Нечаканае завяшчанне Гая Пікарды

Грамадзянін Вялікабрытаніі яшчэ пры жыцці выказаў пажаданне, каб яго прах пахавалі ў беларускай зямлі.
Гай ПікардаГрамадзянін Вялікабрытаніі яшчэ пры жыцці выказаў пажаданне, каб яго прах пахавалі ў беларускай зямлі.

Гэта была незвычайная нарада. Кожны з удзельнікаў — прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Беларускага фонду культуры, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, грамадскасці – прыйшлі на яе таму, што асабіста ведалі Гая Пікарду або чулі пра яго добрыя справы.

З дзейнасцю гэтага чалавека чытачы “Голасу Радзімы” ўжо знаёмыя. 11 мая мінулага года ў газеце быў змешчаны некралог, дзе гаварылася пра яго як глыбокага знаўцу і даследчыка беларускай царкоўнай музыкі. Нашчадак брэтонскіх арыстакратаў, юрыст, ён займаўся сямейнымі спадчыннымі справамі. А ў вольныя хвіліны цікавіўся славянскімі літургічнымі хваласпевамі, выконваў іх сам у розных аматарскіх хорах. І вось аднойчы па падказцы музыказнаўцаў трапіў на службу, якая праводзілася ў беларускай царкве, што ў Фінчлі — паўночным мікрараёне англійскай сталіцы. Зачараваны арыгінальнымі распевамі, што нарадзіліся ў Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах, ён тут жа пачаў падхопліваць мелодыі. Стаў бываць у царкве, а таксама ў размешчанай праз вуліцу Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны. Паступова хобі стала галоўнай справай жыцця.

Пачалася карпатлівая праца над старадаўнімі кнігамі і рукапісамі. Так нарадзілася кніга “Беларускі царкоўны спеўнік”, публікацыя “Царкоўная музыка на Беларусі” і іншыя. Гая Пікарду сталі запрашаць у Магілёў на фестывалі “Магутны Божа”, дзе ён быў адным з самых аўтарытэтных сяброў журы.

Аднак вернемся да пасяджэння. На пачатку ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк, пробашч касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску, зачытаў адрасаваны яму з Лондана, з Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі, ліст ад айца Сяргея Стасевіча. Той паведамляў, што перад смерцю Гай Пікарда выказаў жаданне, каб яго прах быў пахаваны ў беларускай зямлі. Прыгадалася, што былі ўжо падобныя выпадкі: у той жа “чырвоны” касцёл былі перавезены з Быдгашчы (Польша) парэшткі яго фундатара, вядомага грамадскага і дзяржаўнага дзеяча Эдварда Вайніловіча. У крыпце (падзямеллі) нясвіжскага Фарнага касцёла нядаўна знайшоў супакаенне прах Антонія Радзівіла, які памёр у Вялікабрытаніі. Але гэта — іншыя выпадкі: там былі нашчадкі беларускіх родаў. Тут жа ўпершыню папрасіў, каб яго пахавалі ў нашай зямлі, небеларус.

— Гай Пікарда часта наведваў наша пасольства ў Лондане, калі я быў там паслом, — згадаў старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Рэспублікі Беларусь Уладзімір Шчасны. — Як беларусіст, даследчык беларускай культуры ён быў узнагароджаны нашым урадам медалём Францыска Скарыны.

— Гаю Пікарду можна было б прысвяціць адзін з фестываляў “Магутны Божа”, што праходзіць у Магілёве, — зрабіў прапанову старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп.

На пасяджэнні прыводзіліся новыя факты дзейнасці Гая Пікарды на карысць беларускай культуры. Ён, напрыклад, устанавіў у прыгарадзе Лондана, Тотнэме, месца, дзе знаходзілася Вольная славянская друкарня, заснаваная беларускім пісьменнікам і мастаком Аляксандрам Рыпінскім. Яго пяру належаць многія артыкулы па беларускай літаратуры, пра Францыска Скарыну і яго сімволіку, а таксама рэцэнзіі, змешчаныя ў лонданскім квартальніку “The Byelorussian Studies”. І сам ён, ледзь не аднаасобна, выдаваў для англічан часопіс пра беларускую культуру “The Byelorussian Cronicle”, напісаў і выдаў па-англійску даведнік “Мінск”. Гаварылася і пра тое, што пасля смерці даследчыка засталася неапублікаванай галоўная яго праца — зборнік “Залатая Беларусь. Анталогія беларускіх мадрыгалаў і харавых песень”.

Закончылася пасяджэнне стварэннем арганізацыйнага камітэта, які звернецца да беларускіх і англійскіх уладаў з адпаведнымі лістамі.

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter