Не садзiцеся пад бэлькай у хаце

Усякi пачатак мае свой працяг, якi можа быць расцягнуты на доўгi час, i гэты працяг часам не суправаджаўся спецыфiчнымi абрадавымi дзеяннямi. Напрыклад, пачатак жнiва суправаджаўся абрадам асвячэння першага снапа. А далей была паўсядзённая манатонная праца, эмацыянальным аздабленнем якой былi толькi песнi жнеек. I толькi заканчэнне жнiва, яго фiнальная эмацыянальна-вытворчая кропка зноў-такi мела абрадавае афармленне. Уся гэта паслядоўнасць была характэрная i для будаўнiчага абраду. Вянок за вянком мужчыны ўзводзiлi жытло, шчыльна падганяючы бярвеннi, перакладваючы iх мохам, iх завiханнi нiчым асаблiвым не адрознiвалiся ад звыклай працы жанчын на жнiве. I толькi пасля таго, як будзе пакладзены дванаццаты вянок, у будаўнiцтве хаты наступiць выключна важны момант — укладванне бэлек, на якiх будзе трымацца столь. Каб зразумець, чым абумоўлена ступень важнасцi бэлькi ў будаўнiчым абрадзе, звернемся да яго зместу, зазiрнуўшы ў недалёкае мiнулае.

А ў кажуху — усякага дабра
Як толькi мужчыны канчаткова падганялi бэльку да месца, яны спачатку апускалi яе на зямлю, клалi на мох i чакалi, пакуль гаспадыня пачне выконваць даволi адказны рытуал: возьме стары кажух, пакладзе ў кiшэнi хлеб, асвячоную соль, кавалак смажанага сала, качан капусты i ў шкляным посудзе гарэлку або пiва. Кажух перавязвалi лыкам i прывязвалi да бэлькi. Пасля гэтага бэльку падымалi i ўкладвалi на прыгатаванае месца, замацоўвалi клiнамi. Адзiн з цесляроў браў сякеру, падыходзiў да падвязанага кажуха i перасякаў лыка. Гаспадыня стаяла ўнiзе i лавiла падаючы “абрус-самабранку”. Усе прыпасы даставалi з кажуха, гасцей запрашалi за стол, i распачыналася яшчэ адна рытуальная трапеза ў шматдзённым абрадзе будаўнiцтва хаты.
У гэтым цiкавым абрадзе была закладзена шматгранная сiмволiка. Перш-наперш, узгадаем кажух — сiмвал пладавiтасцi i багацця. Згорнуты кажух — сiмвал светабудовы, пачатку жыцця, адзiнства мужчынскага i жаночага пачаткаў, вечнага адраджэння. Кажух быў не проста згорнуты — ён быў напоўнены (як будучае жытло чалавека) прадуктамi сялянскага харчавання, кожны з якiх выконваў i сiмвалiчна-абрадавую ролю. Соль выкарыстоўвалася як адзiн з лепшых абярэгаў ад кепскага вока (“соль таму ў вочы, хто дабра нам не хоча”), хлеб — галоўны сiмвал сялянскага дабрабыту. I ўсё ж, бадай, самую галоўную функцыю выконваў качан капусты. У вясельнай абраднасцi беларусаў быў вядомы танец з удзелам маладых з такой жа назвай. Услед за жанiхом i нявестай станавiлася iх радзiна, яны бралiся за рукi, затым кожная наступная пара праходзiла пад рукамi суседнiх пар, клалi рукi на плечы — утваралася нешта накшталт тоўстай вяроўкi, якая, пачынаючы з маладых, “закручвала” вакол сябе ўсiх астатнiх. Утвараўся цi то клубок, цi то качан, якi сiмвалiзаваў i працяг, i бясконцасць. Сiмволiка качана ў будаўнiчым абрадзе i танцавальнай фiгуры ў вясельным абрадзе тоесная.
З “зямлi” —  да “паднябесся”
Усё гэта сведчыць пра тое, што роля бэлькi ў прасторы хаты была вельмi важнай. Яна завяршала (замыкала, вянчала) жыллёвую прастору хаты i адначасова служыла мяжой або асновай для ўзвядзення горняга, верхняга свету, хатняга “паднябесся”. А тая прастора, прамежак часу або рытуальны прадмет, якi сiмвалiзаваў мяжу памiж светам жывых i “светам” памерлых, станам або становiшчам, заўсёды мелi сакральна-магiчны характар i да iх былi асаблiвыя, мiстычна афарбаваныя адносiны. Калi ў хаце памiраў чалавек, на бэльцы выразалi або пiсалi яго iмя. Зразумела, што праз некалькi дзесяцiгоддзяў жыцця сям’i ў хаце бэлька ператваралася ў кнiгу памяцi, у свяшчэннае радавое дрэва, станавiлася скрыжалямi гiсторыi роду. Менавiта па гэтай кнiзе памяцi “запрашалi” ў дом душы памерлых продкаў у днi каляндарных ушанаванняў: напрыклад, на восеньскiя Дзяды.
Упершыню давялося сутыкнуцца з далёка неабыякавымi адносiнамi да сiмвалiчнай мяжы ў сялянскай хаце ў 1981 годзе у в.Скрыгалаў Мазырскага раёна. На працягу некалькiх дзён мы запiсвалi ад Фёдара Iосiфавiча Вяргуна цудоўныя казкi. Уздоўж сцяны ад двара, блiжэй да акна, стаяў невялiкi столiк, на якi мы ставiлi магнiтафон, клалi блакноты, ручкi, каб занатоўваць асобныя яго рэплiкi. Насупраць нас мы паставiлi стул для гаспадара. I раптам адбылося нечаканае. Дзядуля пачаў уважлiва ўглядацца ў столь, а потым хiтравата сказаў: “Не, дарагiя, мне сюды садзiцца яшчэ рана”. Мы паглядзелi на столь, затым на падлогу, але не заўважылi нiчога небяспечнага. Тады дзядуля Фёдар патлумачыў: “Жывому пад бэлькай садзiцца нельга — доўга не пражывеш”. Аказваецца, дзед углядаўся, каб убачыць шэраг цвiкоў, якiмi да бэлькi былi “падшыты” дошкi столi. Яны закрывалi бервяно, таму казачнiк так уважлiва ўглядаўся, каб дакладна вызначыць праекцыю на падлогу. На наша пытанне: “А як жа люльку (зыбку) з дзiцем мацавалi да бэлькi?” — Фёдар Iосiфавiч патлумачыў: “А там дзiця можна было трымаць толькi да таго часу, пакуль яно пачне хадзiць”.
На даху — конь замест птушкi
Назаўтра цесляры клалi апошнi вянок зруба, трынаццаты, да якога потым будуць мацавацца кроквы для даху. Як толькi будзе ўмацаваны апошнi вянок, гаспадыня падавала цеслярам мiсу з зернем. Адзiн з майстроў абыходзiў зруб па перыметры i сыпаў зерне па абодва бакi сцен. Пры гэтым ён жадаў гаспадарам шчасця, здароўя, багацця.
Пасля прыступалi да ўзвядзення даху. На Беларусi да гэтага часу iснуюць дзве формы даху — двухскатны i адзiн з самых старажытных — чатырохскатны, яго называюць чубам. Стык двух скатаў замацоўвала бервяно, якое называлi канёк, або князёк. Чаму здарылася так, што выява менавiта каня, а не, напрыклад, птушкi завяршала ўзвядзенне хаты? Прычын таму магло быць некалькi. Па-першае, конь быў адным з самых блiзкiх памочнiкаў чалавека; па-другое, конскую галаву даволi часта прыносiлi ў ахвяру духу новабудоўлi: яе закопвалi пад парогам. Нарэшце, па-трэцяе, у мiфалогii, а затым i ў чарадзейных казках менавiта конь, а не птушка ў iмгненне вока мог перанесцi героя з аднаго царства ў iншае. Напрыканцы будаўнiцтва гаспадары накрывалi багаты святочны стол, за якi запрашалi цесляроў, сваякоў, суседзяў. Пасля гэтага ў будаўнiцтве хаты рабiўся непрацяглы перапынак, каб зруб даў “усадку”. I толькi праз нейкi час пачнецца абжыванне ўнутранай прасторы хаты. Трэба будзе пакласцi столь, падлогу, скласцi печ, уставiць вокны. Толькi позняй восенню сям’я зможа перасялiцца ў новую будынiну.
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter