Не заспакойвацца

У 2012-м пазабюджэтныя паступленні ў культуру выраслі на 85 %

У бягучым годзе праца па павелічэнні пазабюджэтных паступленняў у сферу культуры працягнецца

У ходзе выканання Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2011—2015 гады за 2012 год пазабюджэтныя паступленні дзяржаўных арганізацый сістэмы Міністэрства культуры склалі звыш Br 556 млрд., што на 85 % больш у параўнанні з 2011 годам пры плане 5 %. Сума спонсарскай дапамогі, атрыманай арганізацыямі галіны, вырасла летась у 1,6 раза.

Такія лічбы прывёў на выніковай калегіі ведамства міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Паводле яго слоў, у бягучым годзе праца ў гэтым накірунку будзе працягнута.

Мінкультуры Беларусі мае намер павялічыць сёлета ў параўнанні з мінулым годам і экспарт паслуг не менш чым на 9 %, што дазволіць забяспечыць станоўчае сальда па знешнім гандлі.

Адной з актуальных задач 2012 года з’яўлялася ўмацаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. У дзяржаўную інвестыцыйную праграму былi ўключаны 15 аб’ектаў з аб’ёмам фінансавання каля Br 431 млрд. (у параўнанні з 2011-м аб’ём інвестыцый узрос на 227 %), аднак асваенне выдзеленых сродкаў склала толькі 92 %. Сродкі, накіраваныя на рэканструкцыю і тэхнічнае перааснашчэнне дзяржаўных тэатраў краіны, былі асвоены ў поўным аб’ёме.

Амаль у 4 разы ў параўнанні з леташнім узрос аб’ём выдаткаваных сродкаў на закупку музычных інструментаў, кінатэхналагічнага, гукаўзмацняльнага і асвятляльнага абсталявання для ўстаноў культуры, яго набыта на суму звыш Br 20 млрд. За кошт сродкаў дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы рэстаўрацыя і аднаўленне праводзіліся летась на 13 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны ў аб’ёме звыш Br 389 млрд. У адпаведнасці з Дзяржпраграмай «Замкі Беларусі» вяліся работы на 19 аб’ектах, з іх на 17 — за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, на 2 — за кошт пазабюджэтных крыніц. Выдаткі з рэспубліканскага бюджэту на рэстаўрацыю замкаў у Навагрудку, Лідзе, Крэве, Гальшанах склалі Br 2,7 млрд.

Знакавай падзеяй 2012 года стала прыняцце Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» на 2012—2015 гады. Чакаецца, што першыя вынікі гэтай працы з’явяцца ўжо ў канцы 2013 года.

У леташні Год кнігі асаблівая ўвага надавалася камплектаванню фондаў бібліятэк. У цэлым па рэспубліцы гэты нарматыў выкананы на 16 %. Аднак у асобных населеных пунктах дасягнуць яго не атрымалася. Не выконваецца ў поўным аб’ёме і паказчык па абнаўленні фондаў бібліятэк (на 5 % у год). Актуальным застаецца стварэнне электроннай бібліятэкі Беларусі.

Дзяржаўным тэатрам і канцэртным установам пастаўлены задачы па павелічэнні ўласных даходаў і павышэнні творчага ўзроўню спектакляў і канцэртаў у 2013 годзе. Па-ранейшаму задачай № 1 застаецца стварэнне нацыянальнага фільма, які стане падзеяй і атрымае моцнае сацыяльнае гучанне. Агульная сума прыцягнутых у кінавытворчасць пазабюджэтных сродкаў на канец 2012 года склала каля Br 67 млрд. (амаль 75 % ад агульнага кошту праектаў). Ад усіх накірункаў дзейнасці студыя «Беларусьфільм» атрымала звыш $ 2,2 млн. (рост валютных паступленняў склаў 168 % у параўнанні з 2011 годам), але гэты накірунак застаецца актуальным. Разам з тым звернута ўвага на неабходнасць павышэння мастацкай якасці карцін, іх актуальнасці і канкурэнтаздольнасці. Акупнасць фільмаў склала летась 30 %, і гэта не падстава для самазаспакаення, падкрэсліў кіраўнік ведамства.

---------------------------------------------

З першых вуснаў

Перад сферай культуры стаяць такія ж задачы, як і для іншых бюджэтных галін: трэба думаць, як аптымальна выкарыстоўваць сродкі, накіраваныя рэспубліканскім і мясцовымі бюджэтамі. Такую думку выказаў у размове з журналістамі пасля завяршэння калегіі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік. Ён прывёў некалькі прыкладаў, калі ўстанова культуры паспяхова зарабляе самастойна, у прыватнасці Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, які ў 2012 годзе зарабіў амаль Br 14 млрд. Паводле слоў Анатоля Тозіка, самастойна заробленыя грошы ўстановы культуры могуць выкарыстоўваць для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы, заахвочвання работнікаў. «Заробкі ў сферы культуры не вельмі вялікія. Будзем, вядома, і мы думаць, як павысіць зарплату. Але і сама галіна мае заканадаўча замацаваную магчымасць эфектыўна зарабляць», — падсумаваў віцэ-прэм’ер.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter