Минск
+4 oC
USD: 2.2
EUR: 2.38

Из-за мягкой зимы дорожники втрое сократили расход соли

Не сыплюць соль на раму

Зіма выдалася вельмі цёплай. Ні калядных маразоў вам, ні студзеньскіх завей. Сіноптыкі кажуць: тэмпературны фон трымаецца на 3—6 градусаў вышэй за норму. Аднак сэрвісы папярэдніх прагнозаў усё ж абяцаюць маразы. Праўда, не ранней за другую дэкаду лютага: тэмпература апусціцца да мінус 15 градусаў. Дарожнікі запэўніваюць, што гатовыя сустрэць непагадзь у поўным узбраенні.

З пачатку зімовага перыяду на апрацоўку дарог пайшло 7,8 тысячы тон пясчана-саляных сумесяў і 10 тысяч тон солі.

— Надвор’е ўнесла свае карэктывы ў нашу працу, — уводзіць у курс справы намеснік генеральнага дырэктара па ўтрыманні аб’ектаў добраўпарадкавання «Гаррамаўтадар» Алег Лукашэнка. — Ва ўмовах адсутнасці снегу і частага пераходу тэмператур ад плюсавых да мінусавых узрастае рызыка ўтварэння галалёдзіцы. Для падтрымання вулічна-дарожнай сеткі ў належным стане апрацоўваем яе рэагентамі. Выкарыстоўваем мінімальную іх колькасць.

З пачатку зімовага перыяду на апрацоўку дарог пайшло 7,8 тысячы тон пясчана-саляных сумесяў і 10 тысяч тон солі. У месцы часовага складзіравання снегу вывезена 3,8 тысячы кубічных метраў. Гэта вельмі мала. За аналагічны перыяд мінулага года было зрасходавана матэрыялаў амаль у 3 разы больш. У сувязі з адсутнасцю снегападаў дарожнікі актывізавалі працу па ачыстцы дарог ад пяску і смецця. Штосутачна гэтым занята каля 700 чалавек і 600 адзінак тэхнікі.

— Пакрыццё заўсёды моцна пакутуе з-за перападаў тэмпературы са станоўчай на адмоўную. У такія перыяды вільгаць, якая патрапіла ў невялікую трэшчынку, замярзае, расколіна пашыраецца і паступова ператвараецца ў выбоіну. Гэтай зімой дзякуючы асаблівасцям надвор’я пакрыццё дэфармуецца не так інтэнсіўна, як звычайна, — дадае Алег Лукашэнка.

Каб своечасова выяўляць такія ўчасткі, «Гаррамаўтадар» рэгулярна маніторыць стан дарожнага пакрыцця ў кожным раёне Мінска. Па словах Алега Лукашэнкі, ліквідаваць крытычную ямачнасць рабочыя могуць за адну змену — гэта 8 гадзін. Якасць гарачых літых сумесяў дазваляе выкарыстоўваць іх пры тэмпературы да мінус 10 градусаў.

Вырабляць пясчана-саляныя сумесі працягне «Макрадар». Для якаснага змешвання інгрэдыентаў на прадпрыемстве ёсць спецыяльная ўстаноўка. Яна змешвае каменную соль і пясок у прапорцыі 1:1. Як паказала практыка, суадносіны кошт — якасць такіх процігалалёдных матэрыялаў самыя аптымальныя. Соль растоплівае наледзь, а пясок прадухіляе слізгаценне.

Што тычыцца тэрмінаў, то ў залежнасці ад умоў надвор’я работы па ліквідацыі зімовай слізкасці могуць займаць ад 2 да 9 гадзін, ачыстка ад рыхлага снегу — ад 3 да 18 гадзін. У першую чаргу апрацоўваюць месцы з вялікім патокам людзей і высокай верагоднасцю атрымання траўмы — прыпыначныя пункты, спускі ў падземныя пераходы і тратуары пад ухілам.

Напрыканцы Алег Лукашэнка закрануў пытанне негатыўнага ўздзеяння рэагентаў на расліны:

— «Гаррамаўтадар» занепакоены станам зялёных насаджэнняў і са свайго боку спрабуе знайсці спосаб знізіць негатыўнае ўздзеянне на іх. Мы супрацоўнічаем з «Мінскзелянбудам» і Інстытутам мікрабіялогіі Акадэміі навук, дзе распрацоўваюць біяўгнаенні для абароны раслін ад рэагентаў. У горадзе вы-дзелена 35 участкаў, на якіх тэсціруецца эфектыўнасць распрацаванага вучонымі сродку, гэта ў тым ліку цэнтральныя праспекты Мінска.

Працуе біяўгнаенне наступным чынам. Яно насычае глебу каштоўнай мікрафлорай, якая стымулюе рост каранёў. Расліны могуць спажываць больш вады і пажыўных рэчываў, такім чынам памяншаецца негатыўны эфект дарожных рэагентаў. Завершыцца эксперымент па выкарыстанні біяўгнаенняў у 2023 годзе. Тады можна будзе адназначна меркаваць аб эфектыўнасці новага метаду.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Сергей ЛОЗЮК
Загрузка...