Не выкідвайце смецце праз акно

Акно ў традыцыйнай культуры ўсходніх славян лічылася “вокам” хаты, якое, з аднаго боку, “глядзела” ў “той” свет, з другога — выступала ў якасці сакральнага канала сувязі з небам, таму вакол яго сфарміраваўся цэлы комплекс уяўленняў, рэгламентацый, абрадавых забаронаў і прадпісанняў.

* У сувязі з тым, што акно магло стаць тым сімвалічным шляхам, па якім нячыстая сіла магла трапіць ва ўнутраную прастору хаты, вакол яго была ліштва, дэкаратыўнае аздабленне якой поўнілася сакральнымі элементамі традыцыйнага народнага арнаменту. На ноч вокны закрывалі аканіцамі.
* У народных павер’ях акно ўспрымалася як выхад (шлях) для нячыстых духаў, смерці. Паўсюдна птушка, якая заляцела ў акно, прадказвала няшчасце. Прадказаннем бяды лічылася і птушка, якая стукаецца дзюбай у шыбу.
* Функцыя акна была найбольш вызначана ў структуры пахавальнага абраду. Калі паміраў чалавек, на вокны вешалі белы ручнік. Тое ж самае рабілі і ў дні ўшанавання памерлых на працягу года. Калі чалавек паміраў цяжка, вокны абавязкова адчынялі. Паўсюдна лічылі: убачыць у сне хату без вокнаў — прадказанне хуткай смерці.
* Калі гаспадары пакідалі хату, вокны абавязкова трэба было закрыць, як закрывалі вочы памерламу: іх забівалі шырокімі дошкамі крыж-накрыж. Такія дзеянні ахоўвалі хату ад таго, каб у ёй не пасялілася нячыстая сіла.
* У культуры ўсходніх славян акно супрацьпастаўлялася дзвярам. Яно было “нерэгламентаваным” выхадам для таго, каб “падмануць” нячыстую сілу, смерць, хваробы і г.д. Калі ў сям’і “не гадаваліся” — паміралі дзеці, то немаўля, несучы хрысціць, перадавалі праз акно.
* Паўсюдна лічылася, што гэты шлях (выхад з акна) павінен быў заўсёды быць “чыстым” і надзяляўся асаблівай святасцю. Акрамя гэтага, існавала павер’е, што пад вокнамі стаіць анёл, які ахоўвае хату і ўсіх яе жыхароў. Таму праз акно катэгарычна забаранялася пляваць, выкідаць смецце, выліваць брудную ваду і г.д.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter