Безработный житель деревни в поисках бесплатной еды убил белого лебедя

Не страляйце ў белых лебедзяў

Беспрацоўны вясковец у пошуку дармавой ежы забіў... белага лебедзя
Гэты выпадак, прызнаўся намеснік начальніка Магілёўскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Радкевіч (на здымку), агаломшыў не толькі жыхароў пасёлка Гадылёва Быхаўскага раёна. Інспектары, якiя нямала пабачылі за гады службы, таксама былі ўражаны, даведаўшыся, што беспрацоўны вясковец у пошуку дармавой ежы забіў... белага лебедзя, які плаваў у мясцовым вадаёме, цешачы дзяцей і дарослых. Але скарыстацца здабычай не паспеў: неабыякавыя землякі зараз жа патэлефанавалі абаронцам прыроды.

Беспрацоўны вясковец у пошуку дармавой ежы забіў... белага лебедзя


— Сяргей Уладзіміравіч, напэўна, не я адна спадзяюся, што варвара пакараюць па ўсёй строгасці. Але мне вось што яшчэ цікава: браканьеры ведаюць, што адказ за злачынства будзе суровы, але ўсё роўна расчахляюць стрэльбы. Спадзяюцца «праскочыць»?


— Хутчэй за ўсё так. На «справу» ж яны выходзяць ноччу або на досвітку, многія маюць прыборы начнога бачання, добрыя біноклі, дарагую зброю. Для адных паляванне — спосаб забіць асабісты маразільнік або зарабіць на продажы дзічыны, для іншых азарт, выкід адрэналіну. Я не супраць, калі ўсё гэта робіцца ў рамках закона, а вось пераступаць яго не рэкамендую. Толькі ў гэтым годзе наша інспекцыя выявіла звыш 1.100 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, больш за сорак чалавек адкажуць за свае злачынствы ў крымінальным парадку. Так што рана ці позна, але нават самы хiтры і прадбачлівы, як яму здаецца, браканьер з кімсьцi з нас сустрэнецца. А жыхара Гадылёва, які застрэліў лебедзя, чакае адміністрацыйнае пакаранне і сур’ёзны штраф. Шчыра скажу, не кожны мацёры браканьер адважыўся б на такое. А яны ж людзі, мякка кажучы, не сентыментальныя: здаралася, што і стрэльбы на інспектараў настаўлялі, і з нажом кідаліся.


— Аднойчы бачыла, як каля трасы Магілёў—Бабруйск з зямлi гандлююць рыбай. Таксама браканьеры?


— Не выключана. І мы практычна ўсіх такіх прадаўцоў у твар ведаем, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягвалі не раз. Наогул, тыя, хто займаецца незаконнай рыбалкай, часцей за ўсё «працуюць» у групе. Адзін пiльнуе на трасе і, калі ўбачыць аўтамабіль з інспектарамі, адразу падае сігнал. Другі ў машыне сядзіць, каб тут жа сарвацца з месца. Стараемся перахітрыць. Да прыкладу, нелегальныя рыбаловы, вывучыўшы графік нашай працы, вырашылі: панядзелак для іх дзень бяспечны, бо мы ў пачатку тыдня падводзім вынікі за папярэднi. Але пралічыліся: менавіта ў гэты дзень нядаўна ў вёсцы Следзюкi Быхаўскага раёна накрылі двух чалавек, якія зарабляюць з сеткамі. Узважылі ўлоў — атрымалася без малога восемдзясят кілаграмаў. А гэта ўжо артыкул Крымінальнага кодэкса. Пакрыць шкоду, зразумела, таксама прыйдзецца: склаў ён 56 мільёнаў рублёў.


— З браканьерамі, мяркуючы па статыстыцы, сёння ледзь ці не спаборнічаюць незаконныя парубшчыкi.


— Чатырыста такіх парушальнікаў мы тармазнулі. Высеклі яны каля двух тысяч кубоў лесу. Пасягаюць нават на карэльскую бярозу, якую на фондавых біржах па кілаграме прадаюць. У Беларусі яна занесена ў Чырвоную кнігу, расце далёка не ўсюды і ўсе яе пасадкі пад пастаянным кантролем. Прывязку да мясцовасці не даю спецыяльна, адзначу толькі, што спробы ссекчы і перапрадаць каштоўнае дрэва ў Расiі былі. У асноўным на прыроду пасягаюць мясцовыя жыхары, але трапляюцца і гастралёры. Нядаўна вось затрымалі жыхароў Аршанскага раёна, якія вырашылі назапасіцца ў нас елкай і сасной. Паспелі ссекчы дзвесце кубаметраў дзелавой драўніны, калі іх узялі з доказамі злачынства. Лес, вядома, канфіскавалі плюс яшчэ штраф 130 мільёнаў рублёў, якія пайшлі на пагашэнне шкоды. Усяго ж з пачатку года кампенсацыя за нанесены прыродзе ўрон склала каля 1 мільярда 400 мільёнаў рублёў.

Пытанні задавала Святлана Маркава


svet.markova@gmail.com

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter