Не стала Валянціна Грыцкевіча

У Беларусі, дакладней, у беларускай гуманітарна-мастацкай літаратуры ёсць, здаецца, толькі тры такія сваяцкія “брэнды”: браты Гарэцкія, браты Грыцкевічы і браты Луцкевічы. З іх першыя і трэція ўжо даўно адышлі ў вечнасць. А 4 сакавіка пакінуў нас і адзін з Грыцкевічаў, Валянцін Пятровіч. У энцыклапедычным даведніку “Сузор’е беларускага памежжа”, які рыхтуецца да друку, ён прадстаўлены наступным чынам: “Доктар гістарычных навук, краязнавец, грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў Расіі”.

Валянцін Грыцкевіч[Жыццёвыя і навуковыя шляхі Анатоля і Валянціна Грыцкевічаў многа ў чым падобныя. Абодва генетычна звязаны са Случчынай, абодва нарадзіліся ў Мінску (Валянцін — 30 сакавіка 1933 года), абодва скончылі пасля дзесяцігодкі па тры аднолькавыя вышэйшыя навучальныя ўстановы: замежных моваў, медыцынскую і гістарычны факультэт БДУ. І толькі ў сталым узросце лёсы іх разышліся: па сямейных абставінах Валянцін пераехаў у Ленінград, дзе працаваў спачатку старшым навуковым супрацоўнікам Ваенна-медыцынскага музея, а потым — дацэнтам і прафесарам Ленінградскага (цяпер Пецярбургскага) інстытута культуры.
Шматлікія навуковыя працы Валянціна Грыцкевіча прысвечаны гісторыі беларускай медыцыны (кандыдацкая дысертацыя, кнігі “З факелам Гіпакрата”, “Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая”), біяграфістыцы вучоных і падарожнікаў (“Падарожжы нашых землякоў”, “Дзесяць шляхоў з Вільнюса”, “Нашы славутыя землякі”, “Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна”, “Эдуард Пякарскі” і іншыя). У апошнія гады ён працаваў над гісторыяй музейнай справы ў свеце і выдаў першую яе частку, вывучаў таксама беларускія перасяленні ў Сібіры.
“Памёр самы слынны беларус Пецярбурга” — напісалі яго сябры на сайце “Беларусы Пецярбурга”. Ён трохі не дажыў да свайго 80-годдзя. Яго ведалі многія нашы суайчыннікі. Шмат часу і энергіі Валянцін Грыцкевіч аддаваў грамадскай працы. У 1989-м ён быў арганізатарам, стаў старшынёй Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Ленінградзе (Пецярбургу), потым — членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, Рускага геаграфічнага таварыства і Пецярбургскага таварыства гісторыі медыцыны… Пералік можна было б доўжыць.
Страта Валянціна Грыцкевіча для мяне балючая ўдвайне. Мы як сааўтары разам напісалі кніжку пра заходнееўрапейскіх падарожнікаў “Шляхі вялі праз Беларусь”, і сёлета меліся падрыхтаваць другое выданне. Разам зрабілі некалькі артыкулаў для маскоўскіх і мінскіх часопісаў, разам удзельнічалі ў міжнародных кангрэсах беларусістаў і навуковых канферэнцыях. Майго сябра не стала. Але засталіся жыць яго кнігі, якія карыстаюцца попытам як у бібліятэках, так і ў кнігарнях, асабліва сярод краязнаўцаў.

Адам Мальдзіс

На здымку:
Валянцін Грыцкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter