Не вярнуліся з бою

“Пастаянна думаем пра лёс нашага дзеда і бацькі Уладзіміра Канстанцінавіча ЖМАЙЛІКА, 1909 года нараджэння, з вёскі Лыскава Пружанскага раёна, які загінуў пад Варшавай у 1945-м.

“Пастаянна думаем пра лёс нашага дзеда і бацькі Уладзіміра Канстанцінавіча ЖМАЙЛІКА, 1909 года нараджэння, з вёскі Лыскава Пружанскага раёна, які загінуў пад Варшавай у 1945-м.

Бабуля засталася ўдавой з трыма дзецьмі. Яна расказвала, што хадзіла за 20 кіламетраў, каб сустрэцца з чалавекам, які мог расказаць пра апошнія хвіліны жыцця яе мужа. Толькі ў 1980-я гады мы папрасілі знаёмых з Беластока наведаць магілу дзеда (пахаваны ён быў у Варшаўскім ваяводстве непадалёк ад мястэчка Магерава Воля). Але аказалася, што там было перапахаванне, і цяпер астанкі воінаў знаходзяцца ў брацкай магіле ў Варшаве. На жаль, прозвішча нашага дзеда на магільнай пліце не пазначана. Нават у нашай вёсцы, у цэнтры якой стаіць помнік загінуўшым землякам, імя роднага чалавека таксама няма. Кажуць, спіс складалі са слоў, і ў ім ёсць недакладнасці. Раней мы гаварылі пра гэта, але неяк не надавалі асаблівага значэння, бо жывая была яшчэ бабуля, якая заўсёды помніла і ўсё жыццё заставалася вернай свайму мужу. Было многа людзей, якія памяталі і паважалі нашага дзеда, каваля. Сумленнымі, працавітымі і добразычлівымі выгадавала бабуля і ўсіх сваіх дзяцей. Настаўніца, медыцынская сястра, інжынер... Пагадзіцеся — было чым ганарыцца. Даўно раз’ехаліся па краіне дзеці, унукі, праўнукі, але не забываюць родныя мясціны, свае карані: наведваюць магілу бабулі, успамінаюць пра дзеда, пра вайну. Вельмі крыўдна, што чалавек, які сумленна жыў, працаваў, гадаваў дзяцей, аддаў сваё жыццё ў жудаснай вайне, бясследна знік і, акрамя як у памяці родных, больш нідзе не значыцца. Дапамажыце знайсці магілу дзеда, каб яго ўнукі, калі ім давядзецца бываць у Варшаве, маглі прыйсці да яе, пакласці кветкі і ўспомніць яго. Валянціна Уладзіміраўна Стасюкевіч, Пружанскі раён”.
Да пошуку па пісьме В.У. Стасюкевіч далучыцца наш добраахвотны памочнік у Польшчы, а яшчэ мы звернемся да кнігі “Памяць” з прозвішчамі нашых салдат, што загінулі на тэрыторыі гэтай краіны.
“Мой бацька Кірыла Сяргеевіч КВАШУК, 1915 года нараджэння, ураджэнец сяла Антонаўка Тальноўскага раёна Кіеўскай (зараз Чаркаскай) вобласці Украіны. У 1939-м ён быў прызваны на тэрміновую службу ў войска з сяла Наваселіца Кацярынопальскага раёна Кіеўскай вобласці. Апошняя інфармацыя аб месцы праходжання службы: БССР, горад Гродна, паштовая скрынка 165, штабная батарэя НАД 27. Знайшоў пацвярджэнне знаходжання ў Гродне на фатаграфіі калегі 9.2.1941 года. Прозвішча яго Пруноў М.І. Апошні ліст ад бацькі маці атрымала, мабыць, у пачатку 1941 года, але ён не захаваўся. Пісаў, што высылае дахаты ўсе фатаграфіі і перапіску ў сувязі з тым, што “ў паветры пахне дымам”, а іх павінны перавесці ў раён Беластока. Пасля гэтага сувязь з ім перапынілася на ўсё жыццё. Засталося толькі фота з 4-ма грэчкамі ў пятліцы. Яшчэ пры Саюзе я спрабаваў шукаць звесткі пра бацьку, але безвынікова. З Маскоўскага архіва адказалі, што дакументаў па гэтай часці ў іх няма. Звярнуўся ў брэсцкую абласную газету. Адклікнуўся мужчына, які служыў у Гродне ў суседняй часці, расказаў, што воінская часць, дзе служыў мой бацька, была перакінута ў 1941 годзе на Беласток. Жанчына-аднавяскоўка, якая знаходзілася са сваім мужам перад пачаткам вайны ў Беластоку, гаварыла, што нібыта бачыла там майго бацьку. Яшчэ быў адрас аднаго з таварышаў бацькі. Я знайшоў яго сваякоў пад Адэсай, але ён пасля вайны памёр ад ран. Маці ўсё жыццё чакала свайго мужа, ды ён не прыйшоў. Я не памятаю бацькі, але ганаруся ім, бо ён быў не толькі мужны салдат, але і добры настаўнік у школе. Яму прысвяціў верш, над якім маці заўсёды плакала і зноў перачытвала лісты ад бацькі. Барыс Кірылавіч Квашук, Брэст”.
“Мой бацька Фёдар Фаміч МЕЛЯНЧУК, 1919 года нараджэння, у кастрычніку 1944-га быў прызваны Антопальскім РВК Брэсцкай вобласці і накіраваны на фронт. У лютым або сакавіку 1945 года мы атрымалі паведамленне, што бацька прапаў без вестак. Пасля вайны маці нейкім чынам даведалася, што ён быў у палоне і там загінуў. Але дзе гэта было, у якім лагеры, на чыёй тэрыторыі, дзе яго магіла — невядома.  Ганна Фёдараўна Фурсевіч, Драгічынскі раён”.
Ганне Фёдараўне мы раім звярнуцца ў Цэнтральны архіў КДБ Рэспублікі Беларусь (кант. тэл.:
219-98-89, 219-97-59), а таксама зазірнуць на сайты КДБ, перадачы “Помні імя сваё” і “Народнай газеты” (www.ng.by), дзе змешчаны спісы ваеннапалонных.
“Шукаю інфармацыю пра дзядзьку Сяргея Мікалаевіча СТРЫГУ, 1925 года нараджэння. Пайшоў на вайну ў 1944 годзе, а ў 1945-м родным паведамілі, што ён прапаў без вестак ва Усходняй Прусіі. Валянціна Міхайлаўна Корзун, Мінск”.
“Мой бацька Мікалай Міхайлавіч РАДЧАНКА, 1917 года нараджэння, ураджэнец вёскі Нябытаў, у 1941-м быў прызваны на фронт. А ў студзені
1944-га прапаў без вестак. Мы звярталіся ў розныя інстанцыі, але безвынікова. Спрабавалі даведацца пра яго пры дапамозе варажбітак — тыя казалі, што ён жывы. Вось і не губляем надзеі.  Марыя Мікалаеўна Лобан, Хойніцкі раён”.
“Дапамажыце даведацца пра бацьку Фёдара Сямёнавіча КУЛЫБУ, 1906 года нараджэння, ураджэнца вёскі Бабровічы Даманавіцкага раёна ў той час Палескай вобласці. У 1941 годзе ён быў прызваны на фронт. Родныя не атрымалі ад яго ніводнага пісьма, і толькі пасля вайны прыйшло паведамленне, што ў сакавіку 1944 года бацька прапаў без вестак. Праўда, адзін знаёмы расказваў нашай маці, што бачыў бацьку ў 1941 годзе недалёка ад Лоева, на пераправе праз раку Сож. Размова была кароткай, бо фашысцкія самалёты бамбілі пераправу і быў жорсткі бой. Аляксандра Фёдараўна Жыльская, Калінкавічы”.

Пошук працягваецца

Некалькі гадоў запар мы шукаем людзей. Аднак напачатку існавання праекта мала хто ведаў пра нашу справу. Таму прыгадаем некаторыя запыты трохгадовай (студзень 2006 г.) даўнасці, на якія яшчэ не атрымалі станоўчыя адказы.

  • Сафія Андрэеўна Карасёва з Касцюковіч у пошуках Івана Васільевіча ЛАБУШАВА, 1929 года нараджэння, ураджэнца Гомельскай вобласці. Вучыўся ён ў Клімавічах у зааветэрынарным тэхнікуме, скончыў яго ў 1950 годзе. Іван Васільевіч быў вельмі жвавым чалавекам. Ён добра граў на гармоніку і баяне, весяліў тэхнікум ды і ўсе Клімавічы. Сябры яго часта ўспамінаюць. Вось толькі шкада, што сувязь з ім ніхто не падтрымліваў.
  • Галіна Іванаўна Порах з Мінска ў пошуках сябра юнацтва Міхаіла Ільіча ШУЛЬМАНА. Ён жыў у Бабруйску. Служыў у Печах. Абяцаў пасля арміі застацца ў Мінску. Галіна Іванаўна тады была маладая дзяўчына, марыла пра жыццё ў сталіцы. Але, на жаль, яе планы не ажыццявіліся. У 1969 годзе яны рассталіся. Яна з Міхаілам пасварылася і на злосць яму выйшла замуж. Зараз жыве ў сталіцы. Прыязджае ў Бабруйск да сястры. Ходзіць у парк, дзе сустракалася з Міхаілам. Яна даведалася, што ён пераехаў у Ізраіль. Можа, адгукнуцца родныя або знаёмыя М.І. Шульмана і паведамяць пра яго лёс.
  • Людміла Міхайлаўна Асонава нарадзілася ў 1948 годзе. Хадзіла ў мінскую школу № 52 (на вуліцы Сярова). У 1963 годзе скончыла 8 класаў. Паступіла ў тэхнікум. Па накіраванні паехала працаваць у Кіраўск. Выйшла замуж. З-за клопатаў ёй не было часу звязацца з аднакласнікамі. Побач са школай жылі Зоя ШЫДЛОЎСКАЯ, Валя РЭПІНА, Люба ЧЭРАН, якіх просіць адгукнуцца Л.М. Асонава.
  • Для былога бакінца Валерыя Энверавіча Ібрагімава Беларусь стала другой радзімай з 1974 года, калі будаваў магістральны газаправод “Таржок—Мінск—Івацэвічы” (на захад) і ажаніўся ў Баранавічах. У 1976-м пераехаў у Пінск, дзе і жыве з добрымі, чулымі, працавітымі людзьмі. Валерый Энверавіч шукае Лёню АФАНАСЕНКУ, а другога сябра памятае толькі прозвішча — Падкідыш. Ён пазнаёміўся з імі і пасябраваў у далёкія 1969—1970-ы гады ў горадзе Баку на мясцовым доследна-эксперыментальным заводзе. Туды яны былі накіраваны пасля заканчэння Магілёўскага політэхнічнага інстытута па спецыяльнасці “тэхналогія і абсталяванне зварачнай вытворчасці”.
  • Уладзiмiр Сяргеевіч Качан з Краснаярска шукае ў Беларусі сваякоў. Яго бабуля па лініі мацi Марыя Паўлаўна Каваленка (дзявочае прозвiшча Ашурок) была выслана з Беларусi ў час калектывiзацыi (30-я гады XX стагоддзя). Прадзед ваяваў у Першую iмперыялiстычную. У памяць пра яго дома стаiць швейная машынка “Зiнгер” з нажным прывадам. Фотаздымкаў родзічаў — мiнiмум. Вельмi хоча даведацца пра свае каранi, бо бацька і маці — беларусы. Бацька наогул па метрыках быў Алесь.

Дзе той добры чалавек?

13 кастрычніка ў 22 гадзіны 25 хвілін на прыпынку “Гіпсавы завод” у Мінску аўтамабіль збіў дзяўчыну. Побач праходзіў малады мужчына, які аказаў першую дапамогу пацярпелай, паклапаціўся пра яе. Удзячная дзяўчына просіць адгукнуцца гэтага чулага чалавека. Яе каардынаты ў рэдакцыі “НГ”.

Я не крыўдую на бацьку

“Я нарадзілася ў 1967 годзе ў Мінску, а жыву ў вёсцы Грыбаны Магілёўскай вобласці і працую тут у школе. Хачу знайсці свайго бацьку Рыгора Трафімавіча БРАЖНІКА, 1947 года нараджэння, ураджэнца Херсонскай вобласці. Са слоў маці Надзеі Васільеўны Світковай, у 1966—1968 гадах яна вучылася ў Мінскім медыцынскім вучылішчы і жыла ў доме сваёй роднай сястры Вольгі. Пазнаёмілася з салдатам тэрміновай службы Рыгорам Бражнікам. Пачалося сяброўства, якое потым перарасло ў вялікае каханне, у выніку якога на свет з’явілася я. Але пасля гэтага ўсе адносіны паміж Рыгорам і маёй маці спыніліся. Ён не гатовы быў жаніцца, тым больш выхоўваць дзіця. Маці са мной паехала да сваіх бацькоў у вёску. Зараз мне 41 год, замужам, маю чацвёра дзяцей, ёсць унук, але з кожным годам на душы неспакойна. Вельмі хочацца знайсці, убачыць бацьку. Я не крыўдую на яго. Што зробіш — так склаўся лёс... Ірына Рыгораўна Ігнаценка”.

Чыстая рака дзяцінства

“Шукаю сяброўку дзяцінства Надзею Кузьмінічну КУНДАС. Яе маці загінула падчас вайны, бацька быў на фронце. У 1945 годзе яны з цёткай прыехалі ў нашу вёску Глыбокае. Тады я і пасябравала з Надзеяй. Разам пасвілі кароў, гулялі. У 1947 годзе прыехаў яе бацька і забраў з сабой маю сяброўку. Прайшло больш за 60 гадоў, але я памятаю Надзею і хачу даведацца, як склаўся яе лёс. Еўдакія Несцераўна Мушынская, Жабінкаўскі раён”.
“Некалі мы жылі ў невялікай вёсцы Збаравічы Мінскага раёна. Хадзілі ў Рагаўскую СШ (яе зараз ужо няма), марылі аб будучым, улетку разам бавілі час. Засталіся самыя добрыя ўспаміны пра маіх сябровак Валю КАЛІНІНУ і Святлану ЖЫЛАЧ (прозвішчы дзявочыя). Мару сустрэцца з імі і даведацца, як склаўся іх лёс, дзе яны жывуць. Галіна Аляксандраўна Мішура (Каспяровіч), Мінск”.
“Дапамажыце знайсці былых аднакласнікаў 1983 года выпуску Макранскай СШ Быхаўскага раёна. Ведаю, што многія жывуць у Беларусі. Так хочацца сустрэцца з імі. Ірына Таргун”.
“Хачу знайсці маю сяброўку Надзею Мікітаўну ПРАВАШЫНСКУЮ, 1942 года нараджэння, ураджэнку Дубровенскага раёна. З ёй мы вучыліся ў Полацкім педвучылішчы, а пасля заканчэння ў 1962 годзе паехалі па размеркаванні. Надзея працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Смалянскай СШ Аршанскага раёна, жыла з бацькамі. Там выйшла замуж за Віктара, і ў 1966 годзе ў іх нарадзілася дачка Наталля. Да 1970 года мы перапісваліся, а потым сувязь перапынілася. У Смалянскай школе мне сказалі, што ў 1973 годзе сяброўка пераехала жыць і працаваць у напрамку Мінска. Тамара Уладзіміраўна Андрушкевіч (Галавач)”.
Міраслаў Сцяпанавіч Александровіч з Літвы шукае свайго школьнага сябра Мікалая Пятровіча ШУМСКАГА, 1936 года нараджэння, які жыў у вёсцы Казловічы Баранавіцкага (раней Гарадзішчанскага) раёна. Тры гады яны сядзелі за адной партай, а пасля заканчэння школы ў 1955 годзе раз’ехаліся: Міраслаў Сцяпанавіч у Вільнюс, дзе паступіў у педінстытут, а яго сябра неўзабаве прызвалі ў армію пад Петразаводск. Спачатку яны перапісваліся, а потым сувязь перарвалася.

Сорак першы

“Добра памятаю 1941 год, калі ў вёсцы Мішні Магілёўскай вобласці нашы кавалерысты ўступілі ў няроўны бой з фашысцкімі акупантамі і ўсе загінулі. Праўда, аднаго кавалерыста, які быў цяжка паранены, выратавалі дзве дзяўчынкі 11 і 13 гадоў. Перавязалі яму раны і схавалі ў хляве. Загінуўшых мясцовыя жыхары пахавалі ў агульнай магіле на могілках. Затым пасля вайны яны былі перапахаваны. Той кавалерыст, якога выратавалі дзяўчынкі, прыязджаў у нашу вёску, але сваіх ратавальнікаў не знайшоў — яны памерлі. Ведаю, што ён са Шклова. Добра было б, каб гэты чалавек адгукнуўся і тады дзякуючы яму сваякі загінуўшых у тым баі даведаліся б пра сваіх родных.  Юлія Антонаўна Сарокіна, Жодзіна”.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter