Не толькі адны песні. Піша вам інвалід першай групы па зроку.

Тэлевізарам я ўжо даўно не карыстаюся, слухаю толькі радыё. Раней тут чыталі шмат літаратурных твораў. Аднак зараз у асноўным транслююць толькі адны песні. Вось і атрымліваецца так, што вечарамі моладзь сядзіць ля камп’ютараў і тэлевізараў, а старыя вымушаны слухаць джаз і шансон, які нам зусім не патрэбен. У краіне святкуюцца юбілеі такіх вядомых беларускіх пісьменнікаў, як Якуб Колас, Іван Шамякін, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч. А па радыё за гэты час я не пачула ніводнага іх твора. Вельмі шкада.
Я хацела б, каб звярнулі ўвагу на жыхароў вёскі, большасць з якіх ужо знаходзяцца ў сталым узросце. Наведваць тэатры ў нас няма магчымасці, таму зрабіце больш цікавых перадач па радыё. Прычым не толькі для дарослых. Хацелася б, каб нашы ўнукі ведалі, што на роднай мове напісана шмат добрых кніг і казак, і ганарыліся сваёй краінай.
З павагай Марыя КРУЦЬКО, Вілейскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter