Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Нейтральная паласа Негарэлага

Негарэлае: былы фарпост і сённяшні гасцінец

АРХІТЭКТУРНЫ брэнд Негарэлага, што паміж Мінскам і Стоўбцамі, — арыгінальны будынак чыгуначнага вакзала. У трыццатыя гады мінулага стагоддзя праз Негарэлае вярталіся цягніком з-за мяжы рускія літаратары Максім Горкі, Уладзімір Маякоўскі. Спыняўся тут і аўстрыйскі пісьменнік Стэфан Цвейг і іншыя вядомыя асобы.



Паселішча мае глыбокія гістарычныя карані. У ХVI стагоддзі як паштовая станцыя на шляху Мінск — Навагрудак яно ўваходзіла ў Мінскае ваяводства Рэчы Паспалітай. У Вялікім Княстве Літоўскім было ў Койданаўскім графстве магнатаў Радзівілаў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай адышло да Койданаўскай воласці Мінскага павета Расійскай імперыі. У 1831 годзе ўладанні Радзівілаў канфіскавалі, і новым гаспадаром Негарэлага стаў памешчык Юрый Абламовіч. 

Паўтара стагоддзі таму праз паселішча пралегла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, што дало значны штуршок для развіцця. На чыгуначнай станцыі Негарэлае таварныя вагоны загружаліся збожжам, лесаматэрыяламі і іншай сыравінай. Пачалі дзейнічаць сыравы завод і вадзяны млын на рэчцы Ператуць. 

У неспакойныя 1920-я гады Негарэлае папераменна было пад нямецкай і польскай акупацыяй. Пасля дзяржаўная мяжа раз’яднала мястэчка на дзве часткі. Памежную чыгуначную станцыю праязджалі штогадова па дзесяць тысяч пасажыраў. Курсіраваў спецыяльны экспрэс Маньчжурыя — Стоўбцы. Быў і пасажырскі экспрэс Парыж — Негарэлае. Мясцовая электрастанцыя забяспечвала святлом памежныя населеныя пункты.



З 1932 года Негарэлае — цэнтр сельсавета Дзяржынскага раёна. У 1938-м атрымала статус гарпасёлка Мінскага раёна, а праз год — зноў Дзяржынскага.

У час нямецка-фашысцкай акупацыі дзейнічала мясцовае падполле. Гітлераўцы стварылі ў Негарэлым канцлагер, у якім загінула паўтары тысячы савецкіх ваеннапалонных. Мемарыялам ушанавана памяць ахвяр вайны. 

У пасляваенны час на правым беразе Ператуці вырас пасёлак Энергетык. У 2009-м Негарэлае атрымала статус пасёлка сельскага тыпу, а праз тры гады — аграгарадка.

ПАСАЖЫРСКІЯ паязды-экспрэсы, хуткасныя электрычкі без спынення пралятаюць праз чыгуначную станцыю Негарэлае. Вядома, што ў першыя дзесяцігоддзі савецкай улады яна была заходнім фарпостам маладой краіны. З тых часоў захаваліся арыгінальныя станцыйныя будынкі: вакзал, воданапорная вежа, жылыя дамы чыгуначнікаў, жалезны мост праз рэчку Ператуць. За высокай бетоннай сцяной на рэйках захоўваюцца паўсотні адпрацаваных паравозаў. Будаўнічымі лясамі абстаўлены будынак вакзала. Білетная каса часова перанесена ў абсталяваны кіёск, у акенцы якога прачытаў на таблічцы: “Перапынак”.

Старшыня сельвыканкама Канстанцін СУША.

Лёгкі ветрык ганяў па перону апалыя з дрэў жоўтыя лісты. Цішыню выхаднога дня раз-пораз абуджаў перастук колаў вагонаў таварных і пасажырскіх саставаў, якія на хуткасці праносіліся праз станцыю. З расчыненых дзвярэй вакзала выйшла жанчына. Пацікавіўся ў яе пра гісторыю будынка. Таварны касір Алена Багдановіч працуе тут больш за дзесяць гадоў. Вырасла ў маладым горадзе беларускіх энергетыкаў Белаазёрску. Закончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. У Негарэлае выйшла замуж. Муж Сяргей Браніслававіч — будаўнік. Падрастаюць дачка Паўліна і сын Іванка. Капітальна адрамантавалі дом бабулі Браніславы непадалёку ад вакзала і ў ім жывуць. Ёсць невялікі садок і агародчык. Дзецям блізка ў школу і дзіцячы садзік. У пасёлку Энергетык, што прымыкае да аграгарадка, розныя гурткі ў дзіцячай музычнай школе мастацтваў. Раней у Негарэлым была сярэдняя школа, якая стала базавай. Выпускнікі яе завяршаюць вучобу ў сярэдняй школе, што ў пасёлку Энергетык. 

Пачуў ад Алены Сяргееўны, што пасля заканчэння капітальнага рамонту чыгуначнага вакзала начальнік станцыі Марына Варановіч мае намер аднавіць гістарычны музей. На гэтым вакзале гутарыў з пагранічнікамі, чытаў і прысвячаў Негарэламу свае вершы Уладзімір Маякоўскі. У адным з іх ёсць такія радкі:

…На горизонте – белое.
Снега и Негорелое.

Таварны касір чыгуначнай станцыі Негарэлае Алена БАГДАНОВІЧ.

Даследчыкі творчасці паэта сцвярджаюць, што быццам бы выпадак, які адбыўся з ім на старой савецка-польскай мяжы ў міжнародным экспрэсе Маньчжурыя — Стоўбцы, паслужыў нагодай для напісання вядомых “Стихов о советском паспорте». Паэт ехаў тады ў адным купэ са шведам і брытанцам.

Праз станцыю транзітам праязджала шмат замежных пасажыраў. У архівах захавалася дакладная статыстыка. Толькі за 7 месяцаў 1937 года праз Негарэлае праехалі вандраваць па СССР 1400 турыстаў, а з савецкай краіны ў Еўропу зафіксаваны выезд паяздамі ў два разы больш чалавек.

Школьнікі Яўген КАРПЕНКА, Хрысціна МАЛАШКА, Яўгенія ЛІС, Станіслаў ЛІС.

Сусветнавядомы пісьменнік Стэфан Цвейг пасля вандроўкі праз гэту станцыю пісаў, што “руская зямля пачынаецца ў Негарэлым. Мы пад’ехалі даволі позна, ужо ў прыцемках, так што нам не давялося як належыць убачыць знакаміты чырвоны вакзал з надпісам “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”. Ніяк мне не ўдалося разглядзець і ўзброеных да зубоў чырвонаармейцаў, якіх апісвалі мае рамантычныя папярэднікі па вандроўцы. Я ўбачыў толькі некалькі чырвонаармейцаў з разумнымі тварамі, апранутых зусім не ў пужлівую форму, без стрэльбаў і без усялякага ззяючага ўзбраення.”

Шмат іншых успамінаў пра Негарэлае. Яны трапна дапоўняць у музеі сабраныя дакументы, фотаздымкі мінулых гадоў, іншыя эксклюзіўныя экспанаты. 

Трактарыст Яўген ТРАЦЦЯК.

IНІЦЫЯТЫВУ начальніка чыгуначнай станцыі аднавіць музейную экспазіцыю падтрымлівае і старшыня сельвыканкама Канстанцін Суша, з якім прадоўжылі вандроўку. 27-гадовы Канстанцін Аляксандравіч толькі паўгода на гэтай пасадзе. Жыве пад адным дахам з бацькамі. Разам будуюць новы дом, у які сын настроены прывесці маладую гаспадыню. Шмат ідэй у кіраўніка мясцовай улады:

— Дзеля рэалізацыі іх і вырашыў паспрабаваць сябе ў старшынёўскай ролі. Адчуваю асабістую адказнасць за навядзенне парадку на малой радзіме. Пачалі добраўпарадкоўваць пасёлак Энергетыкаў, які імкнемся зрабіць узорным для ўсіх 27 населеных пунктаў сельсавета. Рэгулярна праводзім суботнікі ў населеных пунктах, на тэрыторыі лецішчаў, якіх у нас больш як за тры дзясяткі. Са спецыялістамі сельвыканкама выязджаем на сустрэчы з людзьмі, ладзім сходы, дзе настройваем прысутных на добрыя справы. Дапамагаюць старасты вёсак. І ўжо заўважны зрухі да лепшага.

Пацыент Валерый ГРЫШЧУК і медсястра Людміла БАКАЧЭЎСКАЯ.

На вуліцах прыемна бачыць акуратныя газоны, кветнікі. Зазірнулі на адзін з падворкаў, дзе на самаробным трактары малады механізатар Яўген Траццяк апрацоўваў агарод. Прыпыніў самаходную міні-машыну і расказаў, што бацька быў трактарыстам, таму прыдбаў яго. 

Пчаляра Мікалая Фаміных засталі ля вулляў. Цёплы сонечны верасень спрыяе медазбору. Нястомныя працаўніцы жужжалі ля рознакаляровых хатак. Непадалёку ад пчальніка верасковае раздолле. Адтуль пчолкі носяць мядок. Па паўтара вядра яго ўжо выкачаў Мікалай Мікалаевіч сёлета з кожнага вулля. Пчаліныя хаткі стаяць пад разгалістымі яблынямі. Побач вінаградная сцяна, увешаная спелымі гронкамі. Зазірнулі і на ўладанні гаспадыні Вольгі Васільеўны. На градах яшчэ не ўбраныя морква, буракі і капуста. Астатнія ўчасткі пераараны і засеяны маслічнай рэдзькай, якая спрыяе павышэнню ўрадлівасці глебы і заглушае пустазелле. 

Пчаляр Мікалай ФАМІНЫХ.

Гаспадары падворка з сялянскіх сем’яў. Да выхаду на пенсію жылі і працавалі ў Мінску. Мікалай Мікалаевіч — інжынер-меліяратар. У трэсце “Мінскводбуд” будаваў асушальныя сістэмы. Душа прагла вясковага жыцця. Вырашылі ўзяць участак зямлі. Пабудавалі дом, пасадзілі сад. Мікалай Мікалаевіч на грушах-дзічках прывіў чаранкі прывабнага прыбалтыйскага сорту. Дрэўцы сталі пладаносіць, кожны год усыпаны грушамі. Суседзяў, сяброў частуюць духмянымі пладамі. Паласаваліся сакавітаю садавінай і мы. 

АД руплівых гаспадароў накіраваліся на жывёлагадоўчую ферму філіяла “ММК-Агра” ААТ “Мінскі мясакамбінат”. Сустрэліся з галоўным ветурачом Міхаілам Чарняўскім. Тры гады таму ён з сям’ёю пераехаў у Негарэлае з Калінкавіцкага раёна. Пакуль жывуць у інтэрнаце. Спадзяюцца атрымаць кватэру. Жонка Кацярына Сяргееўна працуе ў бухгалтэрыі гаспадаркі. Шасцігадовы Ігар ходзіць у садзік, любіць з бацькам бываць ля цялятак. Палова з 870 галоў буйной рагатай жывёлы на ферме — дойныя каровы. Летась ад кожнай атрымана звыш за 4600 кілаграмаў малака. Адпаведна і заробкі ў жывёлаводаў добрыя. Штодзённа 7 тон малака з гэтай фермы адпраўляецца на перапрацоўку ў Валожын. Абслугоўвае маршрут вадзіцель Валожынскага вытворчага ўчастка Маладзечанскага малочнага камбіната Андрэй Казакевіч. Даглядаюць жывёлу на ферме мясцовыя жыхары.

Ксёндз Дзяніс ШАСТАКОВІЧ і касцёльны стараста Дзмітрый ВАРВАШЭВІЧ з сынам Антонам.

Старшыня сельвыканкама Канстанцін Суша адзначыў, што праблемы працаўладкавання ў Негарэлым няма. На тэрыторыі сельсавета тры сельгаспрадпрыемствы — КСУП “Лаговішча-Агра”, філіял “Пяцігор’е” ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі”, філіял “ММК-Агра” ААТ “Мінскі мясакамбінат”, а таксама вучэбная лясная гаспадарка Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, камбінат хлебапрадуктаў ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі”, вытворчая база ААТ “Захадэлектрасецьбуд”, дзе вырабляюць металаканструкцыі. У гэтых калектывах працуюць не толькі мясцовыя, але і жыхары суседніх вёсак Уздзенскага раёна. Добра развіта гандлёвая сетка і іншыя арганізацыі, дзе таксама ёсць магчымасць працаўладкавацца. Ды і сталіца недалёка. 

Чыгуначнікам у Мінску працуе Дзмітрый Варвашэвіч, з якім сустрэліся ля касцёла Перамянення Пана. На руках малады бацька трымаў гадавалага сына Антона. Трое старэйшых дзяцей — школьнікі. У святы і нядзелю сям’я Варвашэвічаў наведвае набажэнствы ў касцёле, дзе правіць ксёндз Дзяніс Шастаковіч. Малая радзіма святара — Лагойшчына. Дзясяты год жыве ў Негарэлым, разам з мясцовымі каталікамі займаўся будаўніцтвам касцёла. Фінансамі дапамагалі спонсары, мясцовыя арганізацыі. Чатыры гады таму храм асвяцілі.

Ветэран вайны і працы Антон Ігнатавіч АЗАРКЕВІЧ.

А праваслаўная царква Міколы Цудатворца ўпрыгожвае цэнтр пасёлка Энергетык, які прымыкае да Негарэлага. У хрысціянскіх храмах па традыцыі восень — час вянчанняў. Новымі сем’ямі прырастаюць аграгарадок і пасёлак. Дзве канфесіі моцна перапляліся тут. 

РОДНЫМ стаў гэты куточак Міншчыны для Лідзіі Азаркевіч, якая гасцінна сустрэла нас на сваім падворку. Амаль сорак гадоў таму з далёкага Урала прыехала ў госці да сястры ў Негарэлае. Карцела дзяўчыне пахадзіць па гераічнай беларускай зямлі, пра якую шмат чытала. Лёс так распарадзіўся, што тут знайшла сваю другую палавінку. У клубе запрасіла мясцовага кавалера на белы танец, які аб’яднаў іх назаўсёды. З мужам Дзмітрыем Антонавічам выхавалі сына і дачку. Падрастаюць трое ўнукаў. Свёкар Антон Ігнатавіч — ветэран вайны і працы. 

У парадным касцюме выйшаў ён з дома. Прыселі ў альтанку пад старымі яблынямі. Дзевяноста другую восень сустрэў Антон Азаркевіч. Да драбніц усё памятае з перажытага. У гады дзяцінства іх сям’я пераехала з дзяржынскай вёскі Новая Рудзіца ў пасёлак Энергетык, які толькі будаваўся. Бацька працаваў абходчыкам на чыгунцы, а маці ўпраўляла хатняй гаспадаркай. Тры браты і сястра былі ў Антона Ігнатавіча.

Галоўны ветурач філіяла «ММК-Агра» Міхаіл ЧАРНЯЎСКІ.

Памятае ён, як чэрвеньскім днём пас кароў на лузе. У небе ўбачыў, як чорнай хмарай праляцелі тры дзясяткі самалётаў у бок Мінска. А праз нейкі час па зямлі пайшоў страшэнны гул. Так аддавала рэха ад варожай бамбёжкі сталіцы. Праз некалькі дзён на матацыклах акупанты ўварваліся ў пасёлак. З магазіна збілі замок і па-вар’яцкі расцягвалі прадукты. Пад ліпамі на калгасным двары ласаваліся. Шныралі па падворках. Забралі гадавалага парсюка і на чыгуначным мосце асмалілі.

Узгадаў Антон Ігнатавіч, як у Дзяржынску дзейнічала падпольная арганізацыя, удзельнікі якой даставалі дакументы для чырвонаармейцаў, што не паспелі адыйсці на ўсход. Яны хаваліся па глухіх хутарах. На малакапрыёмным пункце ў пасёлку Энергетык знайшлі прытулак тры савецкія афіцэры. Іх патаемнымі сцежкамі пераправілі да народных мсціўцаў у Налібоцкую пушчу. 

Цікава было слухаць сведку страшэннай вайны. Сям’я іх цяжка перажывала акупацыю. За сувязь з партызанамі фашысты павесілі ў Дзяржынску дзядзьку Адольфа Іванавіча, растралялі стрыечнага брата Міхаіла Бокуця, які дапамог 16-гадоваму Антону Азаркевічу стаць удзельнікам Уздзенскага падполля. 

З восені 1943 года юнак перайшоў у групу разведчыкаў партызанскага атрада імя Сталіна і там змагаўся з ворагам. Пасля вызвалення Негарэлага ад акупантаў разведчыкі-коннікі папоўнілі ў Івянцы конны знішчальны эскадрон. У гушчарах пушчы хавалася шмат гітлераўцаў. Да восені прачышчалі ад іх Налібоцкую пушчу. Мо, і далей па краінах Еўропы пралёг бы шлях конніка-вызваліцеля Антона Азаркевіча, але захварэў на малярыю. Пасля лячэння байца камісавалі, але ненадоўга. У ваенным гарадку Баравуха, што каля Полацка, вучыўся ў школе камандзіраў. Там і сустрэў Перамогу. Пасля вайны амаль сорак гадоў да выхаду на пенсію працаваў чыгуначнікам. 

ТАКІЯ цікавыя, з багатым мінулым, працавітыя жыхары аграгарадка Негарэлае, што ўвекавечана ў творах класікаў літаратуры.

Дзяржынскі раён

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter