“Не сватай дзеўку, не вызнаўшы”

Душа нашага чалавека была і, відавочна, назаўсёды застанецца самай вялікай таямніцай. Ва ўсе часы яна жыла і поўнілася верай у мінулае, любоўю да дня сённяшняга і надзеяй на будучае. Загадкавы сінтэз гэтых пачаткаў нараджаў спадзяванне на поспех, але пры гэтым правакаваў неабходнасць прадбачлівасці і ні з чым непараўнальнага жадання зазірнуць наперад. Здавалася б, тысячагадовы вопыт папярэдніх пакаленняў павінен быў улічыць усе магчымыя варыянты будучага, па меншай меры ў традыцыйных сферах чалавечых ведаў. Тым не менш кожнае наступнае пакаленне людзей сутыкаецца з новымі, часам зусім нечаканымі абставінамі, якія патрабуюць своечасовага і станоўчага вырашэння. Гэтыя жыццёвыя навацыі бясконца турбавалі мысленне, а імкненне да прадбачання нараджала вялікую колькасць варыянтаў варожбаў, прадказанняў.

Перад тым як закласці новы дом ці пчальнік, трэба было выбраць зручнае / спрыяльнае месца. З гэтай мэтай на працягу трох начэй выконвалі шэраг дзеянняў, па выніках якіх прымалі канчатковае рашэнне. Перад адпраўленнем сватоў, напярэдадні вечарам, маці клала ў двары некрануты бохан хлеба, а раніцай па яго стану “расшыфроўвала” інфармацыю-прадказанне: калі хлеб застанецца некранутым -- сватанне будзе ўдалым, калі ж хлеб быў пагрызены -- лічылі, што такое адказнае мерапрыемства лепей адкласці. Акрамя таго, у некаторых рэгіёнах, напрыклад у Гродзенскай вобласці, існавала няпісанае правіла: перш чым засылаць сватоў, свацця (ладная, гаваркая жанчына) і маці жаніха кіраваліся “ў даведкі” -- своеасаблівую разведку, каб загадзя папярэдзіць нявесту і яе бацькоў аб маючым адбыцца візіце гасцей, а таксама і самім атрымаць папярэднюю згоду ад іншага боку. Калі ў жаніха не было роднай маці, то з візітам кіравалася хросная маці жаніха ці якая-небудзь швагерка. Звычайна «ў даведкі» ці «прывідкі» ішлі ў аўторак днём, каб у чацвер засылаць сватоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter