Не закрываючы носа

Праз 5 гадоў Скідаль зможа свабодна дыхаць свежым паветрам

Прыкладна праз пяць гадоў жыхары Скідаля змогуць свабодна ўдыхнуць свежае паветра

Аб невялікім горадзе Скідале аўтамабілісты, якія праязджаюць па трасе М-6 (Мінск—Гродна), ведаюць не па чутках, а па непрыемным паху, які прасочваецца ў салон машыны ў гэтым месцы. Аднак праз пару хвілін ужо можна адчуць свежасць. Што да жыхароў горада, то гэты вытворчы «водар» адчуваецца папераменна ў дзвюх частках горада — па розныя бакі аўтамагістралі. Нагадаем, што рэзкі пах у паветры даюць палі фільтрацыі мясцовага цукровага завода, які ў бліжэйшы час плануе запусціць у эксплуатацыю сучасныя ачышчальныя збудаванні.

Існуючыя ачышчальныя збудаванні Скідальскага цукровага камбіната даўно састарэлі. Яны ўяўляюць сабой звычайныя палі фільтрацыі, якія складваюцца з 25 картаў агульнай плошчай 52 гектары. Гэтыя палі перагружаны вытворчымі сцёкамі. Адсюль і непрыемны пах. Па словах галоўнага інжынера ААТ «Скідальскі цукровы камбінат» Уладзіміра Губарэвіча, надышоў час сур’ёзна задумацца не толькі аб вытворчасці, але і аб утылізацыі адходаў і ачыстцы вытворчых сцёкаў. Увесь апошні час першачарговай задачай для камбіната была актыўная перапрацоўка салодкіх караняплодаў. Экалогія заставалася на другім плане, патрабуючы немалых капітальных укладанняў.

— З павелічэннем аб’ёмаў вытворчасці павялічваецца колькасць адходаў і сцёкавых водаў, — гаворыць Уладзімір Губарэвіч. — Летась на будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў выдаткавана больш за дзесяць мільярдаў рублёў. У бягучым годзе больш за чатыры мільёны еўра накіравана на закупку сучаснага абсталявання замежнай вытворчасці, частка якога ўжо знаходзіцца на тэрыторыі камбіната (на 2 195 000 еўра. — Заўвага «Р».) Сёння актыўна вядзецца будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў, якое плануецца рэалізаваць у поўным аб’ёме. Пры самым неспрыяльным прагнозе жыхары Скідаля ўдыхнуць чыстае паветра прыкладна праз пяць гадоў, але спецыялісты ўпэўнены, што адбудзецца гэта значна раней.

Праект новых ачышчальных збудаванняў распрацаваны кампаніяй «Гідраінжынірынг» са Славеніі.

Станцыя ачысткі сцёкавых водаў будзе цалкам аўтаматызавана: у мясцовую раку пойдзе чыстая вада. На тэрыторыі 1,2 га ўзводзіцца каля 20 збудаванняў рознага прызначэння. Сёння асноўная падрыхтоўчая работа практычна завершана, на фінішы — будаўніцтва рэактара паслядоўнай загрузкі. Пасля гэтага пачнецца мантаж абсталявання.

Ачыстка сцёкавых водаў — найскладанейшы тэхналагічны працэс. Сцёкі будуць паступаць з розных крыніц, збіраючыся ў асноўным прыёмным рэзервуары, каб станцыя ачысткі магла працаваць незалежна ад самога прадпрыемства, без ўплыву на рэжым работы камбіната. Гэты паток уключыць усе сцёкавыя воды камбіната: ЦЭЦ, вытворчасці цукру і цытрынавай кіслаты, а таксама ліўневай каналізацыі і гаспадарча-бытавыя сцёкавыя воды. Далей ачыстка будзе праводзіцца ў чатыры этапы. Забруджанае паветра з усіх крыніц будзе адводзіцца ва ўстаноўку для ачысткі паветра (біяфільтр) для прадухілення распаўсюджвання паху ў навакольнае асяроддзе. У выніку анаэробнай апрацоўкі атрымліваецца біягаз, згодна з праектам яго колькасць складзе каля 4455 кубоў у суткі. Гэта дасць каля 1341 кВт цяпла для работы кацельні.

— Пасля запуску станцыя будзе працаваць з пастаяннай магутнасцю да 4 тысяч кубічных метраў у суткі, адначасова ачышчаючы ўсе сцёкавыя воды з палёў фільтрацыі, уключаючы сцёкі прадпрыемства, — удакладніў Уладзімір Губарэвіч. — Першапачаткова праект ачышчальных установак распрацаваны з улікам перапрацоўкі камбінатам 8000 тон буракоў у суткі, але быў дапрацаваны з улікам павелічэння магутнасці да 10 000 тон.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter