Неўзабаве апынуцца ў трох краінах

У Віцебскай вобласці пачаў курсіраваць беларуска-латвійска-шведскі “Рачны аўтобус” — выставачная зала на колах. Мабільная экспазіцыя падрыхтавана шведскімі тураператарамі — удзельнікамі шведска-латвійска-беларускага турыстычнага праекта “Панарама Дзвіна/Даўгава”.
Выстава, якая ўжо пабыла ў Латвіі, расказвае аб гісторыі славянскіх, балцкіх і нармандскіх плямёнаў, калісьці звязаных адзіным гандлёвым шляхам “з вараг у грэкі”, які пралягаў у тым ліку і па Заходняй Дзвіне. Акрамя таго, наведвальнікі могуць пазнаёміцца з самой
“Панарамай Дзвіна/Даўгава”, а таксама з экскурсійнымі маршрутамі па Прыдзвінню.

Першымі незвычайную экспазіцыю ўбачылі жыхары Шаркаўшчыны, Глыбокага, Браслава і Дзісны. Затым “Рачны аўтобус” спыніцца ў Віцебску, а потым адправіцца ў іншыя раёны вобласці. У снежні ён вернецца ў Швецыю, каб у наступным годзе здзейсніць такое ж вялікае падарожжа па гэтай краіне. Выставачную экспазіцыю на наступны год падрыхтуюць віцебскія тураператары.

Ідэя праекта “Панарама Дзвіна/Даўгава” належыць шведскім тураператарам, зацікаўленым у арганізацыі тураў па Беларусі. Экскурсійны маршрут па Заходняй Дзвіне выклікае цікавасць у шведскіх турыстаў. Ужо да наступнага года прагназуецца іх павелічэнне на Віцебшчыне. Сёлета праект “Панарама Дзвіна/Даўгава” быў з поспехам прадстаўлены на міжнародным Кірмашы вандровак у Гетэборгу (Швецыя).

Дзіяна Грышанава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter