Ёсць яшчэ час узняцца да ўраджайных вяршынь, перакананы ваўкавыскі аграном Віктар Буяк

Не цягаць вярыгi, а лунаць над зямлёю

Сусветнавядомы пісьменнік Джанатан Свіфт так выказаўся пра жыццё чалавека: “Толькі няшчасныя вераць ва ўладу лёсу, а шчаслівыя прыпісваюць сабе поспехі, якіх яны дасягаюць”. Гэтыя мудрыя словы міжволі ўзгадаліся пасля знаёмства з галоўным аграномам СВК “Мацвееўцы” Ваўкавыскага раёна Віктарам БУЯКОМ, які лічыць сябе шчаслівым, але і асаблівых поспехаў сабе не прыпісвае. Сапраўднае шчасце для яго — праца на зямлі. 


ПАСЛЯ заканчэння агранамічнага аддзялення Навагрудскага сельскагаспадарчага тэхнікума вярнуўся ў родныя мясціны і больш за трыццаць гадоў гаспадарыць тут. Шкадуе Віктар Іосіфавіч, што ў маладыя гады не выкарыстаў магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, куды паспяхова здаў уступныя экзамены і быў залічаны на агранамічны факультэт. Цяпер ён адзіны ў раёне галоўны аграном з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, але з даволі багатым практычным вопытам. Ураджаі збожжавых у гаспадарцы стабільна трымаюцца не ніжэй чым 50 цэнтнераў з гектара. І сёлета ўзята высокая планка на хлебнай ніве. 

З першых заняткаў захапіла сялянскага сына Віктара Буяка вучоба ў тэхнікуме. Асабліва зацікавіўся раслінаводствам, якое выкладала Марыя Карамышава. Вопытны педагог нібыта казку распавядала пра багатую флору Беларусі, мудра ўводзіла ўчарашніх вясковых школьнікаў у свет раслін. Віктар прыязджаў дамоў і поўніў вучэбны гербарый самымі звычайнымі экзэмплярамі, што раслі на іх вялікім агародзе. 

Лёгка даваліся ў тэхнікуме выпускніку вясковай школы і агульнаадукацыйныя прадметы: матэматыка, фізіка, хімія, экзамены па якіх не здаваў, а атрымліваў аўтаматам пяцёркі. Паспяхова асвойваў спецыяльныя дысцыпліны, поўніў тэарэтычныя веды па агранаміі. За чатыры гады навучання авалодаў асновамі эканомікі, бухгалтарскага ўліку, механізацыі сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі і замацоўваў усё на вытворчай практыцы ў калгасе “Бальшавік” Шчучынскага раёна, дзе яму даверылі быць памочнікам агранома. Хадзіў па палях, аглядаў пасевы, цікавіўся тэхналогіяй вырошчвання кожнай культуры. 

Усё гэта спатрэбілася маладому аграному на самастойнай працы памочніка начальніка вытворчага ўчастка ў ваўкавыскім калгасе імя Жданава, куды яго пасля заканчэння тэхнікума размеркавалі. Механізацыя на вёсцы толькі замяняла цяжкую ручную працу. Глебаапрацоўчай тэхнікі было недастаткова, і даводзілася бураковыя плантацыі дзяліць па калгасных сем’ях. Амаль па гектары прыпадала на кожны падворак. Коньмі некалькі разоў за лета абворвалі бульбу, уручную нарыхтоўвалі сена, пералапачвалі на таку збожжа ў час жніва, ды і іншых спраў летнім часам у хлебаробаў шмат. 

Звыклымі былі гэтыя клопаты для сялянскага юнака Віктара Буяка, які вырас у шматдзетнай сям’і. Разам са старэйшымі братамі дапамагаў маці збіраць малако па вясковых падворках. Раненька запрагалі старэйшыя браты Яўген і Валодзя калгаснага коніка Дзераша, ставілі на воз вымытыя з вечару бітоны і разам з маці і малодшымі братамі Станіславам і Віктарам адпраўляліся па вёсцы. 

— Гэты конік для нашай вялікай сям’і быў сапраўдным карміцелем, — узгадвае мінулае Віктар Буяк. — Мы яго круглы год трымалі на сваім падворку і сена самі яму нарыхтоўвалі. Старэйшыя браты касілі лугавіну, а мы са Станіславам варочалі пакосы, каб хутчэй падсыхалі, і зграбалі сена ў капы. Бацька выбіраў больш сухое месца, Валодзя і Яўген спрытна ладзілі стажок, які не менш спрытна вяршыў бацька. 

— Сынам не давяраў вяршыць?

— Справа гэта адказная. Патрэбна асаблівае ўменне раўнамерна ўкладваць сена, каб дажджамі не заліла сярэдзіну. Нялёгкая справа падаваць шастамі сена наверх. Потам заліваліся браты. Так разам усе на лузе і працавалі.

— А касіць браты вас бралі?

— Малодшых у сям’і не песцілі, але і не прымушалі да больш цяжкай працы. Толькі ў ахвоту часам браў касу ў рукі. І за плугам хадзіць не давялося. А запрагаць коніка з малых гадоў налаўчыўся. Некалькі іх змянілася на нашым падворку. Больш запомніўся чырванабокі Дзераш, які не кожнага падпускаў да сябе, але дзяцей ніколі не крыўдзіў. Шустры і наравісты быў конь. Цукрам прыманьвалі, і толькі так удавалася забіраць з луга. Калі бацька браўся за лейцы, Дзераш станавіўся рахманым і паслухмяным, пабойваўся гаспадара. А маці не баяўся, адчуваў яе пакладзістасць.

— Маці збірала малако, а бацька чым займаўся?

— Многія гады працаваў будаўніком у калгасе, а ў вольны час вырабляў скуры. Людзі з усіх навакольных вёсак аддавалі яму на выпрацоўку авечыя і цялячыя скуры. Мы і сваю атару авечак трымалі. Кажухі шылі. А яшчэ бацька трымаў свой пчальнік і сталярнічаў. Яго ўжо некалькі гадоў няма, а вырабленыя яго ўмелымі рукамі вокны і дзверы ўпрыгожваюць дамы ў нашым Шымбеліне і ў суседніх вёсках. Перад пенсіяй і потым яшчэ некалькі гадоў ён разносіў пошту па вёсцы.

— А малодшы сын вялікай сям’і Буякоў вырашыў стаць аграномам?

— Старэйшы на некалькі гадоў за мяне стрыечны брат Іван Яворскі вучыўся на агранома ў Навагрудку і расказваў мне пра тэхнікум і пра агранамію. Загарэўся і я паступаць туды. Бацькі мой выбар падтрымалі. У час студэнцкіх канікулаў з сябрамі выразалі асот на пасевах збожжавых. Гэта цяпер хімпраполка знішчае пустазелле, а ў тыя гады даводзілася вось так змагацца з ім. Усёй сям’ёй буракі палолі. Па некалькі разоў за лета даводзілася праполваць іх. Натомішся так, што рук не адчуваеш, але наставаў вечар — і на матацыклах ездзілі ў суседнія вёскі Падароск, Ізабелін, Канюхі, Ханявічы на танцы. Бывала, што і з падбітым вокам ці расквашаным носам з’яўляўся дамоў.

— Свайго клуба ў вашай вёсцы не было?

— Вёска Шымбелін невялікая, і там раней была пачатковая школа, а калі дзяцей стала меней, яе закрылі. Мы хадзілі за пяць кіламетраў у школу. Зімою жылі ў інтэрнаце. Разам з сябрамі пераабсталявалі будынак пачатковай школы ў клуб, і там па вечарах збіралася моладзь. Звычайна вяселлі там ладзілі. Калі я жаніўся на Таццяне Грыневіч, таксама ў клубе гулялі. У першы дзень пасля роспісу ў сельсавеце гасцей прымалі ў Ізабеліне бацькі нявесты, а назаўтра гудзеў увесь Шымбелін. Таццяна з праваслаўнай сям’і, а я католік. Адзначаем святы абедзвюх канфесій. Першынца назвалі Іванам, а дачушку Вольгай. Дзеці абралі каталіцкую веру. Яны прайшлі поўны курс абучэння пры касцёле Пятра і Паўла ў Ізабеліне. 

— Які жыццёвы шлях абралі вашы дзеці?

— Сын вучыцца на другім курсе акадэміі МУС Беларусі. А Вольга сёлета закончыла сярэднюю школу і падала дакументы ў Ваўкавыскі педагагічны каледж. Атрымае спецыяльную адукацыю і вернецца працаваць настаўніцай у вясковую школу. А сыну я не параіў ісці ў сельскую гаспадарку, бо адчуў, што не зможа ён тут. Працаваць на зямлі не кожнаму пад сілу. Трэба яшчэ мець імпэт да гэтай справы. Сёлета да нас у гаспадарку размеркаваліся выпускніцы аграфака Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ўні- версітэта Любоў Бутыла і Елізавета Чапялевіч і адразу смела ўзяліся за справу. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла ім добраўпарадкаванае жыллё. Люба ўжо і замуж выйшла. Яна працуе аграномам-насенняводам, а Елізавета аграномам-аграхімікам. Яшчэ ў час вучобы студэнткі на базе нашай гаспадаркі праходзілі вытворчую практыку. Задавалі мне шмат розных вытворчых пытанняў, я расказваў, падказваў няўрымслівым студэнткам. А цяпер ад іх чэрпаю шмат новага ў агранаміі.

Атрад механізатараў папоўнілі сёлета маладыя Аляксандр Мар- цінкевіч, Іван Матус, Дзяніс Раманаў, якія пасля заканчэння нашай сярэдняй школы кінуліся ў горад, пашукалі там лепшага жыцця і вярнуліся назад. Іван Матус зараз на камбайне збажыну ўбірае. Гэта яго першае самастойнае жніво. Разам з іншымі механізатарамі экіпаж Івана Матуса ўбірае збожжавыя ўжо на другой палове плошчаў. Больш як па 50 цэнтнераў з гектара атрымліваецца. Што прыемна адзначыць: у сёлетні засушлівы год не падвялі сарты пшаніцы беларускай селекцыі “крэда”, “легенда” і “ядвіся”. На некаторых участках ураджайнасць перавышае нават 60 цэнтнераў на круг. 

Аляксандр Марцінкевіч і Дзяніс Раманаў таксама на жніве працуюць самааддана. Кіраўніцтва гаспадаркі ўсім траім механізатарам прадаставіла жыллё ў Ізабеліне. Хлопцы вярнуліся ў вёску, ажаніліся на трох родных сёстрах і сталі шваграмі.

— А тры шчаслівыя сястры знайшлі сабе занятак на вёсцы?

— Яны працуюць у нашым вясковым магазіне. Маладыя сем’і ўжо чакаюць папаўнення. Для выхавання дзетак у гаспадарцы ёсць дзіцячы садок і сярэдняя школа. І заробкі для маладых у нас добрыя. Наш старшыня Юрый  Касталомаў таксама з маладых. Яму толькі за трыццаць, а ўжо мае аўтарытэт кіраўніка.

— Віктар Іосіфавіч, калі вам даводзіцца адлучацца з гаспадаркі ці адпачываць, каму давяраеце агранамічную службу?

— Раней перадаваў справы намесніку старшыні, а цяпер агранамічная служба ўкамплектавана і ёсць каму замяніць мяне.

— Не адчуваеце няёмкасць, што вам падпарадкоўваюцца маладыя спецыялісты з вышэйшай адукацыяй?

— Не сказаў бы, што паміж намі нейкая перагародка. Пастаянна павышаў сваю кваліфікацыю на курсах. У агранаміі нельга адставаць ад прымянення новых тэхналогій вырошчвання культур. За тры дзесяцігоддзі працы на зямлі набыў практычны вопыт. 

— Як спалучаеце новыя ідэі маладых спецыялістаў з багатай асабістай практыкай?

— Гэта ж адно цэлае. У нас агульны клопат — дабівацца максімальнай аддачы ад зямлі. У раслінаводстве гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых культур. Летась валавы збор збожжа склаў 16300 тон,  палову прадалі дзяржаве. Па 80 цэнтнераў з гектара летась дала пшаніца сорта “крэда” гродзенскага селекцыянера Канстанціна Каляды. Сёлета плошчы пад яе пашырылі.

— А ці бывае так, што ў вас і маладых аграномаў розныя погляды на прымяненне новых тэхналогій?

— Бывае і такое. Разам паразважаем і выбіраем залатую сярэдзіну. Раімся і з нашым старшынёю Юрыем Касталомавым, чалавекам дапытлівым. Ён пастаянна імкнецца ўкараняць навінкі ў вытворчасць, выслухвае нашы прапановы. З ім цікава працаваць. Чалавек створаны не для таго, каб цягаць вярыгі, а каб прыстойна лунаць над зямлёю. 

Мне лёс падараваў цудоўную жонку, дзеці сябе знайшлі ў жыцці. Не кожная жанчына вытрымае, калі гаспадар дома нічым не займаецца. Штораніцы ў шэсць гадзін выходжу і толькі апоўначы вяртаюся. Вячэра на стале, як належыць, чыстае папрасаванае адзенне назаўтра прыгатавана. 

— Не раўнуе вас Таццяна Канстанцінаўна да поля?

— Бывае, што паскардзіцца, чаму выхадных летам не маю. Такая ў мяне прафесія, што з вясны да восені мой кабінет — поле. Таццяна Канстанцінаўна бібліятэкар і больш мае вольнага часу, таму і хатнюю гаспадарку ўпраўляе. Дачка Вольга ёй дапамагае. Агарод у нас вялікі. Парасят і кур трымаем. Зімовым часам, калі вечары доўгія, я больш з сям’ёю. З вясны аграномам на нашым прысядзібным участку становіцца жонка. Толькі кансультуецца ў мяне.

— Ваш самы шчаслівы дзень у жыцці?

— І мой, і жонкі, калі нарадзіўся першынец. Доўга чакалі яго і раптам — сынок. Асабліва не песцілі з дзяцінства. Выхоўвалі ў працы. Я не ведаў, што такое падкасіць траву вакол сядзібы. Упраўляўся Ваня. Набыў спецыяльна невялікую газонакасілку, і ён хутка яе засвоіў. Да заканчэння школы дапамагаў маці па гаспадарцы. Калі што ў Вані не атрымлівалася, тэлефанаваў мне на поле і раіўся. Акрамя агранаміі, я ўсе гады яшчэ займаўся грамадскай дзейнасцю ў Ізабелінскім сельсавеце, дэпутатам якога пастаянна абіраўся.

— Выхоўвалі дзяцей толькі словамі?

— Часам мог  толькі дазволіць сабе павысіць голас, і не болей. Не прымусам, а добрым словам выхоўваў іх, і цяпер яны мне такім жа дабром адказваюць. 

— Віктар Іосіфавіч, што не паспелі за сваё жыццё зрабіць?

— Дасягнуць такіх высокіх ураджаяў, якія атрымліваюць флагманы Гродзеншчыны. Але ў мяне ёсць час яшчэ ўзняцца да гэтых вяршынь, і імкнуся да гэтага. Летась мы намалацілі па 60 цэнтнераў збожжавых на круг. Сёлета таксама хлебная ніва радуе высокім ураджаем. 

— А што сніцца ў жніво аграному?

— Не паспяваю бачыць сон, бо позна кладуся спаць і рана падхопліваюся. Не намі прыдуманы словы: хто рана ўстае, таму і Бог дае.

Уладзімір СУБАТ

Ваўкавыскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter