туды ўсё і перавозілі. Як цяпер бачу: сакавік, ноч, марозік. Добра бачна, як ляціць самалёт і цягне за сабой планер.Трос адчапляецца, і планер  ідзе на пасадку. У большасці выпадкаў нармальна,  але здаралася, што і разбіваліся. Трагедыяй аднойчы закончыўся пералёт літоўцаў-камуністаў. Загінула адразу васемнаццаць чалавек. У жывых засталася толькі адна жанчына. Пасля вайны яна не раз прыязджала ў Бягомль на сустрэчу з партызанамі. Увогуле ж пры пералёце праз лінію фронту і на самім аэрадроме разбілася каля сотні чалавек.  Немцы доўга ніяк не маглі вызначыць, дзе і калі канкрэтна садзіліся нашы самалёты і планеры. І ўсё ж аднаго разу неяк падлавілі.  Помню, восенню гэта было. У нас дома сабралі параненых партызан з усіх атрадаў. Нарэшце сігнал: ляціць самалёт. Параненых павезлі на аэрадром. І тут наляцеў фашыст і скінуў бомбу. Наш самалёт павярнуў назад. Параненых адправілі ў другі раз. Моцна бамбілі сам Бягомль, не засталося нічога жывога. Адразу пасля вызвалення  Бягомля аэрадром “засялілі” нашы самалёты. І што мяне ўразіла — пілотамі былі жынчыны...

ВЯРТАЮЧЫСЯ назад,  Уладзі- мір Герасімёнак звярнуў увагу на назву вуліц.

Усе, што прылягалі да былога партызанскага аэрадрома, названы ў гонар абаронцаў Бягомля: Івана Ціткова, Сцяпана Манковіча, Леаніда Бірукова... Удзячныя нашчадкі свята шануюць памяць сваіх герояў.

Разгромлены і спалены ў вайну Бягомль паўстаў з руін. Дзякуючы ўрадавай праграме развіцця малых гарадоў, асабліва за апошнія гады ён поўнасцю абнавіўся, расквіт- неў. Тут з’явіліся не толькі новыя магутныя вытворчасці, як завод “Ветразь”, але і шыкоўны аўтавакзал, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, гасцінічны комплекс, жылыя шматкватэрныя дамы.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь гарадскі пасёлак Бягомль узнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Уладзімір САУЛІЧ, “СГ”.

Фото аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter