Хор былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў “Судьбы” з Першамайскага раёна Мінска правёў Урокі мужнасці ў Санкт-Пецярбурзе і Хельсінкі

Не старэюць душой

Хор былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў “Судьбы” з Першамайскага раёна Мінска правёў Урокі мужнасці ў Санкт-Пецярбурзе і Хельсінкі


Хор “Судьбы” ў гасцях у піцерскіх курсантаў

“Не фашызму! Дзяцінства — без вайны!” — такую культурна-патрыятычную міжнародную акцыю задумалі ды ўвасабляюць у жыццё гэтыя няўрымслівыя, маладыя душою мінчане. На гэты раз іх шляхі павялі ў Санкт-Пецярбург, а потым і ў Хельсінкі. У Піцеры харыстаў цёпла сустракалі актывісты ветэранскай арганізацыі, у ліку якіх і землякі-беларусы. “Мы ехалі ў нікуды, а прыехалі — як дадому! — душэўна казала кіраўніца хору Галіна Змушко. — Тут сустрэлі нас родныя людзі: Галіна Леанідаўна Карасёва і Аляксандр Антонавіч Станкевіч”. Размова ішла на прыёме беларусаў у Савеце Санкт-Пецярбургскай грамадскай арганізацыі ветэранаў (пенсіянераў, інвалідаў) вайны, працы, ваеннай службы і праваахоўных органаў.

Тут варта патлумачыць, што кіраўніцтва хору — дарэчы, па наводцы аўтара гэтых радкоў і супрацоўнікаў рэдакцыі газеты “Голас Радзімы” — адправіла з Мінска ліст на імя старшыні Савета генерал-маёра Васілія Валабуева. Просьба ж была канкрэтная: пасадзейнічаць з размяшчэннем калектыву, знайсці аўдыторыі, гледачоў для выступлення. Спрацавалі піцерцы аператыўна і зладжана. І калі калектыў тут жа, амаль услед за пісьмом, выехаў у Санкт-Пецярбург — мінчан там ужо чакалі. Іх сустрэлі адказны сакратар Савета ветэранаў Галіна Карасёва і старшыня камітэта па міжнародным супрацоўніцтве палкоўнік запасу Аляксандр Станкевіч — ён нарадзіўся і вырас у Беларусі. Гэтыя людзі добра разумеюць, як няпроста ветэранам здзяйсняць такія пераезды. Таму і акружылі іх увагай.

Гасцей з Мінска чакаў аўтобус на чыгуначным вакзале і цёплыя абдымкі піцерцаў, для іх гаспадары арганізавалі цікавую экскурсію па горадзе, а пасялілі  харыстаў у гасцініцы Дома ветэранаў. Увечары ў Савеце ветэранаў адбылося чаяванне з абменам думкамі па шырокім коле пытанняў. На сустрэчу, дарэчы, былі запрошаны і кіраўнікі пецярбургскіх раённых арганізацый былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў.

У Дзень вайсковай славы Расіі — а ён прысвечаны, як вядома,  знакамітаму вайсковаму параду 7 лістапада 1941 года на Краснай плошчы — хор “Судьбы” правёў Урок мужнасці для курсантаў Інжынерна-тэхнічнага інстытута Ваеннай акадэміі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэн­ня імя генерала арміі А. Хрулёва. Дарэчы, акцыю “Не фашызму! Дзяцінства — без вайны!”  харысты пачыналі ў Мінску, у Ваеннай акадэміі Беларусі — а праз год сустрэліся з вайскоўцамі-курсантамі ўжо ў Піцеры. Ветэраны дзяліліся ўспамінамі, чыталі вершы пра суровы ваенны час. Дэманстравалі дакументальны фільм “Асвенцым” выпуску 1945 года, які прывезлі з сабой. Гучалі ваенныя песні, песні пра вайну і творы пра Расію ды Беларусь.

Завяршыўся Урок мужнасці песняй “Бухенвальдскі набат”, хвілінай маўчання і зваротам удзельнікаў хору “Судьбы” да курсантаў. Тыя, хто быў на сустрэчы, змаглі адчуць душэўны боль, які праз усё жыццё нясуць былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў.

На наступны дзень мінчан даставілі ў марскі порт, і яны адпра­віліся ў Фінляндыю: там быў працяг культурна-патрыятычнай акцыі. А праз двое сутак хор “Судьбы” вярнуўся ў Піцер, выканаўшы творчую задачу ў Суомі — і яшчэ раз выступіў у горадзе. На гэты раз была сустрэча з навучэнцамі гімназіі №70 Петраградскага раёна, пасля чаго новыя сябры з Савета ветэранаў Санкт-Пецярбурга правялі іх дадому.


Ад рэдакцыі


“Дадому вярнуліся вельмі стомленыя, але ж і вельмі шчаслівыя, — напісала ў рэдакцыю па электроннай пошце кароткую справаздачу Галіна Змушко. — У Піцер прыбылі 6 лістапада ў 8.00. Нас сустрэлі , зрабілі 5-гадзіную экскурсія па горадзе, а ў 16.00 быў прыём у офісе Савета ветэранаў. 7 лістапада — Урок мужнасці, акцыя, чаяванне з курсантамі ў Ваеннай акадэміі. 8-га піцерскія сябры адвезлі нас на паром. 9-га фіны сустрэлі: экскурсія, абед, засяленне, прыём у піўным бары. 10-га  былі два выступленні ў дамах сіньёраў, 11-га ўдзельнічалі ў свяце на пароме. 12-га — Урок мужнасці ў гімназіі №70 Петраградскага раёна Санкт-Пецярбурга і ў 17.56 адправіліся ў Мінск”. Кіраўніца хору дзякуе супрацоўнікам рэдакцыі за падтрымку праекта, наладжванне сувязі з землякамі-беларусамі з Піцера і дадае: “Усе сустрэчы праходзілі на вышэйшым узроўні! Наш зямляк Аляксандр Антонавіч Станкевіч падставіў не два пляча, як абяцаў, а нават больш: арганізаваў усе мерапрыемствы і прысутнічаў на іх. І зямляк Васіль Іванавіч Шалак быў на першай сустрэчы”. У планах хору “Судьбы” — наведаць з выступленнямі да Новага года і Маскву. Аўтобус у ветэранаў — за кошт беларускіх спонсараў. А хто з землякоў там узяўся б правесці круглы стол акцыі “Не фашызму! Дзяцінства — без вайны!”з запрашэннем прадстаўнікоў тых месцаў, дзе яна ўжо праходзіла? Чакаем сустрэчных прапаноў!

Васіль Матырын, г. Санкт-Пецярбург

Голас Радзімы № 46 (3454), чацвер, 10 снежня, 2015 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter