Існаванню ЕС пагражае фактычны раскол і знікненне

Неідэальны шторм

Маштабны міграцыйны крызіс у Еўропе ўзнік тры гады таму, падчас масавага сыходу мільёнаў бежанцаў з шэрагу выбухованебяспечных рэгіёнаў планеты. Яго наступствы і цяпер выклікаюць незадавальненне розных сацыяльна-палітычных груп еўрапейцаў: іншы раз даходзіць да адкрытага супрацьстаяння з мігрантамі насельніцтва і часткі тамтэйшага палітычнага істэблішменту.

Выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза ў гэтым сэнсе першы гучны званочак для ўсяго ЕС. Аднак, нягледзячы на брэксіт, грошай для бежанцаў усё ж не стане менш. На перспектыву на іх злабадзённыя патрэбы запланавана значнае павелічэнне аб’ёмаў фінансавання: з 13 мільярдаў еўра ў 2014—2020 гадах да 34,9 мільярда на 2021—2027 гады.

Пакрысе сітуацыя ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе мяняецца, але пакуль канцоў міграцыйных патокаў у заможныя краіны Еўрасаюза не бачна. Па звестках Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, у 2014-м Стары Свет (у асноўным Аўстрыю, Венгрыю, Грэцыю, Германію, Італію, Францыю і Швецыю) наваднілі прыкладна 800 тысяч бежанцаў, у 2015-м каля 1,8 мільёна, у 2016 годзе — 1,2 мільёна. Амаль 1,5 мільёна ўцекачоў замацаваліся ў Германіі. 

Эксперты лічаць: калі бліжэйшым часам на агульнаеўрапейскім узроўні не знойдуць калектыўныя падыходы з прыняццем салідарных рашэнняў па міграцыйнай праблеме — існаванню ЕС пагражае фактычны раскол і знікненне. Вострыя спрэчкі па гэтым пытанні для пэўных краін ЕС, якія маюць найвялікшую міграцыйную нагрузку, чакаюцца на бліжэйшым тэрміновым саміце супольнасці 28—29 чэрвеня.

Напярэдадні падзеі нямецкі канцлер Ангела Меркель і французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон абмеркавалі прапановы па рэфармаванні Еўрасаюза і выказаліся за стварэнне Рады бяспекі ЕС і аб планах па ўмацаванні знешніх межаў аб’яднання. Лідары “еўрадвойкі” мусяць прапанаваць сваім калегам уніфікацыю “стандартаў для міграцыі”, каб у бежанцаў не было магчымасці выбіраць, у якую краіну шэнгензоны звяртацца за атрыманнем віду на жыхарства.

Нагадаю, у мінулым годзе толькі да італьянскіх берагоў — праз Міжземнамор’е — афіцыйна прыбыла 120 тысяч чалавек. Зараз гэты сумнавядомы і трагічны для бежанцаў маршрут на Апеніны перакрыты паводле загаду кіраўніцтва МУС краіны: нелегалаў тут больш не хочуць бачыць. Днямі італьянцы не далі падысці да сваіх берагоў суднам Lifeline і Seefuchs з дзясяткамі лівійскіх уцекачоў. Таксама Італія і суседняя Мальта разам адмовіліся прыняць карабель Aquarius з 629 нелегаламі на борце, якіх затым прытуліла Іспанія.

Наогул, сёння новы італьянскі ўрад упэўнены, што нелегалы зусім не імкнуцца да неабходнай сацыяльнай адаптацыі, іх не цікавяць заканадаўчыя нормы, пошук працы, традыцыі і славутыя еўрапейскія каштоўнасці. Гэтыя людзі імкнуцца толькі атрымаць даволі годную матэрыяльную дапамогу. Менавіта так цяпер разважаюць у многіх еўрапейскіх сталіцах. 

Дарэчы, уласны ўнёсак у барацьбу з міграцыйным крызісам ёсць як у старых, так і ў маладых членаў ЕС. Напрыклад, у Аўстрыі і Венгрыі. Афіцыйная Вена нядаўна вуснамі канцлера Себасцьяна Курца (Аўстрыя старшынствуе ў ЕС) абвясціла аб правядзенні больш жорсткай палітыкі супраць мігрантаў у межах Еўрасаюза, заклікаючы суседзяў стварыць антыміграцыйныю вось “Вена — Берлін — Рым”. У Будапешце плануюць увесці спецыяльны падатак у памеры 25 працэнтаў для няўрадавых арганізацый, што падтрымліваюць мігрантаў. Такім чынам урад прэм’ера Віктара Орбана хоча кампенсаваць выдаткі венгерскага бюджэту на барацьбу з нелегальнай міграцыяй. 

Даволі негатыўнае стаўленне да гэтай рэзананснай праблемы на субкантыненце ў кіраўніцтва Польшчы і краін Балтыі.

У нашай краіне міграцыйнае пытанне не стаіць настолькі востра: летась адпаведнымі дзяржаўнымі органамі былі прынятыя хадайніцтвы ад 748 замежных грамадзян, большасць з іх украінцы, іракцы і сірыйцы. Сёлета за прытулкам у Беларусі звярнуліся ўжо каля 400 замежнікаў (90 працэнтаў — украінскія грамадзяне).

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter