Семдзесят два гады таму, 22 сакавіка 1943 года, фашысты ператварылі Хатынь у попел

Не змоўкнуць званы памяці

Семдзесят два гады таму, 22 сакавіка 1943 года, фашысты ператварылі Хатынь у попел. Агонь забраў жыцці 149 чалавек, 76 з якіх — дзеці.

Сёння не знойдзецца людзей, якія не чулі б слова «Хатынь».



Дзясяткі людзей з’ехаліся ў Хатынь, каб у чарговы раз успомніць жыхароў спаленых у час вайны вёсак. Назва беларускай вёскі стала сімвалам трагедыі нашага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Мемарыял на яе месцы — гэты храм пад адкрытым небам, без перабольшання, мае нацыянальнае значэнне», — адзначыў у час акцыі Артур Зельскі, дырэктар комплексу. 

Памяць тых, чые жыцці знішчыла вайна, ушанавалі хвілінай маўчання. Сярод запрошаных апошніх жывых сведкаў трагедыі была і Соф’я Яскевіч. Ад смерці яе, тады яшчэ дзяўчынку, выратаваў шчаслівы выпадак. «Немцы i паліцаі акружылі вёску і пачалі зганяць людзей у хлеў. Хворых забівалі дома, на месцы», — успамінае Соф’я Антонаўна. У гэты час яна гасцявала ў цёткі. Каб стрымаць карнікаў, тая спрабавала зачыняць дзверы, але не дапамагло. Паліцаі забілі яе стрэлам у грудзі, пляменніца ж паспела схавацца ў склепе з бульбай. Сям’і Яске-вічаў, калі можна так гаварыць, у той жахлівы дзень пашанцавала. Акрамя Соф’і, жывым застаўся і яе брат Уладзімір. Усяго ж у час карнай аперацыі ўцалела шасцёра жыхароў Хатыні... 

«Пройдуць гады, дзесяцігоддзі, стагоддзі. Але і тады «Хатынь» будзе мець значэнне не толькі для нашай краіны, але і для ўсяго свету, — адзначыў дырэктар мемарыяла. — Сюды прыязджае шмат розных людзей, і кожны з іх выносіць маленькую часцінку велізарнага болю беларускага народа».

Аддзел навін «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter