Не трэба саромецца размаўляць на беларускай мове

Як пашырыць распаўсюджанасць роднага слова

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! На мой суб’ектыўны погляд, цяпер сфера ўжывання беларускай мовы не такая шырокая, хоць і мае яна высокі статус дзяржаўнай. Як педагог па адукацыі, лічу: для выпраўлення сітуацыі трэба актыўней выкарыстоўваць роднае слова не толькі ў дзяржаўных зносінах, справаводстве, але і ў грамадскім ужытку, стасунках людзей паміж сабой — у сям’і, школе, паўсядзённым побыце…

Будуць зрухі да лепшага і тады, калі на сваёй мове навучацца размаўляць чыноўнікі. Мне асабіста прыемна, што, да прыкладу, міністр культуры Павел Латушка досыць часта і ў афіцыйных прамовах, і ў тэлевізійных інтэрв’ю не цураецца роднага слова. Чаму не прыклад для іншых?

…А што ў сферах, дзе, здавалася б, без мовы ніяк нельга? Даводзіцца назіраць такое: настаўнік-філолаг на ўроку карыстаецца добрай літаратурнай мовай. Чаго патрабуе і ад вучняў. Але як толькі празвініць званок на перапынак і спецыяліст апынецца ў настаўніцкай, так і льецца больш звыклая руская мова ці, яшчэ горш, гучыць прыкрая трасянка. У сям’і, за сценамі школы, мала хто з педагогаў практыкуе ўжыванне роднага слова. А дарэмна!

Прынамсі, мне давялося быць сведкам такога паказальнага выпадку ў нашым старажытным Навагрудку, куды з усяго свету прыязджаюць турысты. Неяк у адну з прадуктовых гандлёвых кропак райцэнтра зайшоў турыст. Было прыкметна, іншаземец, славянін. Пастараўся, натуральна, да «беларускага» прадаўца звярнуцца на чыстай беларускай мове: «Калі ласка, адважце мне вунь той кавалачак ялавічыны!» Маладая дзяўчына абслужыла пакупніка, але з незадаволенасцю буркнула сабе пад нос: «Ходят тут разные из-за рубежа!»

Відавочна, адных толькі заклікаў, рэкламных плакатаў мала — трэба літаральна з дзіцячых садкоў неяк даводзіць, растлумачваць дзеткам вялікую карысць сваёй роднай матчынай мовы — для захавання і ўзбагачэння нацыянальнай культуры. Вядомыя словы Францішка Багушэвіча, мне падаецца, сталі найбольш актуальнымі менавіта зараз, калі ўсё вакол нас нібыта канцэнтруецца на імпартнай танальнасці. Нават стэрэатып такі ёсць: «Што імпартнае, тое абаязкова ў нас моднае, сучаснае»!

Рацыянальней, на маю думку, імпартаваць, «чэрпаць» не сумніўныя матэрыяльныя каштоўнасці, а — вопыт іншаземцаў па зберажэнні іх родных моў. Напрыклад, у Расіі дзейнічае спецыяльны фонд падтрымкі роднай мовы. Яму аказваецца дапамога на дзяржаўным узроўні. Чаму б нам не наладзіць нешта падобнае? Дарэчы, за акіянам, у ЗША, Канадзе, беларускія дыяспары захоўваюць нацыянальныя звычаі, берагуць мову. Трэба нам вучыцца ў землякоў! А то не вельмі добра, што ў тым жа Навагрудку рэдка калі пачуеш роднае слова, а гараджане — былыя вяскоўцы — часам проста саромеюцца размаўляць на сваёй мове, спяваць песні матчыны. Чаму? Ёсць рызыка, што абзавуць «деревенщиной»…

Сябры, давайце зберажом сваю родную мову! Мы ўсе разам адказныя за яе лёс…

Яўген ЛАПЦЕЎ,

г. Навагрудак

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter