Не трэба -ізіраваць! ці Правапіс суфіксаў -ава- (-ява-) і -ірава (-ырава-)

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

У маўленчай практыцы, асабліва пісьмовай, мы сустракаемся з даволі спецыфічнай уласцівасцю: лёгка ўтвараць пры дапамозе суфіксаў
-ава- (-ява-) і -ірава- (-ырава-) дзеясловы: пікет — пікетаваць, модуль — мадэляваць, код — кадзіраваць, рэпатрыяцыя — рэпатрыіраваць. Такія дзеясловы суадносяцца з запазычанымі назоўнікамі: клон — кланіраваць(цца), блок — блакіраваць(цца), канверсія — канверсаваць(цца), лобі — лабіраваць(цца). Яны даволі распаўсюджаныя ва ўжываннні і ўтвараюць цэлыя словаўтваральныя ланцужкі. Напрыклад: код — кадзіраваць, кадзіравацца, кадзіраванне, кадзіроўшчык, кадзіравальны, дэкадзіраваць, дэкадзіраванне, закадзіраваць, закадзіраваны, перакадзіраваць, раскадзіраваць і інш. Слова код можа выкарыстоўвацца ў розных кантэкстах. Адсюль сучаснае прачытанне дзеяслова закадзіраваць на фоне ранейшых значэнняў ‘перадаць сэнсавы змест інфармацыі праз які-небудзь код’, ‘захаваць, перадаць з дапамогай спецыяльнага кода (пра інфармацыю)’ набывае новае гучанне: ‘унушыць’, ‘уздзейнічаць псіхічна’.
Трэба заўважыць, што ў роднай мове назіраецца тэндэнцыя да выцяснення суфікса -ірава- (-ырава-) марфемай -ава- (-ява-). Першы суфікс застаецца толькі там, дзе без яго слова губляе семантычную акрэсленасць. Абаніраваць — ‘набываць права карыстацца чым-небудзь на працягу пэўнага часу’. Няправільна: абанаваць. Лабіраваць —’аказваць ціск на дзяржаўную ўладу ў інтарэсах якога-небудзь лобі’ (з англ. lobby — калідор, кулуары). У некаторых краінах так называецца сістэма кантор і агенцтваў манаполій, якія ўплываюць на заканадаўцаў ці чыноўнікаў. Першапачаткова тэрмін прымяняўся для абазначэння вестыбюлю і двух калідораў у будынку палаты абшчын брытанскага парламента, куды дэпутаты ішлі галасаваць, дзе маглі сустрэцца з іншымі асобамі, якія не дапускаліся на пленарныя пасяджэнні. Няправільна: лабаваць.
Лічыцца, што суфіксы -ірава- і
-ізірава- паходзяць з нямецкіх
-ieren-, -izieren-. Яны правамерна адносяцца да пісьмовага маўлення. Асобныя дзеясловы з’яўляюцца ў XVIII ст., аднак ужывальнымі становяцца ў сярэдзіне XIX ст. і сёння абазначаюць паняцці самых розных галін дзейнасці ўсходніх славян.
У роднай мове іх існаванне мае сваю спецыфіку, выкліканую тым, што беларуская мова доўгі час была пад афіцыйнай забаронай. У першую чаргу гэта тычылася пісьмовай формы: калі тагачасны беларус прыходзіў ва ўправу, то ён прасіў напісаць паперу па-польску ці па-руску на сваёй гаворцы, на дыялекце, з якіх і фарміравалася літаратурная мова.
Выцясненне суфікса -ірава- і адсутнасць -ізірава- з’яўляюцца яскравымі сведчаннямі тых працэсаў у роднай мове, пра якія мы ўжо не раз гаварылі: у ёй назіраецца дынамічная заканамернасць да эканоміі маўленчых намаганняў. У гэтым пераконваешся, калі бярэш на розум, што пераважная колькасць дзеясловаў з суфіксам -ізіраваць перакладаецца на беларускую мову ў “спрошчаным” варыянце — з суфіксам -ава- (-ява-): идеализировать — адэалізаваць, иммунизировать — імунізаваць, канализировать — каналізаваць, канонизировать — кананізаваць, катализировать — каталізаваць, колонизировать — каланізаваць і шмат інш. Суфікс -ізіраваць часцей за ўсё сустракаецца ў нямецкай і рускай мовах.
“Правілы” (1959) напісанне суфіксаў -ава- (-ява-) і -ірава-
(-ырава-) не рэгламентавалі. Можна меркаваць, што марфемы не мелі тады такой распаўсюджанасці, як зараз, і такой словаўтваральнай прадуктыўнасці.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” падаюцца нормы напісання дзесловаў з суфіксамі -ава- (-ява-) і -ірава-
(-ырава-). Яны маюць рэкамендацыйны характар і адцяняюць заканамернасці развіцця сучаснай мовы.
Пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам -ава- (-ява-): дэградаваць, фальсіфікаваць, арыентаваць, прагназаваць, балансаваць, цытаваць, аналізаваць, іранізаваць, культываваць, кантактаваць, планаваць, групаваць, нацыяналізаваць, прыватызаваць, дэклараваць, ліквідаваць, акліматызаваць, перафразаваць, кваліфікаваць, інфармаваць, урбанізаваць, каталізаваць, функцыянаваць, ваенізаваць, кантраляваць, тыпізаваць, паразітаваць, фінансаваць, тыражаваць, ігнараваць, рэагаваць, кансультаваць, прафіляваць, ангажаваць, нерваваць, аб-страгаваць, імпартаваць, дэбатаваць, дэбютаваць, інспектаваць, экспартаваць, рэканструяваць, дыскутаваць, правакаваць, фінішаваць.
Сюды ж варта аднесці словы, зафіксаваныя сучаснымі слоўнікамі: абсарбаваць, адсарбаваць, акампанаваць, амніставаць, анатаваць, анестэзаваць, анексаваць, балатавацца, вальсаваць, датаваць, дэманстраваць, дэфіляваць, дыспутаваць, дыпламаваць, дэфармаваць, дыскваліфікаваць, дыскрэдытаваць, дыскрымінаваць, жэстыкуляваць, загерметызаваць, загіпнатызаваць, задакументаваць, зарэзерваваць, ідэнтыфікаваць, імітаваць, імправізаваць, індывідуалізаваць, індустрыялізаваць, інкарпараваць, інкрымінаваць, ін-круставаць, інструктаваць, інструментаваць, інтэрпрэтаваць, інтанаваць, капітуляваць, кваліфікаваць, класіфікаваць, каланізаваць, кам-бінаваць, кампенсаваць, кампіляваць, кандэнсаваць, канкрэтызаваць, кансерваваць, канспектаваць, канстатаваць, канструяваць, канцэнтраваць, канцэртаваць, каапераваць, кааптаваць, каардынаваць, карэктаваць, крышталізаваць, легалізаваць, ліцэнзаваць, лакалізаваць, лакаўтаваць, магнетызаваць, маніпуляваць, маніфеставаць, ме-ліяраваць, мінімізаваць, мадэрнізаваць, мадыфікаваць, матываваць, муніцыпалізаваць, набранзоўваць, накаўтаваць, парафінаваць, педалізаваць, персаніфікаваць, пікетаваць, пілатаваць, плацінаваць, пламбаваць, праектаваць, пульсаваць, разрэкламаваць, ратыфікаваць, рацыяналізаваць, рэабілітаваць, рэгістраваць, рэгламентаваць, рэгуляваць, рэдагаваць, рэдукаваць, рэзерваваць, рэквізаваць, рэкламаваць, рэмітаваць, рэтушаваць, рэфармаваць, рэцэнзаваць, рытмізаваць, рамантызаваць, русіфікаваць, збалансаваць, сімпатызаваць, сімуляваць, сінхранізаваць, сістэматызаваць, скалькуляваць, скальпаваць, сканцэнтраваць, скаардынаваць, сартаваць, спекуляваць, справакаваць, стымуляваць, структураваць, сублімаваць, тэлефанаваць, уніфікаваць, утылізаваць, фігураваць, фіксаваць, фандаваць, фатаграфаваць, характарызаваць, хімізаваць, хлараваць, хранаметраваць, цэментаваць, цэнтраваць, цыркуляваць, шабланізаваць, штабеляваць, эксгумаваць, экспанаваць, эксперыментаваць, экстрагаваць, электрыфікаваць, эмульгаваць, эмульсаваць, эскартаваць, яравізаваць і інш.
Дзеяслоўны суфікс -ірава-
(-ырава-) ужываецца:
калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам -ава- (-ява-): буксіраваць — буксаваць, парадзіраваць — парадаваць, візіраваць — візаваць, бу-дзіраваць — будаваць, газіраваць — газаваць, камандзіраваць — камандаваць, пазіраваць — пазаваць, пасіраваць — пасаваць, тушыраваць — тушаваць, парыраваць — параваць, паніраваць — панаваць, фар-міраваць — фармаваць, апаніраваць — апанаваць;
калі дзеяслоў без -ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бісіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, гра-сіраваць, курыраваць, лавіраваць, дэкарыраваць, сервіраваць, фантазіраваць, лакіраваць, штудзіраваць, мусіраваць, татуіраваць і інш.;
калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: манціраваць, пасівіраваць, аксідзіраваць, зан-дзіраваць, дэкаціраваць, сталіраваць, дэмпфіраваць, юзіраваць, юсціраваць, парафіраваць, дыфундзіраваць.
У некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: дэмаскіраваць — дэмаскаваць, акупіраваць — акупаваць, курсіраваць — курсаваць, калькіраваць — калькаваць, базіраваць — базаваць. Сюды ж адносім інтэрпеліраваць і інтэрпеляваць, каменціраваць і каментаваць, нарміраваць і нармаваць, праграміраваць і праграмаваць, узурпіраваць і ўзурпаваць, эвалюцыяніраваць і эвалюцыянаваць.
Неабходна адрозніваць: забраніраваць (замовіць месца ў гасцініцы, білет) і забраніравaць (па-крыць бранёй), кампаставаць (торф) і кампасціраваць ці кампаставаць (білет), масажаваць (рабіць масаж) і масіраваць (атакай), планіраваць (ляцець, размячаць тэрыторыю) і планаваць (распрацоўваць план).
Паводле сучасных слоўнікаў рэкамендуецца ўжываць: дырыжыраваць, дыслацыраваць, дысгарма-ніраваць, заблакіраваць, задрапіраваць, закамуфліраваць, інкасіраваць, інсінуіраваць, інсцэніраваць, інтэрніраваць, інтэрферыраваць, інфіцыраваць, крэкіраваць, купелі-раваць, курсіраваць, лавіраваць, лідзіраваць, лагарыфміраваць, нагафрыраваць, аднікеліраваць, адпаліраваць, адрэпеціраваць, пікіраваць, празандзіраваць, рэжысіраваць, рэпеціраваць, сенажыраваць, сілікаціраваць, сканіраваць, скла-дзіраваць, субсідзіраваць, суфліраваць, фланіраваць, фарсіраваць, храміраваць, эмаліраваць, эмансі-піраваць, эталаніраваць, эшалані-раваць, экстрапаліраваць.
Як бачым, нават зрокавае супастаўленне пералікаў дзеясловаў з аналізаванымі марфемамі паказвае, што колькасць слоў з суфіксам -ірава- (-ырава-) у роднай мове змяншаецца.
N.B. У каментарыях да “Правапісу некаторых марфем”, змешчаных у часопісе “Роднае слова” (№10. 2009), на стар. 58 дапушчаны недакладнасці, якія могуць завесці чытачоў у зман. Паводле пункта 1 параграфа 23 “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, зацверджаных Законам Рэспублікі Беларусь
23 ліпеня 2008 г., устанаўліваецца норма ўжывання дзеясловаў: ангажаваць, дыскутаваць, перафразаваць, прагназаваць, пра-філяваць, паводле пункта 2 гэтага ж параграфа дапускаецца ўжыванне паронімаў візіраваць (наводзіць аптычны вугламерны прыбор на які-небудзь аддалены прадмет для вызначэння яго размяшчэння адносна іншых прадметаў) візаваць (ставіць візу).

Зваротная сувязь

Добры дзень! На працягу некалькіх гадоў пры выпуску новых банкнот у нас ніяк не могуць (ці не хочуць) выправіць граматычную памылку на ўсіх грашовых знаках. “Падробка білетаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь праследуецца па закону”? — напісана на адваротным баку ўсіх беларускіх рублёў, у той час як згодна з правіламі беларускай мовы правільна пісаць “па законе”.
А. АрлоЎ, г. Мінск
— Адразу заўважу, што карэктна гаварыць не пра правілы мовы, а правілы арфаграфіі, граматыкі. На сёння выкарыстанне “па законе” і “па закону” ўяўляе сабой так званую дыспазітыўную норму, якая дапускае варыянты канчаткаў. Напрыклад, “па тэлебачанні” і “па тэлебачанню”. Абодва варыянты ў сучаснай граматыцы дапускаюцца. Хаця трэба прызнаць, што ў гэтым выпадку змешваюцца значэнні давальнага і меснага склонаў. Сёння пашырэнне атрымліваюць формы “па тэлебачанні” і “па законе”, таму што яны больш адпавядаюць тэндэнцыям развіцця беларускай мовы. Пры гэтым статус дыспазітыўнай нормы не выключае, што яшчэ не адзін дзясятак гадоў будуць існаваць формы “па закону” і “па тэлебачанню”. Таму гаварыць аб тым, што на нашых банкнотах дапушчана парушэнне нормы, падстаў няма.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter