Не стрыжыце пазногці ў аўторак і чацвер

Пазногці ў адпаведнасці з народнымі ўяўленнямі нараўне з валасамі і зубамі з’яўляліся цэнтрам жыццёвых сіл чалавека. Нашы продкі лічылі, што праз пазногці можна ажыццявіць як станоўчае, так і адмоўнае ўздзеянне на чалавека. Таму стрыжка, захоўванне і утылізацыя пазногцяў строга рэгламентавалася.

 * На працягу першага года жыцця дзіцяці забаранялася стрыгчы пазногці: маці павінна была іх адкусваць, а потым спальваць. Лічылася, што ў адваротным выпадку дзіцяці можна “адрэзаць” (адсекчы) яго шчаслівы лёс. Першы раз стрыгчы дзіцяці пазногці павінен быў менавіта бацька або дзед.
* На працягу ўсяго жыцця забаранялася стрыгчы пазногці  ў аўторак і чацвер, інакш на пальцах будуць задзірыны. Таксама лічылася, што скура вакол пазногцяў будзе задзірацца ў тых, хто парушае забарону працаваць па нядзелях, а таксама ў тых, хто выцірае рукі аб абрус.
* Пазногці, якія былі састрыжаны, забаранялася выкідваць: іх трэба было спаліць, або закапаць у зямлю, або пусціць па вадзе.
* Сярод усходніх славян доўгі час існаваў звычай зрэзаныя пазногці на працягу ўсяго жыцця збіраць у адмысловы мяшочак, каб пасля смерці пакласці ў труну з памерлым. Гэтае патрабаванне ў поўнай меры датычылася і валасоў. Лічылася, што ў замагільным свеце трэба будзе даць строгую справаздачу за кожны свой волас і пазногаць.
* Паводле аднаго беларускага падання, у бусла быў ператвораны чалавек, які раскідваў свае пазногці і валасы. У іншай легендзе ідзе гаворка аб тым, што ў рай трэба будзе лезці па высокай гары, а для гэтага вельмі спатрэбяцца зрэзаныя на працягу ўсяго жыцця пазногці: яны цудам прырастуць і дапамогуць ускараскацца наверх.
* Каб дзіця не баялася навальніцы, падчас непагадзі яму адмыслова падразалі пазногці або валасы.
* Было заўважана: той, хто грыз пазногці, часцей за ўсё аказваўся злым або грубым, нястрыманым на слова і паводзіны чалавекам.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter