Не толькі зямля на «трох кітах»,
25.05.2013 14:44:37
ці Чаму для правядзення Рэспубліканскага семінара па праблемах работы з моладдзю выбралі Шаркоўшчынскі раён
У ШАРКОЎШЧЫНСКІМ раёне, і асабліва ў апошнія гады, ва ўсіх сферах жыцця назіраецца актыўнасць моладзі: маладыя аратыя сталі пераможцамі ў вобласці, тэаквандысты заявілі пра сябе не толькі ў рэспубліцы, але і на міжнароднай арэне, а ў конкурсе на лепшы падворак удзельнічала больш за сотню маладых сямей. Нідзе не збіраецца на турыстычны злёт столькі народу, як тут.
Чытач можа запярэчыць, што такое або падобнае ёсць і ў іншых месцах. Дык у чым жа фенамен Шаркоўшчыны?
У раёне ўсяго моладзі ад 14 да 31 года — 2800 чалавек. У тым ліку працуючай — 2100. Каб прадметна праводзіць дзяржаўную маладзёжную палітыку, дайсці да кожнага, у працоўных калектывах уведзены пасады спецыялістаў па рабоце з моладдзю: у 9 сельгаспрадпрыемствах і 17 арганізацыях. Каардынатар — ад- дзел па справах моладзі райвыканкама, які распрацаваў спецыяльную сістэму. Трымаецца яна на «трох кітах»: стварэнне ўмоў для прафесійнага і сацыяльнага станаўлення моладзі, культурна-масавая работа і прапаганда здаровага вобразу жыцця.
У ААТ «Княж» спецыялістам па рабоце з моладдзю з’яўляецца Марына Фёдарава, настаўніца мясцовай Германавіцкай школы. Яе кантынгент — былыя вучні, якія цяпер працуюць у гаспадарцы механізатарамі, жывёлаводамі, паляводамі. Дзень Марыны дзеліцца як бы на дзве часткі: зранку яна ў школе, а пад вечар — на фермах, у майстэрні, спортзале. Работы хапае. Чаго толькі вымагае конкурс «Лепшы па прафесіі», які праводзіцца сярод усёй моладзі. Пры падвядзенні вынікаў — а яны заносяцца на спецыяльны экран — улічваюцца выкананне планавых паказчыкаў, прадпрымальнасць і рацыяналізатарства, якасць работы, вытворчая дысцыпліна. За кожны — выстаўляюцца балы. А потым фарміруецца маладзёжная Дошка гонару. На ёй — механізатары Сяргей Хаданёнак і Аляксей Смерцьеў, вадзіцель Леанід Пянкоўскі, іншыя.
Анастасія Пісарэнка, якая летась закончыла Глыбоцкі прафесійна-тэхнічны ліцэй і вярнулася працаваць у родную гаспадарку, стала лепшай сярод маладых аператараў машыннага даення ў першым квартале гэтага года і абараняла гонар калектыву на раённым конкурсе. На асобным стэндзе інфармацыя аб наведванні моладдзю спартыўных секцый, гульнявых відаў спорту. Трэба зазначыць, што сама Марына Фёдарава — цудоўная спартсменка, адна з лепшых валейбалістак раёна і трэнер. Каманда ААТ «Княж» па валейболу, перацягванню каната, спаборніцтвах на «Сельскіх гульнях», «Шаркоўшчынскай лыжні» заняла летась першыя месцы!
Яшчэ адзін важны накірунак работы Марыны Фёдаравай — маладзёжны падворак. На вуліцы Прохарава, дзе ў прэзідэнцкіх дамах пасяліліся маладыя сем’і, ці не кожная трымае на падворку жывёлу. Так, у перадавога механізатара Сяргея Хаданёнка гадуецца бык. Да гэтага здаў два, за якія набыў мэблю ў новы катэдж, ноутбук і іншае.
Сям’я маладога ветурача Алесі Пучынскай трымае дзвюх кароў, парасё, курэй, качак. Разлічвае перамагчы ў конкурсе і артымаць «жывы» прыз — цяля. А яшчэ ў планах — памяняць восенню машыну. Падсобная гаспадарка «падсобіць»!
Поле дзейнасці Марыны Фёдаравай шырокае, як, між іншым, і ў яе калег па рабоце з моладдзю. Ёсць канкрэтныя вынікі. І таму нездарма тут праведзены Рэспубліканскі семінар-вучоба «Практыка работы з моладдзю ў працоўных калектывах Шаркоўшчынскага раёна».
З прывітальным словам на ім выступіў старшыня райвыканкама Мікалай Баговіч. Аб формах і метадах работы з моладдзю расказаў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Ігар Іваноў.
Удзельнікі семінара наведалі цэнтральную раённую бальніцу, маладзёжны цэнтр «Атлант» ДБУ-26, Германавіцкую і Лужкаўскую СШ, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр аграгарадка «Лужкі».
У рабоце семінара прыняў удзел Міхаіл Кустоўскі, дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Уладзімір САУЛІЧ, «БН»
Фота аўтара