Першы верш слынны паэт лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Міхась Башлакоў акурат паўстагоддзя таму апублікаваў у «Сельской газете»

«Не трэба руйнаваць родны дом і скакаць пад чужую дудку»

Вершы і кнігі Міхася БАШЛАКОВА ёмістыя, шматтыражныя, выходзяць у самых прэстыжных выдавецтвах краіны. Зрэшты, і не гэта самае галоўнае. Важней за ўсё глыбіня творчасці, высокае маральнае святло, заклік да чалавечнасці, працавітасці, неўтаймоўнасці і праўды. У сённяшнім, прысвечаным стогадоваму юбілею нашай газеты нумары «Сельской газеты» — гаворка з паэтам пра агульныя чалавечыя каштоўнасці і яго новую кнігу «На зветраных шляхах».


— Міхась Захаравіч, думаю, вы ведаеце, чаму мы з вамі гутарым менавіта зараз. 

— «Нагамані мне, бор сасновы, шчаслівых радасных хвілін. / Нагамані такія словы, каб разумеў я шум галін». Удзячны «Сельской газете», што паўстагоддзя таму падтрымала і акрыліла той публікацыяй. Раней штомесяц выдаваліся літаратурныя старонкі, дзе друкавалі пісьменнікаў правінцыі і такім чынам іх падтрымлівалі. Да галоўнай аграрнай газеты ўвесь час знаёмства з ёй адчуваю добрыя пачуцці. І зараз дазвольце шчыра і сардэчна павіншаваць калектыў і чытачоў са стагоддзем з дня выхаду першага нумара газеты «Белорусская деревня», з якой некалі і адзначыўся ваш шлях. Ішоў час, мяняліся назвы, але не сутнасць выдання. Яно разлічана ў асноўным на сельскага працаўніка і чытача. Жадаю газеце быць і надалей на плыні часу, не толькі прафесійна і цікава расказваць пра дасягненні і поспехі ў сельскай гаспадарцы, але і штодзённа клапаціцца пра духоўны і культурны ўзровень падпісчыкаў.

 — «Мінуў той час, узнёслы і натхнёны, / Калі паэт быў болей, / Чым паэт...» — сказалі вы ў сваёй новай кнізе. Не толькі гэтыя — іншыя радкі працялі мяне яшчэ глыбей. У вершы «Вагон гудзеў. Людзей было нямала…» пасажыр у чыгуначным вагоне чытаў уголас томік Купалы, «нібы на людзях думкі вывяраў». Між тым «хтось хмыкаў і хіхікаў... / Хтось сапеў... / Вагон маўчаў зацята і варожа, / Вагон Купалу ўжо не разумеў...» Адсюль пытанне: якім трэба быць сучаснаму паэту, а якім — народу, каб іх сугучча адбылося?

— Разумець і адчуваць, падкрэслю, тонка адчуваць паэтычнае слова дадзена далёка не кожнаму. Тут таксама талент патрэбен. І таму, калі вагон ці, вобразна кажучы, грамадства «хмыкае і хіхікае» са святыняў, калі не шануе роднае слова і сваіх прарокаў, пра якое сугучча, выбачайце, можа ісці гаворка?

— Многія вашы творы прасякнуты грамадзянскасцю. Яно і нядзіўна: паэта няма не толькі без сумлення, але і без Айчыны. Кранаюць імпульсіўнасцю радкі пра Украіну: «Ты зноў на майдане аб волі крычыш?.. / Ты зноў пра Еўропу?.. / Такою цаною?.. / Чакае Еўропа... / Галгофа... / І крыж...» Пэўнае раз’яднанне ў грамадстве адбылося нядаўна і ў нашай краіне. Як злучыцца народу, як не дзяліцца на сваіх і чужых — перш за ўсё, каб берагчы родную зямлю, нашу культуру і мову, не ператварыўшыся ў ворагаў?

— Скажу тое, аб чым не раз думаў і разважаў. Калі ўкраінскі народ жыў і працаваў пад сцягам свайго любімага песняра Тараса Шаўчэнкі, усё было нармальна і стабільна. Калі ж значная частка грамадства хіснулася і актыўна перайшла пад сцягі Бандэры, усё кардынальна змянілася. Пачалася ліхаманка… Не дай божа нашай Айчыне лёсу Украіны. З гісторыі мы ўсе добра ведаем, што любая рэвалюцыя — найвялікшая трагедыя для народа. Разбураць вельмі лёгка. Гэта мы ўжо не раз праходзілі. Давайце адкінем прэч усю нашу злосць, незадаволенасць, варожасць і паспрабуем цвяроза ацаніць становішча, у якім апынуліся. Давайце падумаем ра­зам: а ці варта дзеля нечых інтарэсаў, добра аплачаных з-за мяжы, руйнаваць родны дом? Хіба на папялішчы будзе лепей? Не трэба скакаць пад чужую дудку. Мы самі павінны вырашаць свой лёс. Самі!

— «Паэзія душы — / Паэзія прыроды: / Я пакладу ў блакнот / Бярозавы лісток. / За барваю асін / Чыесьці агароды — / Ах, не туды завёў / Мяне ты, мой радок...» Многа пішаце пра прыроду, паралель з ёй бадай у кожным творы. На пагорак узбіраецеся, як на Парнас, і заўважаеце цікавосткі. Ці можна сказаць, што менавіта ў прыродзе чэрпаеце натхненне, і што яшчэ рухае вамі ў паэзіі?

— Не ведаю, як для іншых калег, а для мяне паэзія і прырода — адзінае, непадзельнае. Менавіта на прыродзе напісана большасць вершаў. Дарогі, уражанні дасылаюць свае імпульсы, дапамагаюць творцу ў вершы быць больш разняволеным, эмацыянальным, меладычным і шчырым. Подых ветрыку ў лузе ці полі навявае інтанацыю, але паэзія заўсёды таямніца. Ніколі не ведаеш, што напішацца і на якім узроўні.

— Міхась Захаравіч, ведаю, што вы жывяце, калі можно так сказаць, з аголенымі нервамі, востра і ярка рэагуеце на тыя праявы жыцця, якія нас, грамадства, не упрыгожваюць. Вось і зараз: «Расце такое пакаленне, / Хоць заганяй адразу ў хлеў...» Ці не занадта, чаму такая абуранасць?

— Абуранасці якраз і няма. Ёсць занепакоенасць, шкадаванне, што маладыя не такія натхнёныя і ўзнёслыя, не такія дасведчаныя і адукаваныя, як хацелася б… «Віснуць» у інтэрнэце і «лайкаць»  розуму вялікага не трэба. А дзе веды, культура? Мяне здзіўляе, што людзі, якія спрабуюць сілы ў літаратуры, так мала чытаюць і так мала ведаюць. Нават класіку. А без ведання яе і ўсяго лепшага, што створана папярэднікамі, не можа быць палёту. Каб узняцца да нябёсаў, патрэбна мець арліныя крылы, а не вераб’іныя. Паэзія — гэта лёс, і неабходна ўсяго сябе аддаваць слову. Вось гэтага якраз і не бачна ў нашых маладых. Не хапае імкнення. Многа апломбу, а таленту і сілы волі не стае.

— «Ніяк не мяняўся / Я рознай парой, / Такім і застаўся — / З пярчынкай сваёй…» Пярчынка гэта з яркім, вострым смакам. І вы запомніліся палымянымі прамовамі на пісьменніцкіх сходах, не гладзіце па поўсці калег па пяры, калі тыя нешта робяць не так. Ці пакутуеце праз гэта і ці лёгка жыць з такім утрапёным характарам?

— Думаю, што любому шчыраму чалавеку ой як нялёгка ў жыцці, калі ён адстойвае свае погляды і мае ўласную пазіцыю. Сапраўднага паэта без пазіцыі ўвогуле не бывае. Адказнасць перад словам, як перад Богам. І аб гэтым трэба помніць заўсёды. Нельга крывадушнічаць, быць непраўдзівым. Калі ж прагінаешся, віхляеш, махлюеш, які ты паэт тады?

Калі са словам ты хітруеш,
З выгодай ладзіш свой санет,
Калі сумленнем ты гандлюеш,
Ты ёсць гандляр, а не паэт…

— Міхась Захаравіч, вы называеце сябе паэтам у дарозе і пацвярджаеце гэта паэтычнымі радкамі: «Не, кудысьці трэба з’ехаць, / Абстаноўку памяняць... / Дзе Пегас?.. А то ўсё пехам — / Аж ступні агнём гараць…» Што для вас шлях, дарога? Забірае стому, перабівае самотныя думкі, кліча ў далеч светлую?

— Шлях — гэта жыццё і паэзія. Няма дарогі — няма і руху наперад. На кожны верш, калі ён пішацца недзе за горадам, на прыродзе, у мяне затрачваецца па некалькі кіламетраў. І гэта не жарт, на самай справе так. Скажу шчыра, у працэсе стварэння новай кнігі «На зветраных шляхах», як, дарэчы, і папярэдніх, прайшоў сотні кіламетраў. Я паэт прыроды і бясконцых шляхоў, дарог, сцяжынак…

— Ваш кожны верш, нават невялічкі, нібыта страла, працінае сэрца. Значыць, тонка ведаеце чалавечую душу і танальнасць яе струн. Такое адчуванне, што радкі вам падказвае неба, а вы, пільна ўслухоўваючыся, занатоўваеце?

— Ужо не раз казаў, што не ўсё, далёка не ўсё залежыць ад цябе. Ёсць, здаецца, вольны час, жаданне нешта напісаць, але не атрымліваецца — душа маўчыць. Значыць, не ад цябе залежыць, што напісаць, калі напісаць і як напісаць. Гэта проста невытлумачальна. Але я кажу, безумоўна, пра паэзію, а не пра вершыкі, якія можна складаць кожны дзень дзясяткамі. Я кажу пра сапраўднае пачуццё, а не пра імітацыю, бо ёсць паэзія і ёсць вершаскладанне. А гэта зусім розныя рэчы.

— Кнігі прадуманыя, закальцаваныя, кожная як асобнае жыццё. «На зветраных шляхах» — 350 старонак, куды ўвайшло лепшае за тры апошнія гады. Вялікі аб’ём для адносна невялікага часу. «Дзень недарма пражыты, / Калі хаця б радок / Зазелянеў, як жыта, / Прабіўся праз лядок…» — напісалі вы. Між тым заўважаеце, што вершы ствараць — не аладкі выпякаць, штодзень не атрымаецца. Адсюль пытанне: як размяркоўваеце час і ці ставіце сабе падсвядома пэўную вершаваную норму? Гэта не цэх па гайках, хай сабе адкажаце і так.

— Як можна размеркаваць свой час? Вось прачнуся, паснедаю і засяду за вершы? Не атрымаецца, ніякія нормы проста немагчымы. Калі над прозай можна і трэба працаваць штодня, то ў паэзіі гэта не пройдзе. Тут багіня — інтанацыя. Але падкрэслю: вершыкі можна пісаць хоць кожны дзень.

— «Згубіць сябе так лёгка, / Знайсці — архіскладана…» У справядлівасці і двурушніцтве, пішаце, аднолькава нешчаслівы лёс. «Адкрытым быць, як рана, / Сумленным і праўдзівым, / Адрынутым і гнаным» — дык ці ёсць тая залатая сярэдзіна? Не ў сэнсе кампрамісу з сумленнем, а ў сэнсе шчасця?

— У сапраўднага паэта не можа быць залатой сярэдзіны. Ён выбірае альбо шлях лёгкі, хлуслівы, жадае быць прыніжаным і бязлікім ці, наадварот, сумленным і праўдзівым: «Штодня сцякаць крывёю. / Затое быць сабою». Што тычыцца шчасця, то гэтае паняцце вельмі ўмоўнае. Ты зараз, здаецца, шчаслівы, радасны, а праз некалькі гадзін ці нават хвілін ужо такі няшчасны, хоць плач. І хто ведае, што такое шчасце? Багацце? Слава? Не, і яшчэ раз не. Тады што? У кожнага, напэўна, будзе свой адказ.

— «Што вам, абыякавым?.. / Хіба вас праб’еш?.. / Лепей крэндзель макавы, / Чым узнёслы верш…» Але ж мы добра ведаем, што нельга без прыгожых, правільных, вострых паэтычных слоў, бо гэта аснова свету. І канечне, імі праб’еш, прычым цэлыя стагоддзі. Хіба вы, Міхась Захаравіч, сумняваецеся?

— Абыякавым не патрэбна паэзія. Ім не трэба ні Авідзій, ні Дантэ, ні Пушкін, ні Ясенін, ні Купала. Ім і так добра — без паэзіі, музыкі, жывапісу. Абыякавы чалавек ва ўсім і да ўсяго абыякавы. А для таго, каб не быць раўнадушным, каб чытаць, разважаць, кіравацца сумленнасцю, праўдзівасцю, шчырасцю, і жыве паэтычнае слова. Кожны творца спа­дзяецца, што на яго радкі знойдзецца чытач і ад гэтага стане крыху лепшым. Я таксама веру, што людзі нарэшце спыняцца ў самаразбурэнні. Асоба не павінна і не мае права ператварацца ў жывёліну. Мы проста абавязаны адпавядаць свайму высокаму прызначэнню. І паэзія дапамагае ў гэтым. Толькі трэба навучыцца разумець і адчуваць гэтае слова, слухаць і чуць. А ў тым, што прыгажосць змяняе чалавека і свет, я ніколькі не сумняваюся. Інакш не быў бы паэтам.

— Дзякуй, Міхась Захаравіч, за цудоўную гутарку! Плёну вам і сакавітых вершаў!

basikirskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter