Не толькi спажываць

Часам сацыяльная дапамога на карысць не iдзе

Часам сацыяльная дапамога на карысць не iдзе

Самая вялiкая каштоўнасць для любога дзiцяцi — бацькi, якiя, на жаль, ёсць не ва ўсiх. Дзяржава не пакiдае дзяцей-сiрот i дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекi, сам-насам са сваiмi праблемамi. Iльготы пры паступленнi на вучобу, абавязковая стыпендыя i iншыя грашовыя выплаты, магчымасць адпачыць за межамi краiны, атрымаць жыллё па льготнай чарзе або льготны крэдыт на яго будаўнiцтва — чалавек заўсёды можа разлiчваць на сацыяльную цi матэрыяльную дапамогу.

На жаль, некаторыя не цэняць такi клопат. Мой знаёмы застаўся сiратой — спачатку памерла мацi, потым загiнуў бацька. Бабуля аформiла над iм апеку. Калi хлопец пасталеў i паступiў у лiцэй, яму выдзелiлi пакой у iнтэрнаце, ён стаў атрымлiваць стыпендыю. Але замест таго, каб вучыцца i дапамагаць бабулi, ён звязаўся з дурной кампанiяй, стаў злачынцам, трапiў пад суд. А пасля адбыцця пакарання зноў вярнуўся да звыклага ладу жыцця. Увесь гэты час ён утойваў ад бабулi памер сваёй стыпендыi, перакладаючы на яе плечы ўвесь матэрыяльны цяжар выхавання. На вялiкi жаль, гэта гiсторыя не адзiная. Я ведаю дзяцей-сiрот, якiя паступiлi па-за конкурсам у навучальную ўстанову, а зараз не ходзяць на заняткi або ўвогуле кiнулi вучобу. Некаторыя пабывалi некалькi разоў за мяжой на аздараўленнi — такую магчымасць дае iм дзяржава — i заяўляюць, што iм было там лепей. Маўляў, за мяжой яны будуць больш патрэбнымi, чым у роднай краiне.

Вельмi шкада такiх людзей. Таму, што яны страцiлi бацькоў. Таму, што не зразумелi i не могуць выкарыстаць шанс, якi iм дала дзяржава, каб стаць сапраўднымi грамадзянамi сваёй краiны. Трэба вельмi цанiць тое, што атрымлiваеш без вялiкiх намаганняў. I не толькi карыстацца сацыяльнай дапамогай, але i аддаваць...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter