«Не збiраемся сапернiчаць, будзем супрацоўнiчаць»

4 снежня адбудзецца ўстаноўчы з’езд Саюза пiсьменнiкаў Саюзнай дзяржавы

4 снежня ў Нацыянальнай бiблiятэцы адбудзецца ўстаноўчы з’езд Саюза пiсьменнiкаў Саюзнай дзяржавы. Напярэдаднi гэтай падзеi мы сустрэлiся з лаўрэатам Дзяржпрэмii, першым сакратаром Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Генадзем Пашковым.

— Генадзь Пятровiч, як з’явiлася iдэя стварыць такую арганiзацыю?

— Гэта рашэнне наспела даўно. У часы СССР мы ўсе былi разам, беларускую лiтаратуру ведалi ва ўсiм свеце. А пасля распаду вялiкай дзяржавы, можна сказаць, апынулiся ў чатырох сцянах. Нам было няўтульна. Лiтаратары не павiнны працаваць iзалявана. Таму мы пачалi выходзiць са сваёй хаты, сустракацца з калегамi з Расii, Украiны. Асабiста я двойчы быў на такiх форумах: у Ялце i Кактэбелi ў Крыму. Абмяркоўвалi творчыя накiрункi, шмат гаварылi пра тое, што мы павiнны быць блiжэй, пра неабходнасць аб’яднацца. Потым нашых маладых лiтаратараў запрашалi на форум у Расiю, i там таксама гучала гэта iдэя. Першым крокам стала цеснае супрацоўнiцтва двух часопiсаў: некаторыя нумары наш «Нёман» цалкам аддае творам паэтаў i пiсьменнiкаў, якiя супрацоўнiчаюць з «Нашим современником», у адказ гэта расiйскае выданне прадастаўляе плошчу беларускiм лiтаратарам. У час прэзентацый, творчых сустрэч зноў i зноў паўтараецца, што трэба часцей абменьвацца творчымi здабыткамi. Думаю, пасля з’езда саюза гэта будзе рабiць прасцей.

Некалi iдэю стварэння агульнай арганiзацыi падтрымаў старшыня Мiжнароднага супольнiцтва Сяргей Мiхалкоў. Цяпер «за» выступаюць такiя вядомыя лiтаратары, як Валянцiн Распуцiн, Валерый Ганiчаў, Мiкалай Чаргiнец, Алесь Савiцкi i iншыя. Усяго ў з’езде прымуць удзел каля ста дэлегатаў, а таксама дзяржаўныя i грамадскiя дзеячы, прадстаўнiкi iншых творчых саюзаў. Дарэчы, iдэю правядзення з’езда падтрымалi главы абедзвюх краiн, Пастаянны камiтэт Саюзнай дзяржавы, Патрыярх Маскоўскi i Усея Русi Кiрыл, мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi, Патрыяршы Экзарх Беларусi Фiларэт, iншыя дзеячы.

— А цi не атрымаецца так, што расiйскi саюз, больш шматлiкi за наш, будзе дамiнiраваць?

— У час з’езда будзе абрана праўленне, у якое ў роўнай колькасцi ўвойдуць прадстаўнiкi двух саюзаў. Акрамя таго, плануецца, што будзе два сустаршынi, з беларускага боку i расiйскага. Так што не трэба хвалявацца. Тым больш, што мы не збiраемся сапернiчаць, будзем супрацоўнiчаць.

— Але ж плануюцца нейкiя творчыя конкурсы, сумесныя выданнi?

— Усе мерапрыемствы будуць узгоднены ў час сустрэчы. Вядома ж, працягнем сумесныя праекты, абавязкова з’явяцца нейкiя фестывалi, конкурсы. Думаю, што створым творчы савет з найбольш вопытных, прызнаных майстроў, якiя будуць накiроўваць моладзь, дапамагаць ёй. Што датычыць выданняў, то яны таксама з’явяцца. Ужо вядома, што Пастаянны камiтэт Саюзнай дзяржавы прыняў рашэнне аб выданнi 50-томнай бiблiятэкi рускiх i беларускiх пiсьменнiкаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter