Некранутая прырода і захапляльныя гісторыі. Светлагорскі раён — адзін з самых прамыслова і эканамічна развітых у Гомельскай вобласці.

І, як бывае ў такіх выпадках, шмат іншых яго асаблівасцей, у прыватнасці прыроды, гісторыі, застаюцца, што называецца, у цяні. А таму вызначэнне сямі галоўных цудаў — добрая магчымасць пашырыць рамкі знаёмства з раёнам, дзе сапраўды ёсць на што паглядзець і адпачыць так, што ўзнікне жаданне зноў сюды прыехаць.

І, як бывае ў такіх выпадках, шмат іншых яго асаблівасцей, у прыватнасці прыроды, гісторыі, застаюцца, што называецца, у цяні. А таму вызначэнне сямі галоўных цудаў — добрая магчымасць пашырыць рамкі знаёмства з раёнам, дзе сапраўды ёсць на што паглядзець і адпачыць так, што ўзнікне жаданне зноў сюды прыехаць.

Заказнік экалагічнага здароўя
Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Выдрыца” вельмі важны для экалагічнага здароўя горада і раёна. Ён знаходзіцца ў міжрэччы Олы, Выдрыцы і Бярэзіны. Гэта ўзор некранутай прыроды з густымі дубровамі, вялікімі балотамі. Пра адно з іх, Антонаўскае, багатае на торф, і сёння ходзяць цікавыя легенды. У заказніку нямала рэдкіх парод дрэў. Паміж 26 азёрамі растуць пушыстая бяроза, граб, мудрагеліста пераплятаюцца крушына, вярба. Ёсць нават чорная вольха. Тут водзяцца 142 віды птушак, 200 відаў наземных пазваночных жывёл, 670 — сасудзістых раслін, 14 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Паромная пераправа
Пабудавана ў пасляваенны час праз раку ў Парычах замест мастоў, якія былі ўзарваны ў розныя перыяды акупантамі. Адзіная ў сваім родзе на аўтадарогах рэспубліканскага значэння, яна злучае Жлобінскі і Светлагорскі раёны, зберагае на транзіце матэрыяльныя рэсурсы. Карыстаюцца паромам у асноўным у летні час сельгаспрадпрыемствы, калі вядуць нарыхтоўку кармоў — побач знаходзяцца заліўныя лугі. Спачатку паром быў на ручной цязе, потым буксіроўку ажыццяўляў трактар, а з 2000 года ён абсталяваны механічным прыстасаваннем.

Звон памяці і смутку
У брацкай магіле на скрыжыванні вуліц Савецкай і Сацыялістычнай у Светлагорску пахаваны 257 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баях пры вызваленні вёскі Шацілкі і іншых населеных пунктаў раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Помнік ім быў урачыста адкрыты 9 мая 1957 года. А ў маі 2005-га ён прадстаў адноўленым пасля рэстаўрацыі. У цэнтры архітэктурнай кампазіцыі, аўтарамі якой з’яўляюцца архітэктар Ігар Марозаў і скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, 9-тонны бронзавы звон — сімвал вечнай памяці і смутку па тых, хто застаўся на полі бітвы за сваю Радзіму.

Самы стары млын
Адноўлены млын у Міколіным урочышчы ў пасёлку Мольча становіцца славутасцю, якая прыцягвае ўвагу турыстаў. На яго жорнах можна ўбачыць клеймы Паўлінаўскага завода штучных жорнаў і даты — 1848 і 1878 гады. А гэта значыць, што млын — адзін з самых старых у рэспубліцы. У той жа час ён дзеючы. І яшчэ можа змалоць не адну тону зерня. Хаця вытворчай неабходнасці ў гэтым няма, хіба толькі для таго, каб паказаць, як зерне малолі нашы продкі. Зараз ва ўрочышчы гаспадарыць фермер Уладзімір Быхаўцаў. У хуткім часе тут з’явіцца комплекс з гатэля, харчэўні, дома народнай творчасці. Людзі, якія прыедуць сюды на адпачынак, змогуць парыбачыць у шчодрых на рыбу азёрах, пазбіраць ягад, грыбоў у лесе непадалёку, здзейсніць прагулку на конях, палюбавацца на стогадовыя дубы, экзатычных птушак і жывёл. Ва ўсялякім выпадку, такія планы адносна стварэння турыстычнага раю ёсць.

Мёртвае возера
На Светлагоршчыне налічваецца 29 азёр, агульная плошча якіх 290 гектараў. Кожнае па-свойму цікавае і непаўторнае. Аднак асобна ў гэтым шэрагу стаіць возера Сіняе, якое слыве самым загадкавым. Яно знаходзіцца ў балотным масіве непадалёку ад вёскі Сасноўка, плошча яго — каля трох квадратных кіламетраў, але абысці яго ці падступіцца да берага з якога-небудзь боку вельмі праблематычна — вакол дрыгва. Адсюль і другая яго назва — Дзікае. Лічыцца, што глыбіня возера 15 і больш метраў. Загадкавасць яшчэ ў тым, што яно мёртвае. У ім не знойдзена ніякай жыўнасці. Спрабавалі запусціць рыбу, аднак у хуткім часе яна знікала. Ёсць меркаванне, што на дне возера могуць быць мінеральныя крыніцы. Аднак наколькі яны карысныя — застаецца невядомым.
Пра гэта возера існуе легенда. Стаяў на яго месцы ў даўніну замак, у якім жыла прыгожая князёўна. Шмат мужчын дабіваліся яе рукі. Але ж вяльможная паненка ўсім адказвала. Ішоў час, ад яе прыгажосці нічога не засталося. Зніклі паклоннікі. Зарасла і дарога да замка. Прыгажуня ператварылася ў злую старую, стала здзекавацца з мясцовых жыхароў. Яны праклялі яе. Гавораць, што ў адзін момант замак разам з уладальніцай праваліўся пад зямлю, а на яго месцы ўтварылася возера. Сяляне між тым праз беды, якія сыпаліся на іх галовы, працягвалі адчуваць злыя чары князёўны. Таму ў возеры няма нічога жывога.

Прошча
Месца з такой назвай сустракаецца нярэдка. На Светлагоршчыне яно знаходзіцца ў дуброве са стогадовымі дрэвамі, побач з вёскай Хутар. Жыхары гавораць, што тут адчуваецца цудадзейная сіла, якая даруе грахі і натхняе на добрыя справы. Ёсць і свая душашчыпальная гісторыя. Калісьці ў дуброве была царква, побач з ёю — крыніца, вада з якой струменілася на камень з адбіткам дзіцячай ступні. Месцічы былі ўпэўнены, што ад каменя адпіхнуўся Ісус, калі быў хлопчыкам. Але ж у 30-я гады ХХ стагоддзя камсамольцы царкву зруйнавалі, звон і камень утапілі ў дрыгве. Расказваюць, што разбуральнікаў спасціглі няшчасці. Каб атрымаць дараванне, людзі паставілі на гэтым месцы крыжы, упрыгожылі іх рытуальнымі ручнікамі. У дзень Святой Тройцы тут асабліва шматлюдна і прыгожа. Адчуванне добрага духу, які існуе ў гэтым месцы, успрымаецца як прашчэнне.

Куток нерафінаванай прыроды
Калі глядзіш на карту Гомельскай вобласці, немагчыма не заўважыць непадалёку ад Светлагорска вадасховішча. Яно створана на месцы былых торфараспрацовак, плошча яго — 1600 гектараў. Возера нагадвае сабою падводны луг. У яго водах вельмі прыемна адчуваюць сябе многія віды рыб, ракападобных, малюскаў. У глыбокіх (да 18 метраў) месцах сустракаюцца харавыя водарасці. Пасля таго як лёс гэтай унікальнай з’явы прыроды быў давераны Светлагорскаму прадпрыемству меліярацыйных сістэм, тут шмат чаго мяняецца да лепшага. Гэта — адно з самых любімых месцаў адпачынку светлагорцаў. Адкрылі яго для сябе і іншаземцы, якія ў захапленні ад нерафінаванай прыроды вадасховішча. Больш таго, прадстаўнікі некаторых краін, у прыватнасці Італіі і Англіі, удзельнічаюць у развіцці яго рыбных запасаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter