Неглюбскі феномен

У Веткаўскім раёне захоўваюць і адраджаюць унікальны стыль ткацтва: такога няма больш ні ў Беларусі, ні ў суседзяў

У Веткаўскім раёне захоўваюць і адраджаюць унікальны стыль ткацтва: такога няма больш ні ў Беларусі, ні ў суседзяў

На фоне шэрага дня з яго пабляклымі фарбамі мясцовы сельскі цэнтр ткацтва аграгарадка Неглюбка сустракаў тых, хто прыйшоў на свята, яркасцю ручнікоў, пакрывалаў, абрусаў... Яны былі развешаныя пры ўваходзе ў будынак, сабраныя ў выстаўкі ў фае... Мясцовыя жыхары кажуць, што ў Неглюбцы складана знайсці дом, дзе не было б чагосьці даматканага. Але калі ўсё гэта было сабрана і сканцэнтравана ў адным месцы, прымножана музейнымі фондамі (у дадзеным выпадку вядомага ў краіне Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава), то эфект атрымаўся проста надзвычайны. А яшчэ калі ўлічыць, што падобнай прыгажосці больш не ўбачыш нідзе ў Беларусі...

Коды жыцця, памяць часу

Веткаўшчына — жыватворны край Гомельскай вобласці, дзе захаваліся самабытныя праявы аўтэнтычнай беларускай культуры, сярод якіх і неглюбскае ткацтва на кроснах, сапраўды ўнікальнае. Ёсць падобныя варыянты ў славянаў суседніх краін, але толькі падобныя.

— Адной з адметных рысаў неглюбскага ткацтва ў тэхнічных адносінах з’яўляецца тое, што працэс ідзе не з правага боку, як традыцыйна прынята, а з выварату. Малюнак ствараецца ўнутраным адчуваннем майстрыхі, інтуітыўна кладзецца на палатно. Для гэтага яна павінна валодаць развітым уяўленнем, спрытна ўпраўляцца з кроснамі, — з гонарам і веданнем справы распавядае старшыня Неглюбскага сельсавета Рыгор Кулага.

Калі казаць пра каляровую гаму, то ў майстрых старой школы ткацтва было прадстаўлена чорным, чырвоным і белым — самымі распаўсюджанымі ў народнай культуры беларусаў колерамі. Сучасныя майстрыхі істотна пашырылі каляровую гаму, дадалі блакітны, жоўты, зялёны, іншыя колеры. Ткацтва зайграла, засвяцілася новымі настроямі. У той жа час вельмі многія знаўцы асабліва захапляюцца чорна-чырвона-белай класікай, ад якой зыходзяць асаблівыя цеплыня, годнасць і памяць часу.

Узор або арнамент — асобная, дастаткова шырокая і цікавая тэма. Гэта і геаметрычныя фігуры, і раслінна-жывёльныя малюнкі, і сумешчаныя кампазіцыі. У філасофскім сэнсе — магічны тэкст прагназавання і зацвярджэння каштоўнасцей, якія неадступна ідуць за чалавекам на працягу ўсяго яго жыцця. Гэта коды дабрыні, любові, дастатку, поспеху, урадлівасці. Напрыклад, вытканыя галубкі, што глядзяць адзін на аднаго, сімвалізуюць каханне і згоду. Назвы ўзораў — “мядзведзь на жалудах”, “крывуліна”, “яблынька” і многія іншыя лашчаць вуха. Як лініі лёсу па далоні, так па ўзорах чытаюцца характар, розум, майстэрства ткачыхі. Распавядаюць, што ў колькасных адносінах лік узораў набліжаецца да пяці сотняў. У кожнага ёсць свая назва і сваё тлумачэнне. Самым старажытным знакам, сцвярджаюць спецыялісты, чатыры тысячы гадоў.

Не ручнік — дарога

Галоўным прадметам ткацтва з’яўляецца ручнік. Пра яго ў Неглюбцы кажуць, што гэта дарога на неба, зносіны з вышэйшымі сіламі. Ручнік — рытуальны прадмет, які заўсёды прысутнічаў на вяселлі, і важна адзначыць, што традыцыя гэтая захавалася і дагэтуль. А яшчэ ў даўніну на ручнік прымалі немаўля з на-дзеяй на яго шчасце, здароўе, апраўлялі (і апраўляюць цяпер) абразы.

У той жа час спектр таго, што ткалі на кроснах майстры, даволі шырокі: пакрывалы, накідкі, адзенне. З пункту гледжання сучаснага чалавека насіць такі падбор, спалучаючы адзін прадмет з іншым, справа няпростая, асабліва калі гаворка ідзе пра варыянты для халодных сезонаў. Нашыя продкі з гэтым, па ўсім відаць, добра спраўляліся.

Цяжка назваць дакладны гістарычны перыяд нараджэння ткацтва. У адной з царкоўных кніг, якія захаваліся ў Веткаўскім раёне, згадваецца 1780 год, калі чынш разам з іншымі пладамі чалавечай працы аддавалі і ткацкім палатном, робіць гістарычнае ўдакладненне Рыгор Кулага.

Ткацтва ў Неглюбцы перажывала перыяды росквіту і заняпаду. У савецкія часы тут функцыянаваў філіял мастацкай фабрыкі, дзе працаваў цэлы калектыў майстрых, якія стваралі немаленькія партыі цікавай прадукцыі. У найноўшай гісторыі краіны ён знік. Не лепшым чынам на рамяство паўплывала чарнобыльская катастрофа, якая чорным крылом ахінула Веткаўшчыну.

На ўздыме

Але цяпер усё ідзе да адраджэння. Сёлета стала магчымым арганізаваць фестываль ткацтва “Кросны”, пакуль што мясцовага маштабу, але з перспектывай пашырэння (менавіта на ім карэспандэнт “НГ” убачыла апісаную ў пачатку прыгажосць).

У Неглюбцы з захапленнем расказваюць пра старых майстрых Таццяну Дзеранок, дзвюх Марый — Прыходзька і Каўтунову, якія пабывалі на знакамітай выставе дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве і вярнуліся адтуль з дыпломамі і падарункамі. Натуральна, імёнаў значна больш. Але кагосьці з іх час ужо панёс на нябёсы, пра непазбежнасць гэтага казалі і вытканыя імі ручнікі, іншыя ўжо не могуць сесці за кросны, таму што і вочы ўжо не тыя, і рукі не слухаюцца. Але традыцыя працягваецца. Людміла Кавалёва, ды прыкладу, выйшла замуж у Неглюбку з Брагінскага раёна. У новай сям’і ткалі ўсе. І яна з дапамогай сваякоў села за кросны, прасяклася гэтым рамяством, ды так, што стала майстрыхай, работамі якой, а яны сёння падарожнічаюць па шматлікіх выставах, захапляюцца. Менавіта Людміла Кавалёва прадстаўляла сёлета старадаўняе рамяство на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2013” у Жлобіне.

Майстрыхі вядуць пры цэнтры гурток ткацтва. Больш за тое, у мясцовай агульнаадукацыйнай школе арганізавана навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак, дзе для гэтага створана адпаведная база і прысутнічаюць вынікі працы падрастаючага пакалення.

Ёсць стымул — будзе і творчасць

Пра тое, што ткацтва ў Неглюбцы не толькі не забытае, але і развіваецца, сведчыць і выстаўка работ мясцовых школьнікаў, што была арганізавана падчас фестывалю. Побач са звыклымі ручнікамі — мяшэчкі для захоўвання пахкага разнатраўя, чахлы для мабільных тэлефонаў, сурвэткі, іншыя мілыя тканыя сувеніры, якія можна было тут жа набыць за невялікія грошы. Калі камусьці не па кішэні купіць ручнік сур’ёзнай майстрыхі, які каштуе нятанна, можна папеставаць сябе недарагімі прадметамі ткацтва, якія будуць з гэтага часу прысутнічаць у продажы салона-магазіна пры цэнтры. Ён быў адкрыты падчас фестывалю па жаданні гасцей, якія наведваюць Неглюбку.

Фестываль ткацтва прайшоў у другі раз. Пачынае складацца традыцыя, да чаго і імкнуцца ўлады раёна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter